Атрымалі першы і галоўны дакумент

Общество

Дзевяцікласнік Хутарскай школы Кірыл ШУТ атрымаў пашпарт у Чэрвеньскім РАУС

Напярэдадні Дня Канстытуцыі Беларусі адбылося ўрачыстае ўручэнне пашпартоў юным грамадзянам Чэрвеньшчыны, якім нядаўна споўнілася чатырнаццаць гадоў.

Цырымонія адбылася ў Чэрвеньскім аддзеле ўнутраных спраў, куды павіншаваць маладых грамадзян і ўручыць першы ў жыцці дарослы дакумент прыйшлі прадстаўнікі кіраўніцтва раёна і грамадскіх аб’яднанняў: старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна ТАРАСІК, намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала ШАХОЦЬКА, пракурор Аляксандр ШАБАЛІНСКІ, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Лідзія ШЧАЦІНКА, намеснік начальніка РАУС па ідэалагічная рабоце Сяргей КАЧАНОВІЧ, ветэран прафсаюзнага руху Людміла ПАДДУБІЦКАЯ, дэпутат райсавета Уладзімір КУЛІК, намеснік начальніка аддзела адукацыі, спорту і турызму Алена КАЦЬКО, першы сакратар райкама БРСМ Вячаслаў КЛІМКОВІЧ.

Пашпарт Надзеі ЯНКОЎСКАЙ уручае Сямён ШАПІРА

Дарослыя госці ў сваіх выступленнях пажадалі хлопцам і дзяўчатам быць сапраўднымі грамадзянамі нашай краіны, любіць сваю сям’ю, свой горад, сваю Беларусь. Пасля таго, як пашпарты і падарункі былі ўручаны, для юных чэрвеньцаў правялі экскурсію па будынку РАУС.
Віталь АПЯЧОНАК, Надзея ЯНКОЎСКАЯ и Дар’я ДЗЯДЗЕЛА атрымалі пашпарты на ўрачыстасцях абласнога і рэспубліканскага маштабу. У аўторак у Савеце Рэспублікі Віталю АПЯЧОНКУ ўручыў пашпарт старшыня Савета Рэспублікі Міхаіл МЯСНІКОВІЧ. А менавіта ў Дзень Канстытуцыі ўрачыстае мерапрыемства сабрала 14-гадовых падлеткаў Міншчыны ў Нясвіжскім палацы. Тут Дашы ДЗЯДЗЕЛА пашпарт уручыла алімпійская чэмпіёнка па фрыстайлу Ала ЦУПЕР, а Надзя ЯНКОЎСКАЯ атрымала свой першы і галоўны ў жыцці дакумент з рук старшыні аблвыканкама Сямёна ШАПІРЫ.

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ.
Фота Вячаслава КЛІМКОВІЧА



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *