Ці задаволены вы якасцю медыцынскага абслугоўвання ў Чэрвеньскай бальніцы?

Общество

Ларыса СТЭЛЬМАХ, пенсіянерка:
— Нармальнае абслугоўванне, на дактароў не крыўджуся. Я рэдка самастойна хаджу па ўрачах. Калі і звяртаюся да іх, дык не ў паліклініку, а ў амбулаторыю (сама з Грабёнкі) або хуткую дапамогу выклікаю, таму пад кабінетамі амаль і не стаю.
У амбулаторыі ўвесь медперсанал ведаю. Уважлівыя, добрыя дзяўчынкі, шмат маладых.

Таццяна БАНДАРЫК, у дэкрэтным адпачынку:
— Усё залежыць ад таго, да якога доктара трапіш на прыём. У Чэрвені майму першаму дзіцяці паставілі дысплазію ног, папярэдзілі, што хадзіць не будзе. Паехалі ў Мінск — там сказалі іншае. Цяпер з ім ўсё добра. Навошта рабіць такія высновы, калі справа насамрэч інакшая? З малодшым дзіцём праходзілі медкамісію, дык хірург добра правёў агляд, мне спадабалася.
Часам і ў чэргах стаяла: не глядзелі, што цяжарная. Усялякае бывала.

Валянцін ЧАРНАВЕЦ, пенсіянер:
— Дзякуй Богу, па стану здароўя даўно не звяртаўся да ўрачоў. Толькі аднойчы давялося ўзняць пытанне аб медкамісіі для кіроўцаў. Раней трэба было яе праходзіць у суседніх раёнах, адстаяць у чэргах да кожнага ўрача-спецыяліста, хаця гэта паслуга і платная. Асабіста мне прапанавалі ў Мінску прайсці медкамісію ў спецыялізаванай клініцы. І цяпер зноў наладжана работа медкамісіі ў нашай паліклініцы, што вельмі зручна для мясцовых вадзіцеляў.

Мікіта АЛЕЙНІКАЎ, навучэнец:
— Я не задаволены «жывымі» чэргамі ў паліклініцы. Апошнім разам пад кабінетам прасядзеў амаль увесь дзень, працаваў адзін тэрапеўт. Хацелася б, каб урач прымаў пацыента толькі ў час, пазначаны ў талоне, каб гэта стала пастаяннай практыкай.

Дзмітрый КАЗЛЯНСКІ, будаўнік:
— Я рэдка бываю ў паліклініцы. Але калі ўсё ж прыходзіцца звяртацца да ўрачоў, адстойваю ў чэргах нямала часу. Адносіны да хворых з боку медперсанала нармальныя, аднак ёсць пытанне да аднаго работніка рэгістратуры, да яе стаўлення да пацыентаў.
Калі выклікаем лекара на дом да дзіцяці, ніякіх праблем не ўзнікае. У гэтым плане дактары добра працуюць. Калі ўрач на выездзе, нам гавораць, у якой гадзіне ён будзе ў нас. Да вызначанага часу доктар прыязджае без спазненняў.

Сняжана КАЎГАРЭНЯ. Фота аўтара

Паважаныя чытачы! Прыміце ўдзел у апытанні і вы! Дасылайце свае адказы на электронную скрыню RV_Magazin@tut.by, па пошце на адрас рэдакцыі 223232, г.Чэрвень, пл.Свабоды, 32 або тэлефануйце нам па нумары 2-89-45.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *