Нарада акрэсліла арыенціры педагагічнай працы

Общество

Начальнік раённага аддзела адукацыі, спорту і турызму Ларыса Асановіч, галоўны спецыяліст аддзела Людміла Сакава і дырэктар Лядзенскага дзіцячага сада-сярэдняй школы Ірына Змачынская бралі ўдзел у рэспубліканскай педагагічнай нарадзе. Карэспандэнт газеты сустрэлася з Ларысай Валянцінаўнай і папрасіла адказаць на пытанне: «Што  зацікавіла ў рабоце нарады?»

— Прыемна, што нас дэлегіравалі на гэты высокі педагагічны форум. Ірына Мікалаеўна Змачынская ўдзельнічала ў ім як прадстаўнік Каардынацыйнага савета па пытаннях адукацыі пры Міністэрстве адукацыі ад Мінскай вобласці. Дарэчы, у гэты Савет яна была абрана пасля наведванння міністрам адукацыі Чэрвеньскага раёна, які даў высокую адзнаку рабоце раённага аддзела адукацыі.

Як кожнаму кіраўніку, які працуе ў сістэме адукацыі, мяне радуе, што на такім ўзроўні звяртаецца ўвага на яе развіццё. Гэта вельмі важна, таму што выхаванне будучага пакалення — адзін з прыярытэтных накірункаў нашай дзейнасці і развіцця краіны ў цэлым.

Парадавала тое, што Міністэрства адукацыі скрупулёзна адпрацоўвае ўсе падручнікі і вучэбныя дапаможнікі. Улічаны пажаданні настаўнікаў-прадметнікаў па іх стварэнню. Да 2018 года плануецца стварыць  увесь пакет падручнікаў, насыціць яго  практыка арыентаванымі заданнямі. У аўтарскі калектыў па стварэнню падручнікаў і дапаможнікаў увайшлі не толькі вучоныя,  а таксама настаўнікі-практыкі.

Прынята рашэнне з 2017-2018 вучэбнага года аб пераходзе на навучанне з 9 гадзін раніцы. Таму мы перагледзелі ўжо час падвозу дзяцей у школы, згодна з гэтым адкарэкціраваны аўтобусныя маршруты.

Акрамя таго, у рамках рэкамендацый, якія ёсць у санітарных нормах і правілах па ўтрыманню ўстаноў адукацыі, плануем час да пачатку заняткаў выкарыстоўваць пад пазашкольныя мерапрыемствы. 

Абмяркоўвалася тэма дзесяцібальнай сістэмы ацэнкі вучнёўскіх ведаў. Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што сёння гэта не асноўнае пытанне, якое неабходна вырашаць. Акрамя таго, за апошні час назапасіўся вопыт выкарыстання дзесяцібальнай сістэмы і многія педагогі выказаліся за тое, што гэта больш аб’ектыўная сістэма, якая дазваляе дакладней ацаніць веды. Аб гэтым гаварылася і падчас работы ў групах, і на агульным пасяджэнні. Педагогі, якія працуюць не так даўно, самі ацэньваліся па гэтай сістэме. Яна стала ўжо звыклай.

Абмяркоўвалася і пытанне працоўнага выхавання школьнікаў. Было адзначана, што дзеці павінны набываць якіясьці працоўныя навыкі, павінны ўмець сябе абслугоўваць. Што тычыцца прыцягнення вучняў да сельгасработ, Міністэрства адукацыі настойвае на тым, каб выключыць аказанне школьнікамі шэфскай дапамогі сельгаспрадпрыемствам у выглядзе ўборачных работ. Гэта пытанне будзе вырашацца на ўзроўні раённага выканаўчага камітэта і толькі са згоды бацькоў. У нас сельскагаспадарчы раён, многія бацькі не супраць, каб дзеці папрацавалі, пытанне гэта будзем вырашаць. Акрамя таго, у нас склалася за доўгія гады цеснае супрацоўніцтва з сельгаспрадпрыемствамі раёна па пастаўцы агародніны ў школьныя сталовыя, што робіць абеды вучняў таннейшымі.

Зацікавілі пытанні, якія тычыліся пазакласнай і выхаваўчай работы, арганізацыі правядзення шостага школьнага дня.

На выставе, якая дзейнічала падчас нарады, быў прадстаўлены разнастайны і шматлікі вопыт работы педагогаў і выхавальнікаў, як па вучэбных прадметах,  факультатыўных занятках, так і па выхаваўчай рабоце, з якім мы мелі магчымасць пазнаёміцца. Нам пашчасціла прыняць актыўны ўдзел у гэтай выставе. Мы прапанавалі педагогам вопыт выхаваўчай работы калектыву дзіцячага сада №1 г.п.Смілавічы. Выстава зацікавіла педагогаў.

Аляксандр Лукашэнка пажадаў усім — педагогам, настаўнікам, выхавальнікам у першую чаргу, здароўя, здароўя  сем’ям. — Ім няпроста, — зазначыў кіраўнік дзяржавы, — таму што большую частку жыцця настаўнік аддае вучням. І канешне ж, поспехаў у працы.

Занатавала Таццяна МАРЦЬЯНАВА

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *