Сядзіба ветэрана працы Алены Драздовіч

Общество

Смілаўчан і гасцей пасёлка ўражвае прыгажосцю, а я б сказаў і ўрачыстасцю, дамок, які месціцца на скрыжаванні вуліц Горкага і Даватара. Ён вядомы ў нас пад назвай “Сядзіба Драздовічаў”. Гаспадарыць тут Алена Браніславаўна Юн (Драздовіч). Нягледзячы на шаноўны ўзрост, а ёй пайшоў ужо 81-ы год, Алена Браніславаўна актыўны, арганізаваны і камунікабельны чалавек. Гэтыя якасці сфарміраваліся ў выніку 40-гадовай працы галоўным бухгалтарам у сістэме адукацыі былога СССР. Яна — прадбачлівая ў справах, чулая ў адносінах да людзей. Гэтыя рысы падкрэсліла мне жонка яе брата Таісія Міхайлаўна Драздовіч. А сама Алена Браніславаўна зазначыла:

— Люблю з дзяцінства працаваць на зямлі, ствараць прыгажосць, яркае, запамінальнае. Чым больш кветак, тым больш задавальнення, спакою, шчасця…

Шчыруе на сядзібе яна не адна. Найперш генерыруе ідэі, праекты. У іх ажыццяўленні дапамагаюць дачка Жанна, гарадскія браты Алег і Валодзя, унукі. Але галоўнае яна робіць сваімі рукамі.

На сядзібе вабяць арыгінальныя кветнікі, туі, ружы, кожнае дагледжанае дрэўца і кусцік. Усё тут да месца, мае сваё прызначэнне ў агульным ансамблі. Гэта і стварае самавітую прыгожую карціну.

Частку сядзібы займае агарод. Сёлета тут раслі бульба, агуркі, памідоры, перцы і іншыя культуры. За выдатны догляд расліны аддзякавалі гаспадыню высокім ураджаем.

Шмат чаму можна павучыцца ў шаноўнай Алены Браніславаўны. Увогуле адзначу, што смілавіцкія ветэраны працы з’яўляюцца прыкладам для моладзі ва ўсіх справах. Алена Браніславаўна гаворыць:

— Мы імкнемся перадаць эстафету руплівай працы, дабра, прыгажосці нашым нашчадкам, новым пакаленням. Няхай паспяхова працягваюць нашы справы, ствараюць новую лепшую будучыню…

Ветэранская арганізацыя Смілавіцкага сельскага Савета вылучыла сядзібу Алены Браніславаўны Драздовіч на раённы конкурс сядзіб  пенсіянераў.

Іван ЯРАШЭВІЧ, старшыня ветэранскай арганізацыі Смілавіцкага сельскага Савета. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *