Народнаму тэатру — 35 гадоў

Общество

Гэта самы старэйшы творчы калектыў Чэрвеньскага раёна. Яго творчая дзейнасць пачалася ў саракавыя гады мінулага стагоддзя, калі самадзейны калектыў быў простым драматычным гуртком.

У рэпертуары гуртка было шмат п’ес. Сярод іх: «Мост» Краўчанкі (1947 г.), «Сады цветут» (1950 г.), «Лявоніха на арбіце» Макаёнка, «Женитьба Бальзаминова» Астроўскага, «Барабанщица» (50-60-е гады), «Лютики-цветочки» Марчука (1986г.), «Пісаравы імяніны» Галубка (1998г.) і іншыя.
П’еса Макаёнка «Трыбунал», пастаўленая кіраўніком тэатральнага гуртка, рэжысёрам і тэатразнаўцам Уладзімірам Ермалаевічам Хаўранковым, прынесла ў 1982 годзе самадзейнаму калектыву званне народнага. Аб гэтым сведчыць Дыплом, зацверджаны Пастановай Калегіі Міністэрства культуры БССР, у якім гаворыцца: «За актыўную работу па камуністычнаму выхаванню працоўных, высокі ідэйна-мастацкі ўзровень рэпертуару і выканаўчага майстэрства драматычнаму калектыву Чэрвеньскага раённага Дома культуры прысвоена званне «Народны самадзейны калектыў».
З таго часу народны тэатр Чэрвеньскага Дома культуры неаднаразова пацвярджаў гэта ганаровае званне.
За гады існавання неаднаразова аднаўляўся і мяняўся калектыў. У склад самадзейнай трупы ўваходзілі настаўнікі, музычныя работнікі і тыя, хто проста быў аматарам тэатра. У розныя гады ў складзе тэатральнага калектыву налічвалася да дваццаці самадзейных атрыстаў. Кожны з кіраўнікоў тэатра ўнёс сваю лепту ў яго развіццё. Аб гэтым сведчаць дыпломы, атрыманыя ў розныя гады. Зараз народны тэатр носіць назву «Імпрэза».
Сёння тэатр — гэта некалькі чалавек. Я вельмі ўдзячна ім за настойлівасць, цярпенне, добрасумленнасць і адказнасць за прынятае аднойчы рашенне іграць у народным тэатры. У свой вольны час вечарамі, пакінуўшы сваіх родных, збіраюцца яны на рэпетыцыі, ставяць спектаклі. Складана сёння далучыць людзей да ўдзелу ў самадзейнасці. Напэўна, гэта прадыктавана часам. Магчыма яшчэ і тым, што няма жадання ў людзей, яны вельмі цяжкія на пад’ём. Летась з дня прэм’еры спектакля па п’есе У.Краснагорава «Тры прыгажуні» мы пабылі ў сельскіх Дамах культуры вёсак Рудня, Грабёнка, Валевачы, Любішына.
Спадзяюся, што мы яшчэ пакажам гэты спектакль у Раванічах і ў Чэрвені. Шукаю новую п’есу для пастаноўкі і запрашаю ўсіх, хто любіць тэатр, да ўдзелу ў рабоце народнага самадзейнага калектыву.

Ларыса ШАЎЧЭНКА, рэжысёр народнага тэатра «Імпрэза».
Фота з архіву раённага Цэнтра культуры і адпачынку



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *