Дэлегацыя з Кітая наведала рыбгас «Волма»

Общество

Супрацоўнікі трох кітайскіх кампаній, якія возьмуць удзел у будаўніцтве пад Рудзенскам, што ў Пухавіцкім раёне, буйнога біятэхналагічнага аграпрамысловага комплексу, азнаёміліся з тым, як наладжана вытворчасць у нашай рыбаводчай гаспадарцы і пачаставаліся юшкай.

Як распавёў “Раённаму весніку” прадстаўнік будучага комплексу Данііл Урыцкі, у яго склад увойдзе цэлы шэраг заводаў. Сярод іх – завод па вытворчасці незаменных амінакіслот – лізіну, трыяніну, трыптафану, а таксама – завод па перапрацоўцы рапсу і завод, які будзе вырабляць камбікорм для буйной рагатай жывёлы, свіней, курэй і рыбы.
Апошняй акалічнасцю і было выклікана наведванне кітайскімі спецыялістамі рыбгаса “Волма”. Задаючы шмат пытанняў, яны стараліся да драбніц зразумець спецыфіку вытворчасці тут рыбы, каб улічыць патрэбы беларускіх рыбаводчых гаспадарак у відах і якасным складзе кармоў і пад гэтыя патрэбы спраектаваць самы сучасны завод з разлікам патрабаванняў заўтрашняга дня.
— Мяркую, што будучы камбікормавы завод зможа прапанаваць заказчыкам больш якасную і танную прадукцыю, чым тая, якой яны карыстаюцца зараз, – адзначыў Данііл Урыцкі. – За апошнія дваццаць гадоў кітайцы ажыццявілі сапраўдную рэвалюцыю ў харчовай галіне, накарміўшы паўтара мільярда насельніцтва, і зараз экспартуюць прадукты харчавання. Вялікі прарыў зроблены і ў рыбаводстве. Там для яго выкарыстоўваюць кожную рачулку, кожную невялікую сажалку. А, дзе сажалак няма, выкопваюць іх і вырошчваюць рыбу. Таму кітайскі досвед можа быць нам карысны…
— Спадзяюся, што новыя вытворцы камбікорму створаць годную канкурэнцыю камбінатам хлебапрадуктаў, – сказаў у гутарцы з нашым карэспандэнтам галоўны рыбавод рыбгаса “Волма” Эдуард Бадылевіч, – А, калі камбікорм стане таннейшым, то, адпаведна, знізіцца сабекошт вырошчвання рыбы і, як вынік – цана яе рэалізацыі. Гэта, у сваю чаргу, зробіць нашу сажалкавую прадукцыю больш канкурэнтаздольнай.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *