Памяць перажытае захоўвае

Люди и судьбы

Кажуць, што з гадамі чалавек найбольш яскрава ўспамінае тое, што было ў далёкім дзяцінстве і юнацтве. Якія ўспаміны захаваліся ў Ганны Пятроўны РУНЦО, якая ў пяць гадоў пачула страшэннае слова «вайна?…»

— Нарадзілася я 9 мая 1936 года ў вёсцы Калодзежы. Бацька перад вайной працаваў брыгадзірам на будаўніцтве дарогі з Мінска праз Чэрвень на Беразіно і Магілёў. Вучыўся завочна на пракурора. Ён быў родам з Дубнікоў. Мама працавала ў сельскай гаспадарцы. У сям’і я была самая старэйшая, яшчэ быў брат Валодзя з 1938 года і сястра Ліда з 1941 года. Зараз іх няма ўжо ў жывых.
Да вайны мы жылі ў Калодзежах, а тады, як пачалася вайна, пайшлі да татавай маці ў Дубнікі. Свёкар яшчэ да вайны паехаў на заробкі ў Амерыку.
Бацька з іншымі патрыётамі арганізоўвалі партызанскі атрад. Маміна сястра жыла ў пасёлачку (быў такі маленькі паміж Плецявішчам і Дубнікамі), напаліла лазню, тата прыйшоў з двума сваімі паплечнікамі памыцца. Гэта летам было.
Памыліся, зайшлі ў хату. Тут нечакана паліцаі абкружылі яе і пачалі страляць. У сцяне было вакенца, яны выскачылі і пабеглі па бульбе. Тату і аднаго яго паплечніка забілі, а трэці ўцёк. Пахавалі іх у адной труне ля дарогі на Плецявішча. Прывярнулі вялікі камень…
Свякруха з бацькавай сястрой Лідай выгналі нас з хаты. Паліцаі пачалі да іх наязджаць. Мамін дзядзька Андрэй, брат бабульчын, сказаў: «Куды хочаш дзявайся, забірай дзяцей і ідзі».
Мама пайшла ў партызаны. Мяне ўсю вайну гадавала сям’я мамінага брата ў Машчаліна. Брат мой Валодзя — у Плецявішчы ў мамінай сястры жыў, а Ліду мама аддала сястры з Калодзежаў, у якой таксама была нованароджаная дачушка. Цётка карміла іх абедзвюх.
Маму звалі Анастасія Іванаўна Рунцо. Расказвала пазней нам, падлеткам, як ваявалі, дарогі падрывалі. Яна і на заданні хадзіла разам з мужчынамі, і даглядала параненых, і есці варыла, і хлеб пякла. Як была жывая, пра яе пісала раённая газета, тады яна называлася «Уперад».
Скончылася вайна. Было цяжка. Вучыцца не давялося. Рабіла я і на паляводстве, і даяркай. Назбірала крыху грошай і купіла сабе дом у Чэрвені, уладкавалася на хлебазавод, дванаццаць гадоў там адрабіла. У ПМК «Сельспецмантаж» даільныя апараты мыла. У трэцяй школе прыбіральшчыцай працавала, у РБУ-8 падлогу мыла. У лясгасе нараўне з мужчынамі працавала…
Пазней знайшоўся мне чалавек, сышліся жыць. Нарадзіліся ў нас дачка і сын. Мама з намі жыла. Хварэла шмат. Ногі вельмі балелі, язва страўніка была. Адгукнуўся ваенны час, пражыты ў лесе, на балоце. У бальніцу ні за што не хацела ехаць. Пасля яе смерці з мужам пераехалі на маю радзіму ў Калодзежы.
Дачка і сын жывуць у Чэрвені. Унукі ў мяне ёсць. Цяпер жыву адна. Дзякуй Богу, яшчэ сама сябе гляджу. Курэй трымаю. Да суседак іншы раз заходжу. Зараз лета, цёпла і жыць весялей…

Фота Таццяны МАРЦЬЯНАВАЙ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *