У мінулую пятніцу восем медыцынскіх сясцёр змагаліся за ганаровае званне лепшай

Общество

У Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы стала ўжо традыцыяй у дзень прафесійнага свята медсясцёр праводзіць конкурс «Лепшая медыцынская сястра бальніцы». Не стала выключэннем і сёлетняе свята.

Вось яны — удзельніцы конкурсу: Алеся Пляшкевіч, палатная медыцынская сястра аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі (ААіР), Вольга Толкач, палатная медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення, Вольга Суша, медыцынская сястра-анестэзіст ААіР, Дар’я Вернікоўская палатная медыцынская сястра хірургічнага аддзялення, Таццяна Буднік, палатная медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення, Анастасія Лаппо, медыцынская сястра-анестэзіст ААіР, Юлія Хурсевіч, палатная медыцынская сястра тэрапеўтычнага аддзялення і Юлія Абрамава, палатная медыцынская сястра педыятрычнага аддзялення.

Марына Розум

Урачыстае мерапрыемства адкрыў галоўны ўрач бальніцы Андрэй Прахарэнка. Ён павіншаваў удзельніц конкурсу і ўсіх медыцынскіх сясцёр раёна з прафесійным святам. Прыгадаў гісторыю яго заснавання, пажадаў здароўя, дабрабыту, дабра, любві, узаемаразумення, вытрымкі, каб кожны дзень быў пазітыўным і нёс задавальненне ад работы.
Андрэй Уладзіміравіч уручыў Ганаровую грамату Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама за плённую добрасумленную працу ў сістэме аховы здароўя Чэрвеньскага раёна Марыне Пахіяйнен, фельчару выязной брыгады хуткай медыцынскай дапамогі і Падзякі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама Іне Лепеш, старшай медыцынскай сястры педыятрычнага аддзялення, Марыне Розум, старшай медыцынскай сястры тэрапеўтычнага аддзялення Смілавіцкай бальніцы і Галіне Плісікавай, медыцынскай сястры эндаскапічнага кабінета.

Андрэй Прахарэнка і Вікторыя Кандраценка

Ганаровай граматай Чэрвеньскай цэнтральнай раённай бальніцы галоўны ўрач за добрасумленную працу ўзнагародзіў Святлану Добыш, загадчыка фельдшарска-акушэрскіх пунктаў у Майзарова і ў Грабянцы і аб’явіў падзякі Вікторыі Кандраценка, працэдурнай медыцынскай сястры тэрапеўтычнага аддзялення, Марыне Левашкевіч, медыцынскай сястры кабінета ўрача-неўролага.
Павіншавала медыцынскіх сясцёр з прафесійным святам Валянціна Тарасік, старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў. Яна ўручыла Ганаровую грамату Чэрвеньскага раённага выканаўчага камітэта за добрасумленную працу Веры Касцевіч, медыцынскай сястры педыятрычнага аддзялення, а таксама Падзякі Таццяне Канапелька, медыцынскай сястры інфекцыйнага аддзялення і Тамары Гуткоўскай, медыцынскай сястры падлеткавага кабінета.
Затым пачаўся конкурс. Першы яго этап «Візітоўка». Канкурсанткі цікава распавядалі аб сваёй прафесіі, сям’і, дзецях, захапленнях. Нават у вершаванай форме. Дапамагалі калегі — групы падтрымкі.
Пакуль рыхтаваліся да тэарэтычнага конкурсу (трэба было адказаць на пытанні па санэпідрэжыму), вядучыя правялі конкурс з балельшчыкамі. Ён прынёс шмат весялосці. Па цытатах з песень трэба было паставіць дыягназ. Якія толькі дыягназы не прапаноўвалі! Атрымалася вельмі смешна.
Самым адказным, напэўна, быў практычны этап спаборніцтваў. Медыцынскія сёстры накладвалі шыну, устанаўлівалі страўнікавы зонд, бінтавалі галаву (павязка «чапец»), вызначалі групу крыві, накладвалі павязку на ключыцу, рабілі ўнутрымышачныя ін’екцыі, накладвалі жгут, устанаўлівалі ўнутрывенныя інфузіі (капельніцы).
Заключны этап конкурсу — «Хатняе заданне». Канкурсанткі частавалі ўсіх сваімі кандытарскімі вырабамі.
Конкурс ацэньвала журы: галоўны ўрач Андрэй Прахарэнка, старшыня прафкама бальніцы, урач-хірург Уладзімір Рандзіцкі, намеснік галоўнага ўрача па лячэбнай частцы Аляксандр Аносаў, галоўная медыцынская сястра бальніцы Наталля Сычова, старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік і старшыня Чэрвеньскага раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна.
Як адзначыў Уладзімір Рандзіцкі, ацэньваць канкурсантак было вельмі складана. Выступілі ўсе годна, паказалі добрыя тэарэтычныя і практычныя веды.

Перамога дасталася Дар’і Вернікоўскай

Вылучылі пераможцаў. Трэцяе месца прысудзілі медыцынскай сястры педыятрычнага аддзялення Юліі Абрамавай, другое — медыцынскай сястры тэрапеўтычнага аддзялення Юліі Хурсевіч. Перамога дасталася Дар’і Вернікоўскай — медыцынскай сястры хірургічнага аддзялення. Уладзімір Іванавіч падзякаваў медыцынскім сёстрам за ўдзел у конкурсе, падкрэсліўшы, што на гэта трэба мець нават пэўную мужнасць. Ён пажадаў усім удзячных пацыентаў, добрага здароўя і плёну ў працы.
Вольга Коціна падзякавала ўсім медыцынскім сёстрам за міласэрнасць, цярплівасць, вытрымку, падкрэсліла, што менавіта на сярэдні медперсанал ускладваецца большая частка работы па догляду за хворымі. Яна павіншавала медыцынскіх сясцер з прафесійным святам і ўручыла асобныя падарункі за лепшую «Візітоўку» Дар’і Вернікоўскай, якая прадставіла яе на мультымедыйнай устаноўцы, і за практычную работу — павязку «чапец» — Вользе Суша.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *