“КОЛАС” (Чэрвень) – “ЛІВАДЫЯ-ЮНІ” (Дзяржынск) – 6:1

Спорт

Лагойск. Гарадскі стадыён. Пераменная воблачнасць. 23 градусы. 150 гледачоў.
“Колас”: Аўраменка (Курыловіч, 73), Весялоў, Рысянкоў (Ліневіч, 24), Палтаржыцкі, Лаўрык, Чысты (Фофанаў, 68), Сувораў (Шмідаў, 69), Качаргін (Шафераў, 73), Сасункевіч (Цэдрык, 75), Півульскі (Краўчук, 67), Мрынскі.
Галы ў “Коласа”: Півульскі (13), Мрынскі (15, 66, 84), Сувораў (53), Фофанаў (70).

Пасля неспадзяванага для многіх разгрому салігорскага “Хіміка-Беларуськалія” ў другім паўфінальным матчы (5:0), футбалісты “Коласа” знаходзіліся ў баявым настроі і былі поўныя рашучасці заваяваць ганаровы трафей. Яны выкінулі з галавы і балючае хатняе паражэнне ад “Лівадыі-Юні” ў чэмпіянаце вобласці, і тое, што дзяржынцы аднаасобна ўзначальваюць турнірную табліцу гэтых спаборніцтваў пасля першага круга. Усе думкі – толькі пра перамогу. Тут і зараз.
Для поспеху шмат было зроблена напярэдадні фінальнай сустрэчы. Пры непасрэднай падтрымцы старшыні райвыканкама Андрэя Зубара ўдалося дамагчыся пераносу матча на нейтральнае поле (першапачаткова яго планавалі правесці ў Дзяржынску), а вялікая група балельшчыкаў атрымала магчымасць на двух аўтобусах выправіцца ў Лагойск.
Падтрымка чэрвеньскай тарсіды адчувалася з першых і да апошніх імгненняў гульні. Мурашкі па скуры беглі, калі заўзятары разрывалі паветра гучным “Наперад, “Колас”! Мы з табой!”. Нібыта мы дома гулялі.
Трэнерскі штаб каманды не стаў парушаць старую футбольную традыцыю, паводле якой пераможны састаў не мяняюць. Сярод стартавых адзінаццаці ігракоў не было толькі цэнтральнага паўабаронцы Глеба Захарэня, які па сямейных абставінах не прыехаў у Лагойск. Затое з’явіўся Дзмітрый Чысты.
Першыя хвіліны сустрэчы прайшлі ў роўнай барацьбе. Здавалася, што такі малюнак матча, характэрны для фіналаў, захаваецца да канца гульні. Але ўжо трынаццатая хвіліна стала шчаслівай для нашых. Кінуўшы вялікія сілы на стрымліванне ў штрафной пляцоўцы Аляксандра Мрынскага, абаронцы і галкіпер “Лівадыі-Юні” пакінулі без апекі амаль ля самых варот Андрэя Півульскага. Убачыўшы гэта, наш нападаючы выдаў яму перадачу, бы на сподачку. Праз імгненне мяч апынуўся у сетцы – 1:0.
Яшчэ праз дзве хвіліны Аляксандр сам, завалодаўшы мячом ледзь не на сярэдзіне поля, зрабіў сольны праход па праваму флангу ў штрафную пляцоўку і без шанцаў для галкіпера прабіў па варотах – 2:0!
Гульнявага часу яшчэ заставалася вельмі шмат. І таму нашы, эканомячы сілы, далей не сталі імчаць наперад на злом галавы, а свядома аддалі ініцыятыву саперніку.
Раз’юшаная няўдачай, “Лівадыя-Юні” пачала гуляць агрэсіўна. Аднойчы паміж чэрвеньцамі і дзяржынцамі нават ледзь не ўзнікла бойка. Але ігракі “Коласа” ўсёй камандай дапамаглі галкіперу Арцёму Аўраменку не прапусціць да перапынку, самаахвярна змагаючыся за кожны мяч. На жаль, не абышлося без траўм. У жорсткім адзінаборстве пашкодзіў нагу і вымушаны быў пакінуць поле Андрэй Рысянкоў, а Аляксандру Качаргіну пабілі пераноссе. Над імі па-бацькоўску завіхаўся не толькі з лекамі, але і з добрым словам урач нашай каманды і яе шматгадовы адданы прыхільнік Віктар Міхайлавіч Шэлехаў.
Па-сапраўднаму пераломны момант у гульні адбыўся ў пачатку другога тайма, калі футбалісты “Лівадыі-Юні” парушылі правілы непадалёк ад сваёй штрафной пляцоўкі. Нашы здолелі выціснуць максімум са стандартнага становішча. Пасля ўдалага навесу Дзмітрыя Чыстага, рослы абаронца Віталь Палтаржыцкі пазмагаўся з галкіперам за верхавы мяч, той адскочыў да Яўгена Суворава, які, не марудзячы, дакладна прабіў па варотах – 3:0.
Новы лік на табло, які дзяржынцам мог хіба што прысніцца ў страшным сне, відаць, канчаткова зняверыў іх у тым, што гульню яшчэ можна выратаваць. Але галоўныя для іх непрыемнасці былі наперадзе. На 58-й хвіліне адзін з ігракоў “Лівадыі-Юні” атрымаў другую жоўтую картку і пакінуў поле. Потым нашы сапернікі парушылі правілы супраць Мрынскага ў штрафной пляцоўцы, і Аляксандр з дабівання пасля выкананага ім жа пенальці ў чацвёрты раз засмуціў галкіпера дзяржынскай каманды.
Добры галявы запас дазволіў трэнеру “Коласа” Сяргею Прыступу і яго памочніку Іллі Прытыку даць магчымасць па чарзе выйсці на замену ўсім сямі рэзервістам. Адзін з іх, Кірыл Фофанаў, амаль адразу ж пасля з’яўлення на полі з перадачы Аляксандра Мрынскага зрабіў лік 5:0. А потым і сам Аляксандр забіў у вароты “Лівадыі-Юні” шосты мяч і свой трэці ў гульні.
Дзяржынцы падсаладзілі сабе пілюлю голам прэстыжу за пяць хвілін да фінальнага свістка.
А потым быў трыумф пераможцаў. Усеагульная радасць. Шампанскае ў кубку. Звон медалёў. Прыз лепшага іграка – Аляксандру Мрынскаму. Шчырая ўдзячнасць футбалістаў балельшчыкам. І працяглая фотасесія.
Гэта былі эмоцыі, якія цяжка перадаць словамі. Гэта трэба было бачыць. І для тых, хто не меў магчымасці падтрымаць каманду ў Лагойску – добрая навіна.
У суботу, 5 жніўня, у 12 гадзін на стадыёне СДЮШАР у Чэрвені адбудзецца цырымонія ўшанавання футбалістаў “Коласа” з удзелам старшыні раённага выканаўчага камітэта Андрэя Зубара. Прыходзьце павіншаваць пераможцаў!

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

Больш фотаздымкаў: Червенский футбол



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *