Кубак «раёнкі» — у смілавіцкіх школьнікаў

Спорт

Зборная школ г.п. Смілавічы — пераможца спаборніцтваў

Фінальным матчам паміж камандай Чэрвеньскай спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву і зборнай школ г.п.Смілавічы, які прайшоў у Чэрвені на стадыёне СДЮШАР, завяршыўся розыгрыш Кубка раёна па футболу на прызы газеты «Раённы веснік» сярод моладзі.
Гульня скончылася пераканаўчай перамогай смілавіцкіх школьнікаў — 4:2.

Старшыня фізкультурна-спартыўнага клуба пры аддзеле адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Сяргей Прыступа ўручае Кубак капітану смілаўчан Мікіту Мазаву

Ад пачатку сустрэчы стала відавочным, што смілаўчане абралі тактыку гульні другім нумарам. Аддаўшы ініцыятыву ў атацы навучэнцам СДЮШАР, яны ўдала абараняліся, не даючы сапернікам ствараць рэальныя пагрозы варотам. Да іх, па вялікаму рахунку, у першым тайме і не дайшло, калі не лічыць небяспечна выкананы штрафны ўдар.
А ў пачатку другога тайма ігракі зборнай школ выкарысталі свой шанц у контратацы: самым спрытным у штурханіне ля варот чэрвеньцаў аказаўся Яўген Лешчык. Пасля таго, як лік быў адкрыты, гульня ажывілася. Не прайшло і пяці хвілін, як Андрэй Няборскі пасля навесу з вуглавога галавой скіраваў мяч у сетку – 1:1.
Акрыленыя поспехам, футбалісты СДЮШАР працягвалі атакаваць, але смілаўчане годна трымалі абарону. Пераломным у матчы стаў мяч, які ў выніку памылкі ў абароне чэрвеньцаў забіў у пустыя вароты Дзяніс Ісаенка.
Камандзе спартшколы давялося пачаць гуляць у больш адкрыты футбол.Але нічога добрага у яе з гэтага не атрымалася. Ігракі зборнай школ упэўнена кантралявалі мяч і здолелі вызначыцца яшчэ двойчы. Спачатку Сямён Розум замкнуў навес з раёна вуглавога сцяжка, а неўзабаве Данііл Марчанка скарыстаўся няўзгодненымі дзеяннямі сапернікаў ва ўласнай штрафной пляцоўцы.
Канчатковы лік – 4:2 на карысць смілаўчан – усталяваў пад заслону матча Ягор Ваяводзін, рэалізаваўшы пенальці.
Уладальнікамі Кубка ў складзе зборнай школ г.п.Смілавічы сталі Мікіта Мазаў, Станіслаў Чапурко, Дзяніс Ісаенка, Максім Ляшук, Данііл Леванцэвіч, Аляксей Асановіч, Сямён Розум, Яўген Лешчык, Іван Маціюнас, Данііл Марчанка, Мікіта Вольскі, Павел Петракоў, Мікіта Каваленка і Канстанцін Курыла. Рыхтавалі юнакоў да турніру настаўнікі Павел Ярашэвіч і Аляксандр Янушкевіч.
Абедзве каманды ўзнагароджаны Дыпломамі і медалямі. Па два лепшыя ігракі – Мікіта Мазаў і Дзяніс Ісаенка (зборная школ г.п.Смілавічы), Эрык Аруцюнян і Уладзімір Хурсік (Чэрвеньская СДЮШАР) заахвочаны падпіскамі на газету “Раённы веснік” на трэці квартал.
Паводле рашэння арганізатараў спаборніцтваў, Дыплом і медалі за трэцяе месца будуць уручаны камандзе Смілавіцкага сельгасліцэя, якая ў барацьбе за выхад у фінал саступіла зборнай школ г.п.Смілавічы толькі па дадатковых паказчыках.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *