Бляск і жабрацтва Смілавічаў, або хто і як павінен добраўпарадкаваць гарадскі пасёлак?

Общество

Другі па колькасці жыхароў населены пункт Чэрвеньшчыны здзіўляе архітэктурнымі кантрастамі. Асабліва прыкметна гэта па гандлёвых аб’ектах: з сучаснымі, аздобленымі яркай колеравай гамай прыватнымі крамамі суседнічаюць у большасці сваёй сціплыя шэрыя будынкі — сімвалічнае прывітанне з другой паловы мінулага стагоддзя.
Тыя ж самыя кантрасты — і ў добраўпарадкаванні тэрыторый. Там, дзе мясцовай уладзе ўдаецца знайсці грошы, самастойна, або, дзякуючы прадпрымальнікам — чыста і ўтульна. А там, дзе гаспадароў няма — бязладдзе і бруд.

Старшыня Смілавіцкага сельвыканкама Валянціна Півавар цалкам згодная з тым, што паселішча, якое знаходзіцца ў нейкіх двух дзясятках кіламетраў ад сталіцы і, дзякуючы сусветнавядомаму ўраджэнцу тутэйшых мясцін мастаку Хаіму Суціну, прэтэндуе на стасус турыстычнага цэнтра раёна, павінна выглядаць не так, як выглядае зараз.
— Пакуль маем, што маем, — кажа яна. — Але перад намі стаіць задача за год-два зрабіць з пасёлка «цукерку». Канешне, для гэтага патрэбны грошы.
Летась амаль усё, што сельвыканкаму ўдалося зарабіць ад продажу зямельных участкаў з аўкцыёну, было выдаткавана на праект рэканструкцыі вуліцы Горкага, якая звязвае Смілавічы з Жураўкавічамі, і першую чаргу асфальтавання. Таксама была зроблена рэканструкцыя помніка загінулым у гады Вялікай Айчыннай вайны на пасялковых могілках, добраўпарадкавана месца масавага расстрэлу мірных жыхароў на Саламянцы.
Вялікія планы маем на сёлета. Акрамя завяршэння асфальтавання вуліцы Горкага, гэта — стварэнне ў цэнтры пасёлка архітэктурнай кампазіцыі, якая будзе адлюстроўваць вытворчасць Смілавіцкай валяльна-лямцавай фабрыкі (за кошт сродкаў прадпрыемства), асфальтаванне пляцоўкі ля праваслаўнай царквы, добраўпарадкаванне алеі на вуліцы Дзяржынскага з абсталяваннем пешаходнай дарожкі і тэрыторыі ля амфітэатра.
У імкненні зрабіць так, каб Смілавічы сталі больш утульнымі і прыгожымі, канешне ж, разлічваем на дзейсную падтрымку мясцовых прадпрымальнікаў. На сходзе, які ладзіў выканкам, яны выказалі гатоўнасць дапамагаць матэрыяльна пры ўмове, што ўклад кожнага ў агульную справу будзе прапарцыянальным яго даходам.
Добры прыклад супрацоўніцтва з выканкамам паказвае дырэктар ААТ «Дынастыя Эстэйд» Аляксандр Гайдукевіч, які здае ў арэнду краму гандлёвай сеткі «Дабраном» у будынку былога магазіна раённага спажывецкага таварыства. Ён не пашкадаваў грошай на замену тратуарнай пліткі на прылеглай тэрыторыі, заасфальтаваў стаянку для аўтатранспарту. Сёлета абяцае аздобіць тэрыторыю малымі архітэктурнымі формамі.
На жаль, не з усімі атрымліваецца дамовіцца. Узяць, напрыклад, прадпрымальніка Ігара Усава, гаспадара пасялковага рынка. У 2015 годзе ён згадзіўся пакласці тратуар з пліткі на прылеглай тэрыторыі. А вось неаднаразовыя просьбы заасфальтаваць невялікую аўтастаянку непадалёк, прыдаць гандлёвым месцам на рынку сучасны выгляд працяглы час пакідае без увагі. Маўляў, няма грошай. І што тут скажаш: прымусіць прадпрымальніка нельга. Застаецца спадзявацца на сумленне чалавека і яго добрую волю. Дарэчы, і на самой тэрыторыі рынка варта было б пакласці плітку. Не для мясцовай улады. Для сваіх жа наведвальнікаў…

Падрыхтаваў Ігар АДАМОВІЧ.Фота аўтара

Р.S. Пры падрыхтоўцы гэтага матэрыялу аўтар шчыра хацеў узяць каментарый у прадпрымальніка Ігара Усава. Але на момант наведвання Смілавічаў яго на рынку не было. Старшыня сельвыканкама Валянціна Півавар патлумачыла, што ён жыве за межамі нашага раёна. Па сотаваму тэлефону, які яна дала, прадпрымальнік не адказвае.
Ігар Віктаравіч, адгукніцеся! Таксама запрашаем да абмеркавання артыкула неабыякавых чытачоў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *