Касмічны крос у гонар земляка

Спорт

Мінулы тыдзень быў адметным на Чэрвеньшчыне мерапрыемствамі касмічнай тэматыкі з нагоды Дня касманаўтыкі, які адзначаўся 12 красавіка. Дзякуючы касманаўту Алегу Навіцкаму, гэты дзень па праву можна лічыць нашым агульным святам.

Ганна Спарыш

Летась па ініцыятыве аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама ў Чэрвені ўпершыню быў праведзены лёгкаатлетычны крос у гонар нашага знакамітага земляка. Сёлета гэтая традыцыя была прадоўжана.
Раніцай у суботу, нягледзячы на халоднае і дажджлівае надвор’е, на старт выйшлі больш за 300 аматараў бегу з навучальных устаноў Чэрвеня, Смілавічаў, Раванічаў, Хутара, Лядоў, а таксама шэрагу арганізацый раёна.
Удзельнікаў кросу прывіталі намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька і ганаровы госць, сябар Алега Навіцкага, лётчык-выпрабавальнік, інструктар 1-га класа ДТСААФ, начальнік Мінскага аэраклуба імя С.І. Грыцаўца, палкоўнік запасу Мікалай Мачанскі.
Маршрут спаборніцтваў, старт якім быў дадзены на плошчы Свабоды, прайшоў праз вуліцы Карла Маркса, Барыкіна і Перамогі. Пераадолеўшы дыстанцыю 1,5 кіламетра, спартсмены фінішавалі ля будынка фізкультурна-аздараўленчага комплексу Чэрвеньскай СДЮШАР.
Вынікі кросу падводзіліся ў пяці ўзроставых групах. Пераможцамі спаборніцтваў сталі Анастасія Лысенка з СШ №4 і Максім Свірыдовіч з СШ №3 (да 14 гадоў), Таццяна Сушкевіч з Раваніцкай школы і Аляксей Лявонцьеў з СШ №4 (да 16 гадоў), Ганна Спарыш з Раваніцкай школы і Андрэй Шчатко са Смілавіцкага сельгасліцэя (да 18 гадоў), Ксення Варанько з раённага турыстычнага цэнтра і Аляксей Марозаў з СШ №4 (18-35 гадоў), Наталля Мароз з СШ №3 і Уладзімір Мажароўскі з РАУС (36 і больш гадоў).
Прызавыя месцы ў сваіх узроставых групах занялі Дар’я Канапелька, Вікторыя Цацук, Вольга Мурашка, Ганна Касцевіч, Анастасія Цалуйка, Таццяна Тарабонда, Людміла Шыманская, Жанна Манулік, Антон Яблонскі, Уладзіслаў Канапацкі, Данііл Леванцэвіч, Дзяніс Зімін, Максім Жыжыч, Аляксей Раманюк, Анатоль Лучонак, Андрэй Мажаеў, Ігар Лісоўскі і Мікалай Талкачоў.
Усе яны ўзнагароджаны Дыпломамі і медалямі. Акрамя таго, кожны ўдзельнік кросу атрымаў адпаведны сертыфікат.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *