Вырабляюць паўфабрыкаты для жывёл

Экономика

Пры сённяшняй разнастайнасці паслуг, якія прапануюць насельніцтву розныя дзяржаўныя і камерцыйныя ўстановы, цяжка знайсці і адкрыць сваю справу ў малаасвоенай сферы. Але пошук і ініцыятыва знаходзяць выйсце.

Два таварышы Валерый Маглышаў і Васіль Гнусаркоў прыйшлі з цікавай ідэяй вытворчасці корма для жывёл да інвестара. Прааналізавалі рынак паслуг, выкрэслілі ідэю, вызначылі запатрабаванасць і маленькі спектр прапановы. Дэталёва і лагічна прадставілі бізнес-план. І атрымалі падтрымку. Купілі закінуты, разбураны былы гноезборнік у вёсцы Старына Смілавіцкага сельскага Савета, падрыхтавалі праект. Асабіста кантралявалі ход будаўнічых і рэстаўрацыйных работ. Памяшканні рыхтавалі па ўсіх правілах санітарнай гігіены вытворчасці і працы работнікаў.
Сёння тут маецца прасторны цэх для фасоўкі прадукцыі, санвузел, душ, памяшканне для прыёму ежы.
— Адкрытае акцыянернае таварыства «Сонечная лодка» працуе ў сферы мясаперапрацоўкі, — расказвае выканаўчы дырэктар Валерый Маглышаў, — дакладней, вырабляем паўфабрыкаты са свініны, ялавічыны для кармлення жывёл. Цыкл вытворчасці замкнуты. Купляем сыравіну на жывёлагадоўчых комплексах ці мясакамбінатах. Гэта рэшткі абрэзкі костак, лівер і іншыя субпрадукты.
— Сыравіну дзелім па катэгорыях, перакручваем на фарш, фасуем, замарожваем, — уступае ў размову начальнік вытворчасці Васіль Гнусаркоў. — Крышым субпрадукты з дапамогай прафесійнай мясарубкі. Маразільнікі таксама вытворчых памераў. Кацельная працуе на мясцовых відах паліва. Ацяпляем памяшканні, падаграваем ваду, каб трымаць у чысціні і адпаведнасці санітарным нормам вытворчыя плошчы. Першую прадукцыю апробвалі ў пітомніках па вырошчванню элітных шчанятак. Водгукі ад уладальнікаў жывёл былі станоўчыя. Гэта дазволіла сфарміраваць пастаянную базу кліентаў.
— Супрацоўнічаем мы з рознымі крамамі па продажы корма для жывёл горада Мінска. Ёсць праекты выхаду на ўстановы з іншых абласцей, — прадаўжае гаворку Валерый Маглышаў. — Вытворчасць складае 0,5 тоны прадукцыі ў дзень. Маем планы па павелічэнню. Працуе зараз на прадпрыемстве 6 чалавек з улікам дырэктара і начальніка вытворчасці. Чатыры чалавекі — мясцовыя.
Плануем у гэтым годзе добраўпарадкаваць прылеглую тэрыторыю.

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *