Чэрвеньская Масленіца гуляла, гасцей блінамі частавала

Общество

У суботу раённае свята «Шырокая Масленіца» ладзілі ў лесапарку Загор’е. Зіма ніяк не хацела саступаць месца вясне. Надвор’е рэзка мянялася з сонечнага на завіруху, быццам зіма з вясной спрачаліся. Мабыць, таму нешматлюдна было. Але тыя, хто завітаў сюды, атрымалі прыемны настрой, сустрэліся са знаёмымі, павесяліліся і паласаваліся прысмакамі.

Кожны дзень масленічнага тыдня мае сваю назву, у які ўкладзены пэўны сэнс. Гасцей сустракалі пляцоўкі з назвамі «Встреча», «Заигрыш», «Лакомка», «Разгул», «Тёщины вечёрки», «Золовкины посиделки», «Прощённый день».
Шмат цікавых абрадаў, вясёлых конкурсаў і забаў было арганізавана, у якіх усе жадаючыя з задавальненнем удзельнічалі: і падушкамі біліся на вузкай лавачцы, і з заплюшчанымі вачыма з імправізаванай печы даставалі вілкамі чыгункі, і бліны на патэльнях на хуткасць насілі.
На сцэне імфітэатра разгарнулася цікавае прадстаўленне са скамарохамі, Зімой, Масленіцай і іншымі персанажамі, наладжанае раённым Цэнтрам культуры і адпачынку. Былі тут і спевы, і танцы самадзейных артыстаў раёна. На свята нават завіталі госці с суседняга Бярэзінскага раёна — народны ансамбль «Лявоніха». Пад гучную, вясёлую музыку і спевы людзі прытанцоўвалі, падпявалі.
Работнікі Чэрвеньскага тэрытарыяльнага цэнтра абслугоўвання насельніцтва прапаноўвалі жадаючым згуляць у бяспройгрышную латарэю. Людзі з ахвотай згаджаліся, самыя азартныя нават вярталіся, каб зноў «паспытаць лёс».
Не абышлося без традыцыйнага частавання блінамі з розным напаўненнем, іншай выпечкай! Іх прапаноўвалі гаспадыні-прадстаўніцы сельскіх Дамоў культуры Чэрвеньшчыны. Тут хапала прысмакаў на розны густ!
Быў арганізаваны выязны гандаль Чэрвеньскага райспажыўтаварыства. Жадаючыя маглі набыць духмяныя бліны, гарачыя шашлыкі і кандытарскія вырабы.
Мужчынам прапанавалі паказаць сваю моц і спрытнасць на традыцыйным слупе. Не шмат жадаючых было скарыць вышыню, нягледзячы на падарункі-узнагароды. Але знайшліся смелыя і ўпэўненыя. Ужо не першы год Павел Клындзюк аказаўся ў ліку самых спрытных, азартных і моцных. Ён першы зняў са слупа падарунак — падушку. Ужо бліжэй да завяршэння свята вырашылі выпрабаваць удачу Павел Лядскі і Максім Церашчук. Маладыя хлопцы аказаліся не толькі моцнымі, але і вельмі кемлівымі. Калі першыя спробы залезці на самы верх слупа скончыліся наўдачай, яны… намазалі далоні мёдам! І тады кожны з іх змог дастаць заслужаны падарунак.
Кульмінацыяй свята стала спальванне пудзіла Масленіцы — сімвалічнае абвяшчэнне аб пачатку вясны і надзеі на багаты ўраджай.

Кацярына ШУМКО. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *