Старт сяўбе дае «Натальеўск»

Аграрный сектор

Механізатар на сяўбе Андрэй Кузьмін з вядучым аграномам-насенняводам Марынай Лупянковай

Каля 20 адзінак тэхнікі забяспечваюць гэтымі днямі комплекс веснавых палявых работ у эксперыментальнай базе «Натальеўск»: падкормку азімых культур, падрыхтоўку глебы, ворыва, унясенне арганічных і мінеральных угнаенняў. Гаспадарка першай на Чэрвеньшчыне выбарачна пачала яравую сяўбу. На раніцу аўторка тут пасеялі 35 гектараў аўса.

Вадзіцель на падвозцы насення Ігар Шчурок

Натальеўскія земляробы звыкла з’яўляюцца арыенцірам для іншых па ўзроўню арганізацыі ўсіх відаў сельскагаспадарчых работ. Вось і зараз, як толькі з’явілася магчымасць, яны дружна вывелі тэхніку ў поле.
Першыя гектары аўса ў пятніцу засеяў на палетку паміж вёскамі Мядзведня і Асінаўка механізатар Андрэй Кузьмін. Вока радуецца, калі назіраеш, як яго магутны «Джон Дзір» без цяжкасцяў адольвае пераўвільготненыя ўчасткі, якасна загортваючы зярняты ў глебу камбінаваным пасяўным глебаапрацоўчым агрэгатам. А на суседнім палетку, ля Асінаўкі, чатыры культыватары і агрэгат для ўнясення мінеральных угнаенняў ужо ствараюць сейбіту новы фронт работ.
Ажыўленне пануе і на полі побач з вёскай Дамавіцк, прызначаным сёлета пад сяўбу кукурузы. Тут на ўнясенні арганічных угнаенняў шчыруюць адразу пяць трактароў з раскідвальнікамі і два пагрузчыкі.

Дырэктар гаспадаркі Алена Махнач і галоўны аграном Сяргей Бабіновіч абследуюць пасевы азімага рапсу

— Пакуль яшчэ сяўба не набрала моц, стараемся максімальна задзейнічаць тэхніку на арганіцы, — тлумачыць галоўны аграном гаспадаркі Сяргей Бабіновіч. — Бо пасля гэтыя трактары будуць працаваць з культыватарамі на падрыхтоўцы глебы, каб не было затрымкі сеялкам. Арганіку адразу пасля ўнясення заворваем. На гэтым відзе работ занятыя два механізатары на трактарах з васьмікорпуснымі плугамі.Усяго нам сёлета неабходна пасеяць 1200 гектараў яравых зерневых культур, 1000 — кукурузы, каля 400 гектараў аднагадовых для забеспячэння зялёнага канвееру на патрэбы жывёлагадоўлі. 240 гектараў зойме бульба…
Нашу гутарку перарывае званок мабільнага тэлефона. Гэта дырэктар гаспадаркі Алена Махнач просіць Сяргея Бабіновіча пад’ехаць на палетак азімага рапсу, каб разам вызначыць ступень узнаўлення веснавой вегетацыі гэтай культуры. На месцы высвятляецца, што ў выкапаных з зямлі раслін ужо выразна акрэсліліся белыя карэньчыкі. А, значыць, рапс пайшоў у рост, і яго трэба тэрмінова падкормліваць.

Механізатар на падкормцы азімых культур Уладзімір Савіч (у цэнтры) і механізатар на падвозцы карбамідна-аміячнай сумесі Сяргей Ігнатчанка з аграномам-аграхімікам Аленай Жаўняровіч

— Ранняя вясна нам на карысць, — заўважае Алена Махнач. — Яна дае магчымасць працаваць у полі, як кажуць, з пачуццём, з толкам, з расстаноўкай. Першыя засеяныя гектары з аднаго боку можна разглядаць, як абкатку тэхнікі, а з іншага — гэта ўжо пэўны аб’ём выкананых работ.
Што да тэмпаў сяўбы, то яны для нас будуць залежаць выключна ад надвор’я. Пакуль яно дае магчымасць працаваць адным пасяўным агрэгатам. А сеялкі «Бярэсце» можна задзейнічаць толькі пры поўным выспяванні глебы. Але ў любым выпадку сяўба ў гаспадарцы, як заўсёды, будзе праведзена ў належныя агратэхнічныя тэрміны…
Аб’езд гаспадаркі мы завяршылі, наведаўшы адзін з самых аддаленых яе куткоў. Ля вёскі Мяжонка падкормку азімых на самаходным агрэгаце «Раса» вёў механізатар Уладзімір Савіч. З пачатку веснавых палявых работ ён ужо выканаў гэты від работ больш чым на 400 гектарах з 1200 неабходных.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *