У Чэрвені пакупнікоў запрасілі дзве крамы з фірменнай прадукцыяй

Общество

Спецыяліст па франчайзінгу з Бабруйска Людміла Батурына

Адна з іх — на вуліцы Барыкіна. У чацвер ля ўваходу ў краму традыцыйна перарэзалі чырвоную стужку старшыня Чэрвеньскага райвыканкама Андрэй Зубар, старшыня праўлення Белкаапсаюза Валерый Іваноў, генеральны дырэктар ААТ “Мінск Крышталь” Станіслаў Іодзіс. Сюды завіталі таксама дырэктар канцэрна Белдзяржхарчпрама Аляксандр Забэла, дырэктары кандытарскіх фабрык “Спартак”, “Слодыч”, “Красный пищевик”, старшыні абласных спажыўсаюзаў, намеснік старшыні райвыканкама Алена Шлома, старшыня райспажыўтаварыства Сяргей Вяракса, члены праўлення Белкаапсаюза.

На паліцах гэтай невялікай па плошчы крамы — сапраўднае багацце салодкай прадукцыі на любы густ — смачнай і якаснай. Яе прадаставілі тры вядомыя не толькі ў Беларусі, але і за межамі, кандытарскія фабрыкі — Бабруйская “Красный пищевик”, Мінская “Слодыч” і Гомельская “Спартак”. Іх спецыялісты арганізавалі для пакупнікоў шчодрую дэгустацыю, распавядалі пра адметнасці цукерак, шакаладу, пячэння… У прыватнасці, спецыяліст па франчайзінгу з Бабруйска Людміла Батурына расказала, што прадпрыемства “Красный пищевик” выпускае не толькі традыцыйныя мармелад і зефір, але і вырабленыя па новай тэхналогіі. Самае галоўнае, уся прадукцыя — з выкарыстаннем натуральнай сыравіны. Людміла прапаноўвала паласавацца, у прыватнасці, мармеладам, які ўтрымлівае сок лімона, апельсіна, зефір з дабаўленнем яблычнага пюрэ. Гэтыя цукеркі карысныя, асабліва людзям сталага ўзросту, бо ўтрымліваюць жэлацін.
Спецыяліст па мерчандайзінгу прадпрыемства “Спартак” Таццяна Папчанка запрашала пачаставацца смачным шакаладам без цукру, вафлямі розных гатункаў і іншым.
Уразіла вялікая разнастайнасць пячэння фабрыкі “Слодыч”. Яго можна купіць як на вагу, так і ў прыгожых падарункавых упакаваннях.
У краме ёсць і прадукцыя кандытараў Чэрвеньскага райспажыўтаварыства, напіткі вытворча-харчовага завода. Прадаўцы прапануюць таксама пакупнікам чай, каву. Так што выпіць кубачак прыемнага гарачага напою з любімым ласункам можна, не адыходзячы ад касы. Для гэтага тут паставілі столік.
Загадчыца магазіна Алеся Мікульчык вельмі задаволена шырокім асартыментам прадукцыі, афармленнем гандлёвай залы і мае на будучуе ідэі па пашырэнню паслуг. Алеся працуе ў гандлі дзесяць гадоў і прызнаецца, што пра такі магазін у Чэрвені яна толькі марыла.
У чацвер запрасіла за пакупкамі і другая міні-крама — на вуліцы Зяневіча. Яна распачала гандаль пераважна прадукцыяй Мінскага завода “Крышталь”. Тут таксама адбылася невялікая ўрачыстасць, на якой гасцей віталі спевамі, музыкай, духмяным караваем. Адбылася дэгустацыя напояў. Выступоўцы адзначалі, што гэтую краму адчынілі, каб забяспечыць пакупнікоў прадукцыяй шырокага асартыменту і высокай якасці. Гандлёвая марка “Крышталь” — прэстыжная, атрымала прызнанне не толькі ў нашай рэспубліцы. Прадукцыя, як сцвярджалі, яшчэ з 19 стагоддзя служыла задавальненню самага далікатнага густу.
Пакупнікі з цікавасцю наведвалі новыя крамы, задаволена гаварылі, што цяпер будуць тут набываць тое, што ўпадабалі. Асабіста я аблюбавала свежанькі і прываблівы на выгляд мармелад без пасыпкі цукровай пудрай, а таксама шакалад без цукру з 72 працэнтамі какавы. Прадэгуставаць усе навінкі не ўяўлялася магчымым фізічна. Але, слухаючы, з якім гонарам рэкламавалі прадукцыю прадстаўнікі прадпрыемстваў, можна спадзявацца: яна спадабаецца.
Дарэчы, тавар па цане ў гэтых магазінах канкурэнтаздольны ў параўнанні з іншымі крамамі розных форм уласнасці.

Эма МІКУЛЬСКАЯ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *