Дзень за днём, за гектарам — гектар

Аграрный сектор

Тыдзень таму механізатар ААТ «Валевачы» Руслан Бут засеяў ячменем першыя гектары на палетку ля вёскі Чарнаградзь, а сёння гаспадарка ўжо завяршае сяўбу гэтай культуры.

Руслан Бут

— Пачыналі цяжка, — узгадвае галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бартніцкі. — З-за дажджоў агорвалі ў дзень па 10-15 гектараў. А, калі надвор’е больш-менш наладзілася, тэмпы сяўбы павялічыліся амаль у пяць разоў. Да Руслана Бута, які на трактары «МТЗ-3022» з камбінаваным пасяўным агрэгатам штодня засявае не менш за трыццаць гектараў, далучыўся Сяргей Хлебародаў на «МТЗ-2022». Сеялка «Ферабокс», з якой ён працуе, хаця і мае нашмат меншую прадукцыйнасць, але забяспечвае высокую якасць загортвання насення.

Васіль Пачасуй

На перадпасяўной апрацоўцы глебы задзейнічаем энерганасычаны трактар «К-700» і тры «МТЗ-1221». Гэтага цалкам хапае, каб забяспечыць працу сеялак без прастояў.

— Звычайна яравую сяўбу мы пачынаем з ячменю, – працягвае расповед Сяргей Бартніцкі. – За амаль чвэрць стагоддзя працы аграномам на практыцы пераканаўся, што гэта дае плён. Каранёвая сістэма ў ячменю пачынае ўмацоўвацца да ўсходаў, што ў далейшым спрыяе добраму кушчэнню раслін. Пасля сеем авёс, а пшаніцу, як больш цеплалюбівую – апошняй…

Яшчэ адзін веснавы клопат земляробаў – падкормка азімых культур. Яе ў гаспадарцы ўжо завяршылі. Падкормлена азотам 1030 гектараў зерневых, 330 – рапсу і 300 гектараў свірэпіцы. Тут значны аб’ём работ выканаў механізатар Васіль Пачасуй на самаходным агрэгаце “РАСА”.

— Хаця падкормка выканана з унясеннем дастатковай колькасці ўгнаенняў, ёсць занепакоенасць, – кажа Сяргей Бартніцкі. – Праблема ў тым, што не хапае цяпла, якое зараз неабходнае раслінам для засваення азоту ў поўным аб’ёме. Але і чакаць з падкормкай не было як, бо вегетацыя азімых рана пачалася…

Галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бартніцкі гутарыць з механізатарам на перадпасяўной апрацоўцы глебы Мікалаем Нягодзькам

І ўсё ж, паводле слоў Сяргея Бартніцкага, нашмат лепшая ў параўнанні з мінулым годам забяспечанасць тукамі дае небеспадстаўную надзею на добры ўраджай зерневых. Сёлета ў гаспадарцы разлічваюць атрымаць сем тысяч тон збожжа – на дзве з паловай тысячы тон больш, чым летась.

Акрамя яравых зерневых, гэтай вясной у ААТ “Валевачы” будуць сеяць 750 гектараў кукурузы. 50 гектараў зойме бульба, 20 – агародніна.

Вялікія спадзяванні ўскладаюць у гаспадарцы на сою. Летась тут паспяхова асвоілі вырошчванне гэтай культуры і сёлета пашыраюць плошчы пад ёй удвая – да 200 гектараў.

— Нават пры адносна невялікай ураджайнасці грашовая выручка ад продажу соі нашмат перавышае выдаткі на яе вырошчванне – заўважае Сяргей Бартніцкі. – Попыт на гэтую культуру істотны, а кошт рэалізацыі – вышэйшы, чым у зерневых і азімага рапсу.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *