Нашы памочнікі: паштальён Святлана Бабук

Общество

Шаснаццаты год у восем гадзін раніцы з вялікай паштовай сумкай выходзіць Святлана Іванаўна на свой участак. Яе шлях ляжыць па вуліцы Барыкіна да цэнтра Чэрвеня і вуліцах, якія да яго прылягаюць. Штодня даводзіцца прайсці пятнаццаць кіламетраў. Абслугоўвае насельніцтва і ўстановы. У сумцы — газеты і часопісы, лісты і паштоўкі.

— Людзі не перасталі пісаць адзін аднаму, — зазначае паштальён. — Асабліва на святы. І на перыёдыку падпісваюцца. Праўда, не так актыўна, як гадоў дзесяць таму. Вось «раёнка» па-ранейшаму карыстаецца папулярнасцю. Як жа без яе? Са старонак газеты людзі даведваюцца пра ўсе навіны горада і раёна. Першай заўсёды яе і разгортваюць.
На работу Святлана Іванаўна прыходзіць у шэсць гадзін раніцы, у дні выхаду «Раённага весніка» (серада і субота) а палове шостага, каб раскласці газету. Гэта ўжо стала прыемнай звычкай. Ды і раённыя навіны менавіта паштальёны чытаюць першымі. Падабаецца работа жанчыне.
Ёсць у Святланы і любімы занятак — вязанне. І вязаць ёсць для каго — у яе тры ўнукі і пяць унучак. Старэйшаму пайшоў семнаццаты год, малодшай унучцы — паўтара.
— А яшчэ, — дадала Святлана Іванаўна, — мы разам з поштай нясём людзям здароўе. Вы здзівіцеся, якім чынам? Пажылому чалавеку трэба выйсці на вуліцу да паштовай скрыні — гэта рух. Далей — прачытаць газету. А гэта работа для розуму і зарадка для зроку. Аб гэтым я даведалася ад прафесара-афтальмолага. Вось так.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *