З “Загор’я” — у Еўропу

Общество

Станочнік Алег Ліневіч – адзін з найбольш вопытных работнікаў вытворчага майстарскага ўчастка “Загор’е”

Амаль палову валютнай выручкі ад экспартных паставак, якія ажыццяўляе Чэрвеньскі лясгас, забяспечвае вытворчы майстарскі ўчастак “Загор’е”. Год таму тут аптымізавалі вытворчасць, перайшоўшы на 12-гадзінны працоўны дзень і сямідзённы працоўны тыдзень. Гэта дазволіла ўтрая павялічыць аб’ёмы перапрацоўкі драўніны і істотна падвысіць рэйтынг сярод аналагічных участкаў, якія ёсць у лясгасах Міншчыны.

– Зараз на вытворчасці заняты 50 чалавек, – распавёў начальнік участка Валерый Майко. – Вырабляем абразны і неабразны піламатэрыял, палетную дошку, штыкетнік, акораны кол. Прадукцыя экспартуецца ў Германію, Бельгію, Латвію, Літву. Асобныя яе віды карыстаюцца ўстойлівым попытам і на ўнутраным рынку, у тым ліку – у насельніцтва.
Замежныя спажыўцы пераважна адны і тыя ж: буйныя фірмы, якія набываюць нашу прадукцыю праз таргі на біржы.
Каб прывабіць кліентаў, мы адкрылі ўласную мытную зону. Транспарт, які вывозіць піламатэрыялы на экспарт, прыязджае на тэрыторыю ўчастка, грузіцца, пламбіруецца. На месцы перавозчык атрымлівае ўвесь неабходны пакет суправаджальнай дакументацыі…
Як зазначыў галоўны інжынер лясгаса Антон Зелянкевіч, попыт на прадукцыю ўчастка істотна перавышае яго вытворчыя магутнасці. А таму наспела неабходнасць мадэрнізацыі. Пакуль што купілі пагрузчык “Амкадор” і станок для абрэзкі абзы. У далейшых планах – набыццё комплексу сучаснага дрэваапрацоўчага абсталявання. Зараз справа знаходзіцца на стадыі абрання яго пастаўшчыка. Прапрацоўваюцца варыянты прыцягнення замежных крэдытных рэсурсаў. А пакуль работнікі цэха падтрымліваць у парадку старыя вытворчыя будынкі і абсталяванне.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *