Яна тройчы ўдзельнічала ў выставе дасягненняў народнай гаспадаркі

Люди и судьбы

Аб Валянціне Савельеўне Калтовіч з вёскі Рудня Астравітая, ўзнагароджанай ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга і ордэнам «Дружбы народов», папрасіў расказаць у газеце старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька. Сёння заслужаная працаўніца адзначае
85-гадовы юбілей.

Нарадзілася Валянціна Савельеўна ў вёсцы Глінішча Грабёнскага сельсавета 27 мая 1932 года ў сям’і калгаснікаў. Была самай малодшай шостай дачкой. Перад Вялікай Айчыннай вайной вучылася ў пачатковай школе. У 1944 годзе прадоўжыла вучобу ў Грабёнскай школе і ў 1949 годзе скончыла яе.
Не ўяўляла дзяўчына сваё жыццё без сельскай гаспадаркі. З маленства была прывучана да працы на зямлі, таму і спецыяльнасць абрала па душы. Паступіла ў Смілавіцкі сельскагаспадарчы тэхнікум на паляводчае аддзяленне. У 1953 годзе яго скончыла, атрымала спецыяльнасць агранома-палявода.
Накіравалі маладога спецыяліста на работу ў Чэрвеньскую МТС, калгас «Новый мир» на пасаду агранома. Праз год яе перавялі аграномам ў калгас «Победа». У гэтай пасадзе працавала Валянціна амаль 14 гадоў. З 1968 года па 1987 была брыгадзірам паляводчай брыгады і начальнікам вытворчага ўчастка. Тут і праявіліся яе здольнасці як спецыяліста і як кіраўніка. Брыгада Валянціны Савельеўны з года ў год дабівалася павышэння ўраджайнасці сельгаскультур. За высокія паказчыкі па выніках работы ў дзевятай пяцігодцы ў снежні 1973 года Валянціна Калтовіч Указам Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР узнагароджана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга.
Тройчы ўдзельнічала яна ў Выставе дасягненняў народнай гаспадаркі СССР. Узнагароджана двума бронзавымі (1975 і 1979 г.г.) і сярэбраным медалём (1980 г.) Галоўнага камітэта ВДНГ СССР за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі краіны.
Прыгадвае, што гэтыя медалі атрымала за высокую ўраджайнасць бульбы, караняплодаў і зерневых. У яе брыгадзе яна была вышэйшай нават чым сярэдняабласная. Бульбы, напрыклад, атрымлівалі па 270 цэнтнераў з гектара, зерневых — больш за 40.
За добрасумленную працу Валянціна Савельеўна ў 1982 годзе зноў была адзначана. Указам Прэзідыўма Вярхоўнага савета СССР ад 26 сакавіка 1982 года яна ўзнагароджана ордэнам «Дружбы народов».
Мае Ганаровыя граматы Чэрвеньскага райкама партыі і райвыканкама, Дыплом ІІ ступені Галоўнага камітэта ВДНГ СССР (1984 г.).
Муж Валянціны Савельеўны, Уладзімір Васільевіч, таксама аграном па адукацыі — працаваў у калгасе «Победа» спачатку аграномам-насенняводам, пасля памочнікам начальніка вытворчага ўчастка. У сям’і нарадзілася чацвёра дзяцей: старэйшы сын Аляксандр скончыў Мінскі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, працаваў інжынерам, затым інструктарам райкама партыі ў Чэрвені. Пазней пераехаў у Мінск. Тры дачкі Калтовічаў — Тамара, Святлана і Наталля атрымалі вышэйшую адукацыю, павыходзілі замуж і жывуць у Галандыі.
Як атрымлівалася ў добрасумленнай стараннай працаўніцы спалучаць працу ў гаспадарцы з выхаваннем дзяцей і вялікай грамадскай работай, застаецца толькі здагадвацца. Шмат гадоў яна была членам бюро Чэрвеньскага раённага камітэта КПБ, кандыдатам у члены Мінскага абкама партыі. Выбіралася дэпутатам Вайнілаўскага сельсавета, з 1980 па 1985 год была дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР дзесятага склікання.
Трыццаць гадоў Валянціна Савельеўна на заслужаным адпачынку. Муж пайшоў з жыцця дваццаць гадоў таму. Чым жыве зараз ветэран працы? Асаблівай работы па гаспадарцы не робіць. Карыстаецца паслугамі сацыяльнага работніка. На выхадныя чакае сына з сям’ёй. А таксама дачок на адпачынак. Радуецца стасункам з імі. Не згубіла аптымізму і пачуцця гумару, лёсам сваім задаволена. Ніколі не пашкадавала, што абрала працу на зямлі. І зямля шчодра адзякавала жанчыне за гэта добрымі ўраджаямі.
Віншуем Вас з юбілеем, шаноўная Валянціна Савельеўна! Жадаем здароўя, бадзёрасці, дабрабыту і доўгіх гадоў жыцця.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *