“Колас” (Чэрвень) – “ДЮСШ-2” (Барысаў) – 4:2

Спорт

Стартавы састаў “Коласа” ў гульні з барысаўчанамі

21 мая. Чэрвень. Стадыён СДЮШАР. Сонечна. 18 градусаў. 100 гледачоў.

“Колас”: Аўраменка (Курыловіч, 83), Весялоў, Ліневіч (Шмідаў, 66), Палтаржыцкі, Сацкоў (Аруцюнян, 83), Чысты (Ліпніцкі, 57), Блінец, Качаргін (Афаневіч, 46), Краўчук (Шафераў, 46), Сувораў (Фофанаў, 70), Мрынскі.

Галы ў “Коласа”: Мрынскі (28 – з пенальці, 31 – з пенальці, 65), Афаневіч (90).

Доўгачаканае футбольнае свята, якім традыцыйна лічыцца пачатак сезону, завітала ў нядзелю ў Чэрвень. Адданыя заўзятары “Коласа” апладысментамі сустракалі нашу каманду, якая выйшла на поле ў новай жоўта-чорнай форме. Усе адразу прыкмецілі, што цяперашнія яе колеры ўдала сімвалізуюць даўні занятак ігуменцаў – пчалярства.

Адметнасці старту сёлетняга сезона надаваў і ўнушальны заявачны спіс “Коласа” на сезон – 37 ігракоў. Такога не было нават у пазамінулы чэмпіёнскі год! І менавіта па гэтай прычыне ў пратакол на матч, які абмяжоўваецца васямнаццаццю прозвішчамі, не ўсім удалося прабіцца.

У атацы – Аляксандр Мрынскі

Паколькі ў саставе чэрвеньцаў з’явіўся шэраг новых футбалістаў, можна было прагназаваць, што наша каманда не адразу пачне зладжаную гульню. Так і сталася. Амаль паўгадзіны спатрэбілася ігракам, каб больш-менш наладзіць гульнявыя сувязі і прыглядзецца да саперніка.

Магчыма, працэс адаптацыі зацягнуўся б і на больш працяглы час, калі б не прысутнасць Аляксандра Мрынскага, які, згуляўшы напярэдадні ў Асіповічах за пінскую “Хвалю”, заехаў дахаты і не прамінуў падтрымаць каманду роднага горада.

Таленавіты нападаючы разам з партнёрами, якія дапамагалі дакладнымі перадачамі, у традыцыйнай для сябе манеры кружыў галовы абаронцам барысаўчан, вырабляючы фінты непасрэдна ў штрафной пляцоўцы. У двух момантах яго здолелі спыніць толькі з парушэннем правілаў. І абодва пенальці рэалізаваў сам Аляксандр. Трэці гол таксама забіў ён. Гэтым разам – з гульні.

Бліжэй да заканчэння сустрэчы камфортная галявая перавага нашых і адпаведны ёй лагодны настрой ледзь не абярнулася для іх непрыемнасцямі. Госці правялі дзве выніковыя контратакі, скараціўшы разрыў у ліку да мінімальнага за пяць хвілін да заканчэння сустрэчы.

Дзякуй Богу, перад самым фінальным свістком Павел Афаневіч з перадачы Аляксандра Мрынскага паставіў пераможную кропку ў гульні – 4:2.

У гэтую суботу “Колас” чакае паездка ў Салігорск на матч з сярэбраным прызёрам мінулагодняга чэмпіянату вобласці “Хімікам-Беларуськаліем.

Вынікі астатніх матчаў 1 тура: ФК “Лагойск” – ФК “Беразіно” – 3:0, “Лівадыя-Юні” (Дзяржынск) – “Нёман-ДЮСШ” (Стоўбцы) – 5:1, ФК “Нясвіж” – “Хімік-Беларуськалій” (Салігорск) – 0:1, “Фалько” (Дзяржынскі раён) – ФК “Старыя Дарогі” – 0:0.

КАЛЯНДАР ГУЛЬНЯЎ “КОЛАСА” (першы круг)

27 мая (субота)

“Хімік –Беларуськалій” (Салігорск) – “Колас”

4 чэрвеня (нядзеля)

“Колас” – “Нёман-ДЮСШ” (Стоўбцы)

10 чэрвеня (субота)

ФК “Беразіно” – “Колас”

18 чэрвеня (нядзеля)

“Колас” – “Фалько” (Дзяржынскі раён)

25 чэрвеня (нядзеля)

ФК “Лагойск” – “Колас”

1 ліпеня (субота)

“Колас” – “Лівадыя-Юні” (Дзяржынск)

8 ліпеня (субота)

ФК “Нясвіж” – “Колас”

16 ліпеня (нядзеля)

“Колас” — ФК “Старыя Дарогі”

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *