Бярозавік пайшоў!

Общество

Сёлета Чэрвеньскі лясгас разлічвае рэалізаваць 200 тон гэтага прыроднага эліксіру.

Нарыхтоўка бярозавага соку наладжана ў сямі лясніцтвах — Чэрвеньскім, Натальеўскім, Іванаўскім, Валмянскім, Горкаўскім, Хутарскім і Грабенецкім доследна-вытворчым. Пастаўляецца ён на перапрацоўку Чэрвеньскаму вытворча-харчоваму заводу і смалявіцкаму ўнітарнаму прадпрыемству «Вланпак». Ім ужо рэалізавана больш за 30 тон бярозавіку. І яшчэ амаль 11 тон набыло насельніцтва, якое мае магчымасць купляць яго па 12 капеек за літр пры самавывазе з лесу і па 24 капейкі за літр — у лясніцтвах.

Акрамя таго, у кожным лясніцтве вызначаны ўчасткі лесу, прызначаныя для бясплатнай нарыхтоўкі бярозавага соку насельніцтвам для ўласных патрэб. Жадаючыя павінны звярнуцца ў лясніцтва. Спецыялісты пакажуць ім спецыяльна адведзеныя для збору соку ўчасткі, правядуць інструктаж і пракантралююць тэхналогію падсочкі. На прамысловую нарыхтоўку неабходна набыць лясны білет і атрымаць дазвол ад лясгаса.
Варта нагадаць, што парушэнне патрабаванняў заканадаўства і тэхналогіі пры нарыхтоўцы соку цягне накладанне штрафу на грамадзяніна ў памеры ад дваццаці да пяцідзесяці базавых велічынь, на індывідуальнага прадпрымальніка — ад дваццаці да двухсот базавых велічынь.

Мікалай КАНАПЕЛЬКА, намеснік дырэктара Чэрвеньскага лясгаса па ідэалагічнай рабоце.
Фота аўтара

На здымках: нарыхтоўку бярозавага соку ў Натальеўскім лясніцтве вядуць лесарубы Віктар Каўзуновіч і Яўген Канапелька.

РЭЦЭПТ КВАСУ З БЯРОЗАВІКУ
У 1,5-літровую пластыкавую бутэльку (лепш цёмнага колеру, з-пад піва — яна больш трывалая) наліваем свежы бярозавік, кідаем 10 разынак (не мытых!), закаркоўваем і да лета ставім у халоднае месца, лепш у склеп. Адкаркоўваць асцярожна, бо можа ўдарыць струмень!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *