Сацыяльны работнік Вольга Фурс

Общество

У жніўні споўніцца дваццаць пяць гадоў, як Вольга Якаўлеўна Фурс прыйшла працаваць ў аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму ДУ «Чэрвеньскі тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва» сацыяльным работнікам.

— Мая зона абслугоўвання — вёскі Камісарскі Сад і Калодзежы, — распавяла Вольга Якаўлеўна. — Абслугоўваю восем чалавек. Штодня — дваіх. У нас ёсць пералік паслуг, якія сацыяльны работнік павінен выконваць. У прыватнасці, дастаўка паліва, вады, уборка ў памяшканні раз на тыдзень, пакупкі ў магазіне і аптэцы, дапамога ў падтрыманні асабістай гігіены. Але па просьбе кліентаў і штосьці іншае даводзіцца рабіць. Калі хварэюць нашы падапечныя, то і есці зварыць. Клопатаў хапае.
Любоў Васільеўна Холад з вёскі Калодзежы вельмі задаволена працай сацыяльнага работніка:
— Наша Волечка — выдатны чалавек і выдатны работнік. Усе мы, каго яна абслугоўвае, любім яе і паважаем. Добрасумленная і чулая, працавітая і ўважлівая, карыстаецца заслужанай павагай. Чакаем яе з нецярпеннем.
Жыве Вольга Якаўлеўна ў Любішына. Калі надвор’е дазваляе, дабіраецца ў свае вёскі на веласіпедзе. Узімку — на аўтобусе, а дадому, як прыйдзецца. Бывае, што і пехатою. А гэта адлегласць у адзінаццаць кіламетраў толькі ў адзін бок. Ніколі не лічыцца з асабістым часам. Усё, што неабходна зрабіць для людзей, — зробіць, чым дапамагчы — дапаможа.
У дваццаць гадоў яна пераехала разам з мужам і маленькай дачушкай Кацяй з забруджанага радыяцыяй Хойнікскага раёна Гомельскай вобласці на Чэрвеньшчыну, якая стала для сям’і Фурс другой радзімай. Прыжыліся тут. Муж Аляксандр працуе ў ДЭУ-121 вадзіцелем. Сына Аляксандра ў маі чакаюць з тэрміновай службы ў войсках Міністэрства ўнутраных спраў. Дачка Каця замужам, ёсць чатырохгадовая ўнучка Ксюша.
Раней займалася вязаннем, шыццём. Зараз увесь час аддае рабоце і хатнім справам.
Рашэннем райвыканкама па выніках работы за 2016 год Вольга Якаўлеўна Фурс прызнана лепшым работнікам сацыяльнай сферы. Яе фотаздымак змешчаны на раённай Дошцы гонару.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *