У гонар 30-годдзя ветэранскага руху

Общество

У аўторак у раённым цэнтры культуры і адпачынку адбылося ўрачыстае мерапрыемства з нагоды 30-годдзя стварэння раённай ветэранскай арганізацыі. На яго сабраліся прадстаўнікі пярвічных ветэранскіх арганізацый прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў раёна, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны і працы, прадстаўнікі раённай улады.

Адкрыў урачыстасць старшыня раённага Савета ветэранаў Іван Ладуцька. Ён распавёў аб гісторыі стварэння ў раёне ветэранскай арганізацыі, яе першых кіраўніках. Прыгадаў, якія былі накірункі яе дзейнасці. А гэта — ахова законных правоў ветэранаў, забеспячэнне іх годнага становішча ў грамадстве. Іван Фёдаравіч паведаміў, што зараз у раёне — 27 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 7 інвалідаў вайны, 9 работнікаў тылу, якія маюць узнагароды за самаадданую працу і бездакорную вайсковую службу ў гады вайны, 9 сем’яў загінуўшых воінаў і партызан, 48 былых вязняў, 55 воінаў-інтэрнацыяналістаў.
З цягам часу работа ветэранскай арганізацыі станавілася больш разнастайнай. Ветэраны — актыўныя ўдзельнікі ўсіх раённых мерапрыемстваў: падрыхтоўкі і святкавання гадавін вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, Дня Перамогі. Яны — частыя госці ў школах, удзельнікі «круглых сталоў», ініцыіраваных БРСМ акцый «Мы — грамадзяне Беларусі», падчас якіх уручаюць моладзі пашпарты. На рахунку ветэранскай арганізацыі — аўтапрабег па месцах баявых дзеянняў на тэрыторыі раёна першых партызанскіх атрадаў. Сімвалічна, што ў ім бралі ўдзел і тыя, хто ваяваў у гэтых мясцінах, і моладзь. Ветэраны добраўпарадкоўвалі мемарыяльны комплекс «Папова Града», наведалі музей Вялікай Айчыннай вайны і Батанічны сад у Мінску. Да 70-годдзя Перамогі правялі сустрэчу «Мой милый, если б не было войны…», павіншавалі з Новым годам ветэранаў вайны і аказалі ім матэрыяльную дапамогу. Ветэраны ўдзельнічалі ў конкурсах «Ветэранскае падвор’е», «Мой кветнік», выставе «Мой сад, агарод», да Дня пажылых людзей у конкурсе «Кулінарны шэдэўр». Былі актыўнымі ўдзельнікамі акцыі «Тыдзень лесу», падчас якой пасадзілі ў Чэрвеньскім лясніцтве 3,5 тысячы саджанцаў елкі і дуба. Сумесна з раённай прафсаюзнай арганізацыяй правялі шашачны турнір, да Свята працы арганізавалі выставу «Рукадзелле ветэранаў працы». Ветэраны актыўна ўдзельнічалі ў перадвыбарных кампаніях па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь і дэпутата ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.
Галоўная мэта дзейнасці ветэранскай арганізацыі, падкрэсліў Іван Ладуцька, — дайсці да кожнага ветэрана вайны і працы, ведаць іх праблемы і па меры магчымасці вырашаць іх. Усё станоўчае, што назапашана арганізацыяй падчас яе дзейнасці ў мінулыя гады, выкарыстоўваць у далейшай дзейнасці з улікам новых умоў рэальнага жыцця.
Ветэранаў вайны і працы ўшаноўвалі: старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька, старшыня раённага аб’яднання прафсаюзаў Вольга Коціна, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў аграпрамысловага комплексу Ларыса Ефіменка, старшыня раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў адукацыі і навукі Віталь Труш, старшыня прафсаюзнай арганізацыі работнікаў дзяржаўных і іншых устаноў Алена Гоман, старшыня Калодзежскага сельвыканкама Людміла Пасудзеўская, сакратар Чэрвеньскага райкама БРСМ Вячаслаў Клімковіч.
За актыўны ўдзел у ветэранскім руху шэрагу членаў раённай ветэранскай арганізацыі ўручылі Ганаровыя граматы Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў, Граматы Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, Граматы ад прафсаюзных галіновых арганізацый, Граматы раённай ветэранскай арганізацыі, аб’явілі Падзякі старшыні Чэрвеньскага райвыканкама, уручылі падарункі.
Сярод узнагароджаных ардэнаносцы Мікалай Холад, былы вадзіцель СВК «Вайнілава», узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй і другой ступені, Пётр Забаўскі, былы вадзіцель СВК «Дамавіцкі», узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй і другой ступені і Іван Дзмітровіч, трактарыст ААТ «Чэрвеньскі райаграсервіс», узнагароджаны ордэнам Працоўнай Славы трэцяй ступені.
Удзельнікаў урачыстасці віталі самадзейныя артысты: Надзея Мыцько, Анатоль Кеда, Міхаіл Елісееў, Віктар Барысёнак, Надзея Чарніцкая, народны ансамбль народнай песні «Чэрвеньскія балагуры», ансамбль народнай песні «Сваякі» Шасціснопскага Дома культуры, Марына Сіняўская, гурт «Ігуменскі настрой», Валянціна Баглова, дуэт Надзеі Манулік і Дзяніса Галавенчыка.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *