Прыгажосць сваімі рукамі

Общество

Даўно заўважана: там, дзе на двары парадак і прыгажосць, там і ў хаце чысціня, дабрабыт, паразуменне, душэўныя адносіны. Гэтак, як у вёсцы Хутар Лядзенскага сельсавета на падворку сям’і Людмілы і Ігара Фінскіх.

Тут агарод дагледжаны адмыслова, ёсць міні спартыўны гарадок, садовыя арэлі, дзве альтанкі для шашлыкоў і адпачынку ў летнюю спёку, маленькі вадаём з пальмамі і кракадзіламі. Уражваюць басейн і шмат разнастайных кветак.
Ёмкасць для басейна прыкмеціў Ігар Валер’евіч, калі працаваў у сельгаспадарцы. Набыў з дазволу старшыні частку жалезнай трубы дыяметрам 2 метры, зрабіў дыхтоўны падмурак пад яе, лесвічку для зручнасці. Вострыя канцы па кругу прыкрыў гумай. Шыкоўная ванна атрымалася. Для плавання, канешне, месца мала, але акунуцца пасля лазні ці ў спёку вельмі прыемна. За сезон разы тры мяняе ваду. Выкарыстаную злівае на грады.
Ігар Валер’евіч увогуле чалавек надзейны, заўсёды трымае слова. На вяселлі з прыгажуняй Людмілай паабяцаў праз год пабудаваць дом — і ў 1993 годзе сям’я згуляла наваселле. На сваім падворку ён з любай жонкай Людмілай і архітэктар, і выканаўца.
-Усё стваралася не толькі дзеля прыгажосці, а больш для камфорту і зручнасці, — кажа Ігар. — Падрастаў сын Раман, хацелася, каб рос спрытным і мужным. Разам з ім змайстравалі турнік, спартыўнага каня, гімнастычныя брусы, трэнажор-качалку. Амаль усе хлапчукі вёскі займаліся тут, развівалі сябе фізічна. Зараз наш сын служыць у Віцебску у славутай паветрана-дэсантнай дывізіі. У складзе батальёна разведроты прымаў удзел у святочным ваенным парадзе ў Мінску на Дзень Незалежнасці. Я таксама дэсантнік, служыў у Сярэдняй Азіі. Дваццаць пяць гадоў адпрацаваў у раённым аддзеле па надзвычайных сітуацыях. Цяпер на пенсійным адпачынку, але працую па меры магчымасці і неабходнасці.
Сям’я Фінскіх трымае вялікую хатнюю гаспадарку. Ёсць кароўка, адзіная на ўвесь правастаронні Хутарскі пасёлак, свінні, куры, раней трымалі і каня. Руплівыя, працавітыя людзі. У мінулым годзе на свяце вёскі Хутар іх падворак быў прызнаны лепшым. Ад старшыні сельвыканкама атрымалі ў падарунак тую. Яна ўжо прыжылася ў двары. Прыгажосць на падворку стваралася паступова, шмат дапамагалі дзеці.
Цяпер бацькі з нецярплівасцю чакаюць у госці сына Рамана і дачку Вераніку з зяцем і маленькім унучкам.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *