Засталося дасеяць пшаніцу

Аграрный сектор

Земляробы сельгасфіліяла “Агра-Бокс” сумеснага прадпрыемства “Унібокс” завяршаюць сяўбу ранніх яравых зерневых культур.

Механізатар на сяўбе Анатоль Молчан з галоўным аграномам гаспадаркі Вадзімам Вярцінскім

— Авёс і ячмень пасеялі ўжо, застаецца менш за сто гектараў пшаніцы, – распавядае галоўны аграном гаспадаркі Вадзім Вярцінскі. – Асноўную сяўбу вялі гатункамі, якія нядрэнна зарэкамендавалі сябе раней. Акрамя таго, набылі ячмень гатунку “Добры” і пшаніцу гатунку “Ласка” гадавальнікаў размнажэння другога года для вырошчвання суперэліты на невялікіх участках, каб потым прадаваць элітнае насенне іншым гаспадаркам…
Пры складанні бізнес-плану на сёлета, у гаспадарцы запланавалі атрымаць з кожнага гектара ў сярэднім па 50 цэнтнераў збожжа. Паводле слоў Вадзіма Вярцінскага, пакуль што разлікі апраўдваюцца.

Механізатар Аляксандр Знак задзейнічаны на хімпраполцы азімых зерневых

— Радуе, што, у параўнанні з мінулым годам, маем прыкметна лепшую забяспечанасць мінеральнымі ўгнаеннямі, – кажа ён. – Нават удалося ўнесці ў глебу невялікую колькасць азоту пад сяўбу. Гэта павінна стымуляваць развіццё пасеваў на першым этапе росту. Потым зробім яшчэ дзве падкормкі…
Што да азімых культур, то догляд за імі актыўна вядзецца ўжо зараз. На хімпраполцы зерневых задзейнічаны два высокапрадукцыйныя агрэгаты – самаходны “Кафіні” і прычапны “Бірту”. Кожны з іх за адзін праход ахоплівае ў шырыню 24 метры поля. Акрамя таго, “Кафіні” аснашчаны ёмістасцю аб’ёмам 4,5 тоны, што дазваляе апрацоўваць за адну запраўку 22 гектары, а за змену – 160-200 гектараў палеткаў.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *