«Космас Івана Міско»

Общество

Так называецца выстава, якая пачала работу ў мінулы аўторак у Чэрвеньскім краязнаўчым музеі. На ёй прадстаўлена каля пяцідзесяці фотаздымкаў касманаўтаў, людзей, якія маюць непасрэднае дачыненне да космасу, скульптур і скульптурных партрэтаў, выкананых ў розныя гады Іванам Якімавічам Міско, Заслужаным дзеячам мастацтваў БССР, Народным мастаком Беларусі, лаўрэатам Дзяржаўнай прэміі СССР. Узнагароджаны мастак медалём Францыска Скарыны, Ганаровай граматай Вярхоўнага Савета БССР.

Выстава разгорнута ў гонар Алега Навіцкага — трэцяга касманаўта-беларуса. На яе запрасілі маму Алега Віктаравіча — Валянціну Эдуардаўну. Адкрыў выставу аўтар. Разам з ім у госці да чэрвеньцаў прыехалі мастацтвазнаўца, кандыдат філалагічных навук Міхаіл Паўлавіч Кенька, сябар, асабісты сакратар і фатограф скульптара і бізнесмен Алег Сцяпанаў.
Аб жыццёвым і творчым шляху Народнага мастака распавялі дырэктар музея Алена Забаронак і Міхаіл Кенька.
Нарадзіўся скульптар на Слонімшчыне 22 лютага 1932 года ў вёсцы Чамяры. У дзяцінстве захапіўся маляваннем. Паступіў у Мінскае мастацкае вучылішча на аддзяленне жывапісу. Але аднойчы зазірнуў у скульптурны клас і ўразіўся тым, як паслухмяная чалавечым рукам гліна ажывае, ператвараючыся ў аб’ёмны малюнак…
Жаданне ствараць аб’ёмныя партрэты і прывяло маладога мастака да рашэння перайсці на скульптарскае аддзяленне. Вучыўся ў Андрэя Бембеля і Аляксея Глебава. У Беларусі да таго часу ўжо склалася свая школа скульптуры. Было ў каго павучыцца, было што пераняць з творчага вопыту старэйшых.
У 1957 годзе Іван Міско скончыў Мінскае мастацкае вучылішча, пасля яго — Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут (цяпер Беларуская акадэмія мастацтваў). Усё жыццё займаецца скульптурай.
Паспяхова складваўся творчы лёс мастака. Ён удзельнічае ў выставах і конкурсах. Вядомасць яму прынеслі манументальныя помнікі маці-патрыёткі Анастасіі Купрыянавай у г.Жодзіна (1975 г.) і Максіму Горкаму ў Цэнтральным дзіцячым парку г.Мінска (1981 г.) Абодва створаны ў садружнасці са скульптарамі М.Рыжанковым і А.Заспіцкім і архітэктарам А.Трафімчуком.
Зараз майстэрня скульптара знаходзіцца на вуліцы Інтэрнацыянальнай у гістарычным цэнтры Мінска. Гэта яго творчы цэх, дзе нараджаюцца новыя творы мастака. На шматлікіх паліцах — кампазіцыі на касмічную тэму, скульптурныя партрэты розных знакамітых людзей…
Космасам мастак захапіўся з таго часу, як на арбіту быў запушчаны першы спадарожнік. Даведаўшыяся аб гэтым, Іван Міско намаляваў чалавека, які адпраўляе ў палёт першы спадарожнік. Потым у космас паляцелі людзі…
У тыя гады касманаўты здаваліся людзьмі асаблівымі, а іх работа — фантастыкай. Іван Міско марыў пабываць у Зорным гарадку — там, дзе яны жывуць і рыхтуюцца да палётаў…
Трагічная гібель Юрыя Гагарына 27 сакавіка 1968 года болем адгукнулася ў сэрцах людзей. У дзень яго пахавання, калі ў майстэрні скульптара гучала жалобная музыка, Іван Якімавіч працаваў над скульптурным партрэтам касманаўта. За адзін дзень ён завяршыў гэтую працу.
Партрэт убачыла маці Юрыя Гагарына Ганна Цімафееўна. Яна пажадала мець яго на радзіме сына. У дзень, калі адзначаўся 70-гадовы юбілей з дня нараджэння першага касманаўта, гэты партрэт, адліты ў бронзе, быў перададзены музею г.Гагарына як дар беларускага народа. У гэты ж дзень там адкрылася і персанальная выстава работ Міско на касмічную тэму.
Скульптурны партрэт Гагарына паклаў пачатак цэлай галерэі партрэтаў герояў космасу. Потым былі партрэты першага касманаўта-беларуса Пятра Клімука і другога касманаўта-беларуса Уладзіміра Кавалёнка. Скульптурны партрэт і трэцяга касманаўта-беларуса Алега Навіцкага свораны мастаком.
Збылася мара Івана Міско — ён трапіў у Зорны гарадок. Там ён пазнаёміўся з іншымі касманаўтамі, меў магчымасць назіраць за іх трэніроўкамі, сустракаў з палётаў… Якраз у тыя гады пачыналася падрыхтоўка да палётаў па праграме «Інтэркосмас». Мастак стварыў цэлы цыкл скульптурных партрэтаў замежных касманаўтаў…
Іван Міско расказаў прысутным аб стварэнні некаторых скульптурных кампазіцый і партрэтаў, аб людзях, не толькі касманаўтах, што былі героямі яго твораў, прыгадаў некалькі гумарыстычных эпізодаў з творчага жыцця. Мастак адказаў на шматлікія пытанні прысутных.
У Чэрвені выстава будзе экспанавацца больш месяца. Як адзначыў Іван Якімавіч: «Хочацца, каб пасля палёту, прыехаўшы на радзіму, Алег Навіцкі наведаў яе. Пасля выстава будзе экспанавацца ў родных мясцінах касманаўтаў Пятра Клімука і Уладзіміра Кавалёнка. Пазней — адправіцца ў Зорны гарадок».

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *