Ляціце, галубы, ляціце…

Общество

Гэта радкі з папулярнай у савецкія часы песні. Быў і мастацкі фільм з такой назвай пра рамантычнага юнака, які займаўся развядзеннем гэтых птушак. Паглядзеўшы гэтае добрае кіно, шмат падлеткаў захапіліся падобнай справай. Нямала іх было і ў Чэрвені. З цягам часу гэты занятак адышоў ў нябыт, але некаторыя і па сённяшні дзень знаходзяць у гэтым задавальненне.

Адзін з іх — Анатоль Дармасюк. Яму — шэсцьдзесят пяць гадоў.
— Сваіх першых пярнатых сяброў завёў яшчэ ў пятым класе, калі мы з бацькамі пераехалі ў Чэрвень з Бярэзінскага раёна, — расказвае Анатоль ….— Бывала, калі прагульваў урокі ці атрымліваў дрэнныя адзнакі, бацька папярэджваў, што за мае ўчынкі выпусціць птушак на волю. Таму я стараўся, як мог.
Потым, калі з”явілася сям”я, нарадзіліся дзеці, маё захапленне неяк адышло на другі план. Але ніколі не пакідала мяне мара: калі выйду на пенсію — абавязкова завяду галубоў. І вось яна збылася.
Цяпер у мяне жыве 300 галубоў, больш за дваццаць парод: паштовыя, паўліны, манахі, луганскія, омскія, варонежскія і іншыя. Я пабудаваў для іх дзве двухпавярховыя драўляныыя вежы, аддаў ім палову старога дома, дзе жылі бацькі маёў жонкі. Вельмі ўдзячны сваёй жонцы Тамары за разуменне майго захаплення, на якое выдаткоўваю немалыя грошы. На зіму я закупіў 30 мяхоў рознага зерня: пшаніцы, кукурузы, проса, ячменю. Пясок таксама ім патрэбны. Ачышчаць памяшканне ад памёту трэба рэгулярна, мяняць ваду, праводзіць дэзінфекцыю. Работы хапае кожны дзень. Прыбыткаў ад такога занятку амаль няма, хоць і каштуе на рынку парка галубоў да 150 рублёў. У Беларусі галубятнікаў не так многа, як у Расіі. Там нават часопіс выходзіць «Голубеводство», адбываюцца фестывалі, конкурсы, дзе вызначаюць самых прыгожых і хуткасных галубоў. Чэмпіён па хуткасці можа ляцець больш за 1500 метраў у хвіліну. Голуб вельмі верная і адданая птушка. У мяне былі выпадкі, калі малады голуб, куплены на рынку, якога я пратрымаў амаль год пад замком, вылятаў на волю і знікаў у напрамку ранейшага жытла. Да мяне таксама вярталіся мае выхаванцы. Сем’і ў іх трывалыя, яны не мяняюць спадарожнікаў. Цікава і прыемна назіраць за імі: душа напаўняецца спакоем, радасцю, лёгкасцю.

Запісала Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *