Яму знаёмая тут кожная сцяжынка…

Общество

Знітаваўшы свой лёс з лесам яшчэ ў мінулым стагоддзі, памочнік ляснічага Натальеўскага лясніцтва Уладзімір Губіч адданы яму вось ужо больш за 35 гадоў. А неўзабаве пасля прафесійнага свята ён адзначыць асабісты шасцідзесяцігадовы юбілей.

Азіраючыся на пройдзены шлях, Уладзімір Уладзіміравіч кажа, што зараз і не ўяўляе, як па-іншаму магло б скласціся яго жыццё. На неабсяжных лясных абшарах, дзе знаёмая кожная сцяжынка, ён адчувае сябе сапраўдным гаспадаром. А ў шуме лістоты разгалістых дрэў, што зліваецца з птушыным шчабятаннем, чуе адметную, не кожнаму вуху падуладную, мелодыю. І ў зімовую сцюжу, і ў летнюю спёку лес для яго аднолькава прыгожы.
Улюбёны ў сваю прафесію, Уладзімір Губіч разам з калегамі старанна зберагае і памнажае дадзенае прыродай багацце. Нездарма калектыў Натальеўскага лясніцтва шмат разоў прызнаваўся лепшым на Міншчыне па выкананню вытворчых паказчыкаў.
Як і пераважная большасць вясковых хлапчукоў, Валодзя Губіч змалку прыахвоціўся хадзіць у навакольныя лясы роднай Тылькаўкі, што на Бярэзіншчыне. Акрамя збірання грыбоў і ягад, бавіў час з дзядзькам на паляванні. Ды і бацька яго меў блізкі да лесу занятак – працаваў на смалярні.
Але па-сапраўднаму жаданне стаць лесаводам саспела падчас тэрміновай службы ў войску.
– Акурат пасярод лесу стаяла наша сакрэтная, адзіная такая ў Савецкім Саюзе, вайсковая частка супрацькасмічнай абароны, – узгадвае Уладзімір Губіч. – Тут і вырашыў паступаць у Полацкі лясны тэхнікум. Дзяжурачы па начах на камандным пункце, рыхтаваўся да ўступных экзаменаў. Праўда, дакладна не ведаў, што вучыць. Але аднойчы мяне заспеў за чытаннем камандзір часці. На раніцу выклікаў да сябе. Думаў, сварыцца будзе, а ён працягнуў спіс неабходных для падрыхтоўкі прадметаў і тэм…
У 1979 годзе Уладзімір Губіч паспяхова здаў іспыты ў Полацкі лясны тэхнікум. Праз два з паловай гады атрымаў “чырвоны” дыплом майстра-лесавода і быў размеркаваны ў родныя мясціны – Высакагорскае лясніцтва Бярэзінскага лясгаса.
– Ад дома да працы было тры кіламетры, – распавядае Уладзімір Губіч. – Улетку дабіраўся ў лясніцтва на ўласным матацыкле, узімку – на калгасным кані… Гаспадарка была вялікая – амаль 12 тысяч гектараў лесу. За чатыры гады паспеў не толькі майстрам папрацаваць, але і выконваючым абавязкі ляснічага…
З нашым раёнам Уладзімір Губіч парадніўся ў 1985 годзе, дзякуючы жонцы Зінаідзе, якая дзяўчынай прыязджала з Чэрвеня ў Тылькаўку да бабулі, а потым стала яго абранніцай. З тае пары шчыруе ён у Натальеўскім лясніцтве. Сем гадоў – майстрам лесу і вось ужо чвэрць стагоддзя – памочнікам ляснічага.
Калі вымяраць працоўны стаж Уладзіміра Уладзіміравіча колькасцю лесу, створанага пад яго кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле, то атрымаецца прыкладна 5 тысяч гектараў. Для параўнання: уся тэрыторыя Натальеўскага лясніцтва складае крыху больш за 6 тысяч гектараў. А першыя пасаджаныя тут пры ім дрэвы ўжо хутка дасягнуць спеласці.
З памятнага-перажытага Уладзімір Губіч найперш прыгадвае самыя напружаныя моманты працы. Сярод іх – моцны тарфяны пажар ля вёскі Валадута ў 1992 годзе і ўраган 2010 года, калі на тэрыторыі лясніцтва было знішчана 760 гектараў лесу толькі скразной высечкай…
Прыемнымі клопатамі напоўнена асабістае жыццё Уладзіміра Уладзіміравіча. Два маленькія гарэзы-ўнукі – Ваня сына Сяргея і Паша дачкі Наталлі – не даюць дзеду сумаваць. Пакуль яшчэ рана загадваць, як складуцца іх лёсы. А, мо, і з лесам знітуюцца?

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Яму знаёмая тут кожная сцяжынка…

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *