Вечар юбілейны. І выпускны

Общество

Першых навучэнцаў школа прыняла ў жніўні 1952 года. У той час гэта была толькі музычная школа. Яе наведвалі ўсяго 65 вучняў, працавала 5 педагогаў. Было толькі чатыры музычныя інструменты — баян, акардэон, фартэпіяна і домра.
Зараз дзіцячая Школа мастацтваў — гэта тэатральнае, мастацкае, эстраднае, харэаграфічнае і самае вялікае — музычнае аддзяленні. Яе вучні стараюцца праявіць сябе ў конкурсах, фестывалях, раённых мерапрыемствах. Многія праслаўляюць школу ў рэспубліцы і за яе межамі.

Святочнае мерапрыемства, прысвечанае юбілейнай даце навучальнай установы, і выпускны вечар адбыліся на мінулым тыдні ў Чэрвеньскім раённым цэнтры культуры і адпачынку. Распачалі яго выступленнем ансамбля скрыпачоў пад кіраўніцтвам выкладчыка Святланы Кузьміч.
Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася дырэктар Галіна Прышывалка. Яна адзначыла, што за 65 гадоў школай пройдзены вялікі шлях.
— Гэтыя гады не былі роўнай дарогай і для педагогаў, і для навучэнцаў, — сказала Галіна Мікалаеўна. — Былі і праблемы, якія мы вырашалі, і памылкі, якія мы спраўлялі, з-за якіх мы засмучаліся. Былі і поспехі, і смелыя эксперыменты, і сапраўдныя перамогі. І галоўны вынік — выпускнікі — яркія і таленавітыя. У гэтым вялікая заслуга нашых мудрых, цярплівых, чулых, адказных і адданых музыцы педагогаў”.
Намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька, звяртаючыся да ўдзельнікаў урачыстасці, сказала:
— Нашай школе сёння — 65. Тут дзеці далучаюцца да чароўнага свету музыкі, танцаў, жывапісу. Спасцігаюць тэатральнае майстэрства. Менавіта мастацтва з’ўляецца культурнай спадчынай любога народа, менавіта яно робіць чалавека больш духоўным і добрым, а таму і больш шчаслівым. Мова мастацтва — ўніверсальная, праз яе людзі разумеюць адзін аднаго. Выкладчык, які вучыць дзіця мастацтву, робіць добрую справу — ён выхоўвае чалавека духоўным і высакародным.
Ад імя райвыканкама Ала Шахоцька ўручыла Ганаровую грамату за добрасумленную працу, значную работу па далучэнню дзяцей да музыкі, актыўную творчую дзейнасць і ў сувязі з 65-годдзем заснавання дзіцячай Школы мастацтваў настаўніку па класу духавых інструментаў Алегу Калесніку. Падзякі старшыні Чэрвеньскага райвыканкама — ветэранам працы: настаўніку па класу фартэпіяна — Таццяне Чыстай і настаўніку тэарэтычных дысцыплін Людміле Дарагуж.
Падчас свята ўшанавалі і ветэранаў працы, якія сорак і болей гадоў аддалі Школе мастацтваў. Гэта настаўнікі па класу баяна: Ліма Тукай, Тамара Пракапенка, настаўнікі па класу баяна і акардэона: Лілія Ларыёнава, Людміла Мукавозчык, настаўнік тэарэтычных дысцыплін Таццяна Цыгановіч. 13 гадоў адпрацавала ў Школе мастацтваў настаўнік па класу харэаграфіі Наталля Захарчук.
Людміла Мукавозчык звярнулася да выпускнікоў:
— Вы прайшлі першы рубеж. Наперадзе — выбар прафесіі. Хтосьці звяжа яго з мастацтвам, а хтосьці і не. Я жадаю, каб вашы мары здзейсніліся, было моцным здароўе, шчасця вам і поспехаў.
У гэтым годзе ў Школе мастацтваў для маленькіх дзяцей ва ўзросце ад чатырох да сямі гадоў была адкрыта студыя ранняга эстэтычнага развіцця «Вясёлыя ноткі» (кіраўнік Валерыя Цімохіна). У ёй праходзілі заняткі па трох накірунках: вакал, харэаграфія і тэатральная дзейнасць.
Сёння выхаванцы студыі робяць першыя крокі ў канцэртнай дзейнасці. Да ўсеагульнай радасці яны спявалі і танцавалі. Падтрымлівалі іх ігрой на акардэоне Мікалай Мяшкоў і ансамбль цымбалістаў, за фартэпіяна была Ганна Новікава.
Падчас урачыстага канцэрта сваё майстэрства прадэманстравалі ансамбль гітарыстаў пад кіраўніцтвам Юрыя Калесніка, дуэты піяністаў у складзе Дар’і Лаўрык, Ганны Новікавай і выкладчыка Маргарыты Коршунавай, Валерыя Янчэўская і харэаграфічны калектыў «Ігуменскія зорачкі» (кіраўнік Кіра Белякова), ансамблі флейтыстаў пад кіраўніцтвам Алега Калесніка і цымбалістаў «Версаче» пад кіраўніцтвам Веранікі Грышкевіч, вучаніца тэатральнага аддзялення Кацярына Гурыновіч, вучні эстраднага аддзялення (кіраўнік Ала Карась).
Галіна Прышывалка ўручыла першакласнікам Дыпломы за поспехі ў музыцы. Граматы за поспехі ў навучанні і актыўны ўдзел у жыцці школы атрымалі і вучні старэйшых класаў, Граматы за актыўную канцэртную дзейнасць і ўдзел у конкурсах — ансамбль «Версаче», харэаграфічны калектыў «Ігуменскія зорачкі» і настаўнік мастацкага аддзялення Таццяна Пянкрат.
Шэраг навучэнцаў тэатральнага, мастацкага, дэкаратыўна-прыкладной творчасці і музычнага аддзяленняў таксама атрымалі Дыпломы за ўдзел ў розных конкурсах.
Кульмінацыяй свята стала ўручэнне пасведчанняў аб заканчэнні Школы мастацтваў. Іх атрымалі: Ганна Новікава (пасведчанне з адзнакай), Дар’я Мінчанка, Кацярына Смаглюк, Ігар Харытановіч, Юлія Яхімовіч (клас фартэпіяна), Анастасія Балоціна (пасведчанне з адзнакай) і Дар’я Саўко (клас гітары), Ганна Зазека, Даная Маліноўская (клас скрыпкі), Яна Даноўская (эстрадны вакал), Уладзіслаў Борбут (клас саксафона і гітары), Ангеліна Мініч і Дар’я Харытановіч (харэаграфічнае аддзяленне), Уладзіслаў Буй (клас баяна), Ганна Мішына (мастацкае аддзяленне), Анастасія Касцевіч (клас камп’ютарнай музыкі).
Ад імя выпускнікоў слова ўзяла Юлія Яхімовіч:
— Мне выпала пачэсная місія — павіншаваць усіх выпускнікоў, настаўнікаў са святам. У першую чаргу мы ўдзячны менавіта вам, шаноўныя настаўнікі. За ваша цярпенне, за карпатлівую працу, любоў і клопат пра нас. Вы дапамагалі нам расці, навучылі нас не толькі чуць і разумець музыку, але і ўзнаўляць яе сваімі рукамі.
Завяршыўся вечар выступленнем вучняў эстраднага аддзялення і вакальнага ансамбля вучняў дзіцячай Школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Дзімохінай.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *