Акушэрка Лідзія Грыцкевіч

Люди и судьбы

Гэтую сціплую, прывабную жанчыну ведае ўсё дарослае жаночае насельніцтва раёна. 38 гадоў працуе ў аглядным кабінеце акушэрка Лідзія Андрэеўна Грыцкевіч. А ўсяго ў медыцыне — сорак пяты год: з таго моманту, як пасля заканчэння Баранавіцкага медыцынскага вучылішча па размеркаванню трапіла ў Любанскі раён.

Працавала акушэркай у фельчарска-акушэрскім пункце. На другі дзень работы ў адсутнасць загадчыка ФАПа самастойна прымала роды. Дзіця нарадзілася вагой 4 кілаграмы 600 грамаў! Роды прайшлі нармальна. Гэта значыць рабіла Лідзія ўсё дакладна. Пазней родаў было шмат. Шэсць гадоў адшчыравала на Фапе, была і загадчыкам.
У 1979 годзе па сямейных абставінах сям’я Лідзіі Андрэеўны пераехала ў Чэрвень. З таго часу яна працуе акушэркай у аглядным кабінеце. За такі вялікі тэрмін набыла і вялікі вопыт, які дапамагае выяўляць захворванні на ранніх стадыях і ў большасці выпадкаў захаваць жанчыне жыццё.
— Вельмі люблю сваю работу, люблю несці людзям дабро. Хочацца ўсім дапамагчы, — зазначае Лідзія Андрэеўна. — Так вучыў нас бацька. Родам я з Турава Гомельскай вобласці. У нашай сям’і было сямёра дзяцей. Мама працавала прадаўцом, а бацька — дырэктарам магазіна. Ён скончыў тэхнікум толькі ў 46 гадоў. Марыў, што ўсе мы атрымаем добрую адукацыю. Мы і стараліся. Два мае браты скончылі Віцебскі ветэрынарны інстытут, заатэхнікі па адукацыі, дзве сястры — інстытут народнай гаспадаркі, адна сястра — інстытут замежных моў і толькі малодшая сястра пайшла па бацькавых слядах: стала таваразнаўцам. А мяне бацька ўяўляў акушэркай. І прыклад быў перад вачыма: мая стрыечная цёця працавала акушэркай.
Сама Лідзія марыла стаць поварам. У школе, дзе яна вучылася, была настаўніца, якая перажыла блакаду ў Ленінградзе і засталася без нагі. Яна выкладала працу, вучыла дзяўчынак гатаваць. Лідзіі хацелася быць такой, як тая мужная і добрая жанчына. Мама адгаварыла ад гэтай прафесіі з-за стану здароўя дачкі. Ліда часта хварэла, а прафесія повара патрабавала фізічную вынослівасць. Тата настаяў на сваім — сам завёз дачку ў Баранавіцкае вучылішча. Дзяўчына паступіла на акушэрскае аддзяленне.
— Ніколі не пашкадавала, што абрала прафесію акушэркі. — гаворыць Лідзія Андрэеўна. — Вучыцца было цікава, працаваць таксама. Увесь час памятаю бацькоўскі запавет — несці людзям дабро. Так стараюся жыць і працаваць. Шкада, што бацька пажыў мала — толькі 53 гады, не паспеў парадавацца поспехам дзяцей. Самая вялікая радасць для мяне, калі даведваюся аб тым, што пацыенткі мае здаровыя, пазбавіліся цяжкіх хвароб.
Менавіта яны, ўдзячныя пацыенткі Лідзіі Андрэеўны, і папрасілі расказаць пра яе ў газеце.
Пра сябе Лідзія Андрэеўна гаворыць сціпла. Няпросты лёс напаткаў жанчыну. Але яна не скардзіцца. Радуецца поспехам дачкі і ўнука. Ёсць у жанчыны захапленне — яна шмат вяжа. А яшчэ вельмі любіць шчыраваць на дачы. Вось і зараз з нецярпеннем чакае, калі ўжо можна будзе штосьці пасадзіць і радавацца першым вясновым кветкам…

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *