Адзначылі брыльянтавае вяселле

Люди и судьбы

60 гадоў разам па жыцці крочаць Ганна Мікітаўна і Канстанцін Фёдаравіч Грышановіч з вёскі Горкаўская Слабада.
Днямі яны адзначылі брыльянтавае вяселле. Разам з юбілярамі гэтую адметную падзею святкавалі іх родныя і блізкія. Хата поўнілася радасцю, весялосцю.

Канстанцін Фёдаравіч нарадзіўся ў 1936 годзе ў вёсцы Карма Асіповіцкага раёна ў сялянскай сям’і. З дзевяці дзяцей быў самым малодшым. Бацька памёр у 1942 годзе. З дзяцінства захавалася ў памяці, як вялікая сям’я сядзела за сталом. Елі ўсе з адной міскі. Здаралася, што і па ілбе лыжкай атрымлівалі, калі хто сваволіў. А яшчэ тое, як у вайну ад немцаў бег разам з мамай у суседнюю вёску…
— Пасля вайны скончыў чатыры класы, — распавёў Канстанцін Фёдаравіч, — і пайшоў працаваць у калгас. Далі каня і плуг. З дванаццаці гадоў зарабляць на жыццё давялося. Да 1952 года коньмі «руляваў». Як шаснаццаць гадоў споўнілася, пайшоў вучыцца ў МТС на прыцэпшчыка. Працаваў некаторы час. Тады ў войска прызвалі. Трапіў у Кіеў, пасля перакінулі ў Славянск. Сем месяцаў адслужыў і мяне камісавалі, бо да войска працаваў на ільноцерабілцы і атрымаў траўму нагі. А ў войску нагрузкі фізічныя вялікія, нага пачала балець, пухнуць.
У Горках жылі мой брат Коля і сястра Наста, яна была замужам за Міхаілам Каўкам (пляменнік Аляксея Канстанцінавіча Каўкі — вядомага беларускага гісторыка і літаратуразнаўцы, доктара філалагічных навук, кандыдата гістарычных навук). Прыехаў аднойчы ў госці да сястры, убачыў Ганну. Спадабалася яна мне. Нават і не заляцаўся, адразу ў сваты прыехаў. Брат Коля і швагер Міша Каўка прывялі да дзяўчыны. Так і затрымаўся ў яе на цэлых шэсцьдзесят гадоў…
— Нарадзілася я ў 1932 годзе, — далучылася да размовы Ганна Мікітаўна. — Я чацвёртае дзіця ў сям’і. У семімесячным узросце засталася без маці. Яе забілі. Вось як гэта было. На хутары ля Зенанполля мы жылі. У той час ва Украіне панаваў голад. Адтуль людзі наязджалі сюды да нас, глядзелі, дзе чым пажывіцца. А мы жылі заможна: конь быў, гаспадарка ўся. Паглядзелі гэтыя ўкраінцы на наш падворак. Тады праз некаторы час з’явіліся позна ўвечары. На бацьку пісталет наставілі, загадалі легчы на падлогу. А мама з вядром па ваду хацела ісці, на парозе яе і забілі…
Мяне адразу забрала да сябе бацькава цётка ў Горкі. У іх з мужам дзяцей не было. Як падрасла, хадзіла ў саўгас на палявыя работы, пазней шмат гадоў даяркай працавала. У 1946 годзе памёр цёткін муж. Праз некалькі гадоў цётка злягла. Трэба было яе даглядаць. Дапамагалі мне жанчыны нашы з вёскі. Адзін раз яна ўпала, зламала нагу. У 1956 годзе цётка памерла. Засталася я адна.
Праз год пасля смерці цёткі я сабралася з’ехаць з вёскі ў Мінск. На работу, праўда, яшчэ хадзіла. Карову прадала, парасё закалола… А тут гэтыя сваты. Прыехалі, пабылі і паехалі, а Косця адразу і застаўся. Я раніцай на работу пабегла, а ён ходзіць па двары. Суседзі ўбачылі, думалі, мо злодзей які, не ведалі ж яшчэ яго. Вось так і пажаніліся…
Канстанцін Фёдаравіч пачаў працаваць у гаспадарцы конюхам. Стайня была вялікая, коней — дзясяткі тры. У 1962 годзе скончыў курсы механізатараў і сеў на трактар. Далі яму ЮМЗ-6. Трыццаць гадоў адрабіў. На пенсію выйшаў у 55-гадовым узросце. Ды і на пенсіі работы хапала. Гаспадарку ўвесь час трымалі.
У іх сям’і нарадзілася тры дачкі: Вольга, Зіна і Таццяна. Вольга скончыла тэхнікум, мае спецыяльнасць бухгалтара. Працавала тут ў гаспадарцы. У яе дзве дачкі і сын.
Дачка Грышановічаў Зіна жыве ў Капылі. У яе двое дзяцей. Таццяна памерла ў 39-гадовым узросце. Таксама жыла ў Капылі. Ад яе засталіся сын і дачка.
Усяго было на жыццёвым шляху юбіляраў. Але ні разу не пасварыліся. Аднойчы ледзь не памерла Ганна Мікітаўна. З сардэчным клапанам праблемы былі. Усё ж выкарабкалася з хваробы. Брат Саша на «хуткай» у Мінску працаваў, дапамагаў. Як дрэнна было зусім, прыязджаў, адвозіў у Мінск у бальніцу…
Пасля гэтага перайшла з фермы працаваць у сталовую. Адтуль і на заслужаны адпачынак выйшла. Самае галоўнае — заўсёды побач быў муж. Уважлівы, клапатлівы, спагадлівы. Дзесяць гадоў жанчына з «хадунамі». Асноўныя клопаты па догляду за жонкай ён узяў на сябе. Падтрымлівае ва ўсім. Яны і зараз усё самі робяць у хаце і на падворку. І ўсюды ў іх парадак. І кветнік перад хатай ёсць, і грады ў парадку. У хаце — ідэальная чысціня. Палавічкі, звязаныя клапатлівымі рукамі Ганны Мікітаўны, вышываныя накрыўкі, пакрывалы. Яна і зараз займаецца вязаннем.
Падчас нашай размовы зазірнула суседка Грышановічаў Наталля Воранава:
— Я тут вырасла, побач з гэтай сям’ёй. Зараз у хату маіх бацькоў прыязджаю як на дачу. Захаваліся ў нас добрыя сяброўскія адносіны з суседзямі. Калі што трэба, заўсёды прыйдуць на дапамогу. Прыязджаю вясной, у хаце маёй холадна, запросяць да сябе, маўляў, пакуль ты напаліш, ды цёпла стане ў хаце, начуй у нас. Ганна Мікітаўна дык і пуховую коўдру дастане. І накормяць. Вельмі добрыя людзі, гасцінныя.
У Горкаўскай Слабадзе і ў Горках жывуць родныя Грышановічаў: сястра Канстанціна Фёдаравіча Марыя Кубар і жонка брата Мікалая Марыя Грышановіч (яны былі ўжо «гераінямі» нашых публікацый, — аўт.).
У ліпені ў сям’і Грышановічаў шмат сямейных святаў. Дні нараджэння ў праўнукаў — двайняшак, у Макаркі, у Канстанціна Фёдаравіча. А сёлета яшчэ і брыльянтавае вяселле. Штогод у ліпені яны збіраюцца ўсе разам. І святы адзначыць, і пабачыцца адно з адным. Сёлета Ганна Мікітаўна адзначае і 85-годдзе.
Віншую вас, шаноўныя Ганна Мікітаўна і Канстанцін Фёдаравіч, з юбілеям сумеснага жыцця. Жадаю моцнага здароўя, дабрабыту і даўгалецця.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *