Гэты цудоўны адзінаццаты «А»

Люди и судьбы

Шура і Слава, Янік і Генка, Танечка, Валодзя, Мішка — калі табе 73, ужо мала хто і рэдка калі называе цябе гэткімі памяншальнымі імёнамі. Але раз на год выпадае дзень, калі вяртаюцца і дзіцячыя імёны, і бесклапотны гарэзлівы смех, і школьныя мянушкі, падколкі і анекдоты. Звычайны лютаўскі дзень, які прыносіць чароўнае вяртанне ў юнацтва. Канешне ж, гэта сустрэча выпускнікоў. Для кожнага яна незвычайная і кранальная па-свойму, нават калі ты скончыў школу ўсяго нейкіх пяць гадоў таму. Але калі з моманту выпуску прайшло не пяць і не дваццаць пяць, а цэлых пяцьдзесят пяць гадоў — гэта сапраўдная падзея, што выклікае павагу і захапленне.

Іх сабралася сямёра — былых вучняў адзінаццатага «А» 1962-га года выпуску СШ №2 Чэрвеня. Ніхто з іх не растраціў свайго аптымізму і веры ў дабро, прыстойнасці і жыццёвай стойкасці, тут няма тых, хто скардзіцца на жыццё і малую пенсію, кпіць на небагатае дзяцінства ці адсутнасць падтрымкі ў юнацтве. З маленства яны ішлі па жыццёвай дарозе самастойна, упарта і ўпэўнена; без усялякіх бацькоўскіх папруг імкнуліся да трывалых ведаў і добрых адзнак; сябравалі верна, работу рабілі адказна; знаходзілі час на спорт і заняткі музыкай, кіно, кнігі і танцы. «Колькі я ператанцаваў вакол гэтых калон!..» — з усмешкай успамінае Іван ЯНІСЛАЎСКІ ў школьным фае. Тут тыя самыя калоны і тыя ж лесвіцы, той жа спортзал, калідоры і кабінеты. Канешне, многае і змянілася. Больш за ўсё 11 «А» цікавіў нядаўна створаны Музей касманаўтыкі. Хаця многія жывуць зараз у іншых гарадах, але ганарацца сваім земляком-касманаўтам, вучнем той жа школы. З добрым гумарам паглядае неверагодны 11 «А» на настаўнікаў і адміністрацыю, што ўзростам удвая-утрая маладзей за былых вучняў. Прыгадваюць сваіх былых настаўнікаў: Уладзіміра Георгіевіча ДАРАГУЖА, Раісу Кузьмінічну ГАРБАЦЭВІЧ, класнага кіраўніка Ніну Антонаўну ТЫШКЕВІЧ, фізрука Уладзіміра Давыдавіча ЗЛОТНІКОАВА, дырэктара школы Аляксея Дзмітрыевіча БЕЛАГОРЦАВА , завуча Якава Яўсеевіча ІДЭЛЬЧЫКА. Прынамсі, узяліся падлічыць, колькі ж аднакласнікаў больш ужо не прыдуць ніколі на вечар сустрэчы — атрымалася 18 чалавек. Што ж, ніхто не маладзее, і час няўмольны. Але і пасаваць, апусціўшы рукі, 11 «А» не збіраецца: некаторыя яшчэ патроху працуюць, іншыя толькі нядаўна пайшлі на заслужаны адпачынак. Ні для каго з іх жыццёвы шлях не быў высланы саломкай.
Так, у Вані ЯНІСЛАЎСКАГА было некалькі малодшых братоў, жыць давялося з айчымам, круглы год дапамагаць па гаспадарцы, працаваць на прысядзібным участку. Пры гэтым Янік, як любоўна па-школьнаму клічуць Івана Іпалітавіча былыя аднакласнікі, паспяваў добра вучыцца і сур’ёзна займацца цяжкай атлетыкай. Пасля школы паступіў у Беларускі інстытут механізацыі сельскай гаспадаркі, працаваў у Мар’інай Горцы на пасадах, звязаных з энергетыкай, загадваў раённымі электрасеткамі. Потым стварыў свой бізнес, які зараз перадаў дзецям. Выгадаваў дзвюх дачок і сына, любіць бавіць час з унукамі, для якіх няма больш вясёлага і таварыскага дарослага, які ўсё разумее, нібы сам недзе прыхаваў часцінку маладосці.
Мішка БАХМУЦКІ ў школе быў жвавы хлопец, многія прасілі яго: «Пазнаёміш з сястрой?..» Тая сапраўды была прыгажуня, на якую заглядаліся лепшыя кавалеры Чэрвеня. Удала выйшла замуж. Ажаніўся і Міхаіл, нарадзіліся двое сыноў. Шмат гадоў працаваў майстрам вытворчага навучання ў папраўчай установе. Многім прывіў любоў да працы, павагу да людзей, імкненне да чэснага жыцця. Некаторыя з былых падапечных, вызваліўшыся і знайшоўшы чэсны шлях у жыцці, пісалі, тэлефанавалі выкладчыку, дзяліліся радасцямі і жыццёвымі здабыткамі, запрашалі ў госці.
У Шуры ЖЫЛЯНКОВА было два браты і ў аднаго з усіх хлопцаў класа — медаль, срэбраны. Куды пайсці паступаць пасля школы, выбіраў дасканала. Тады самым «шыкам» сярод прадзвінутай моладзі быў “палітэх”. Увесь Мінск тых часоў быў, бадай, адной вялізнай будоўляй, што падштурхнула выбраць факультэт, звязаны з сантэхнічнымі і газавымі камунікацыямі. Роўна 50 год адпрацаваў Аляксандр Іванавіч на будоўлях Беларусі, пайшоў на пенсію з пасады галоўнага інжынера трэста. «Бывае, ідзеш па Мінску і нібы сваіх старых знаёмых на кожным кроку сустракаеш: гэты аб’ект будаваў у свой час, і гэты, і той. Прыемна! Кажуць, мужчына павінен за жыццё дом пабудаваць, а ў мяне іх незлічоная колькасць. Значыць, не дарэмна жыву!»
Слава СІПЕР у трынаццаць гадоў застаўся без мамы, старэйшым з траіх дзяцей у сям’і. Паспытаў і мачахінага хлеба, і ранняй самастойнасці. З юнацтва засвоіў, што за ўсё адказваць і ўсяго дабівацца трэба самому. Скончыў каледж, пасля завочна атрымаў вышэйшую адукацыю. Ажаніўся, працаваў у саўгасе. Паціху, але цвёрдым крокам ішоў па кар’ернай лесвіцы. Мо таму паціху, што за ўсё жыццё нікога не «падставіў», не «кінуў», не «абскакаў». Зараз Вячаслаў Давыдавіч на пенсіі, але, як і заўжды, ён — апора сям’і, яе інтэлект і прыклад паводзін. Па шляху дзеда пайшла ўнучка Насця: працуе ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. «У яе мой розум!» — ганарыцца дзядуля, а ў вачах — тыя ж гарэзлівыя агеньчыкі, што і ў маладосці.
Валодзя БАНДАРЫК быў сярэднім з трох братоў. Што б не здарылася ў класе, кожны настаўнік першым на падазрэнне браў Вову і двух яго сяброў па ўсіх забавах — Бахмуцкага і Сасункевіча. І нездарма: шмат вясёлых гісторый з удзелам гэтай «троіцы» было ўзгадана на вечары сустрэчы. Пасля школы Уладзімір БАНДАРЫК адслужыў чатыры гады на флоце, ажаніўся, атрымаў вышэйшую адукацыю, гадаваў двух сыноў, працаваў у газаздабываючай прамысловасці на Ямале, зараз — пенсіянер Газпрома. Уладзімір Сідаравіч — вельмі добразычлівы і гасцінны гаспадар. Дзверы Бандарыкаў заўжды расчынены для любога з сяброў, знаёмых, суседзяў, калег, школьных таварышаў. Змагар за справядлівасць, дапаможца і дарадчык, весяльчак, моднік і крыху «бандыт» у самым мілым сэнсе гэтага слова — БАНДАРЫК не змяняе сабе ні ў якім узросце!
Генка ЧАРКАСАЎ са школы заўжды быў спакойным, сціплым, крыху маўклівым, але ўпэўненым, цвёрдым, таварыскім, з тых, хто ўсіх выслухае і зробіць вынік, як паступіць. Гэта сапраўдны сябра, які, не гаворачы лішняга, пры неабходнасці не раздумваючы падставіць надзейнае плячо, працягне руку дапамогі. Генадзь самы першы ажаніўся з аднакласнікаў. Яшчэ да арміі, калі астатнія толькі прыглядаліся да дзяўчат на танцах, у яго ўжо нарадзілася першае дзіця. Потым яшчэ адно. Чэсна і верна, у любві і павазе адзін да аднаго пражыў Генадзь Мікалаевіч з жонкай Кацярынай больш за пяцьдзесят гадоў. Нядаўна адзначылі залатое вяселле ў кампаніі дзяцей і шматлікіх унукаў.
І, нарэшце, пасля шасці прыгажуноў — адзіная прыгажуня ў кампаніі, што сабралася на вечарыне. Танечка ДУДЗІНА, выдатніца, спартсменка, камсамолка, музыкантка, залатая медалістка! Выйшла замуж за аднаго з лепшых спартсменаў школы, вядомага ў Беларусі лёгкаатлета і футбаліста Аляксандра САМОЙЛАВА. Сама Таццяна паступіла ў педыінстытут і ўсё жыццё працавала настаўніцай рускай мовы і літаратуры. «Калі працуеш з дзецьмі, то і сам пастаянна набіраешся ад іх юнацкай энергіі, цікаўнасці, задору. Вось мой сакрэт маладосці — будзьце бліжэй да маладых!»
…Шмат яшчэ доўжыліся ўспаміны: жартоўныя анекдоты і сур’ёзныя жыццёвыя гісторыі, смешныя выпадкі і жаданне зразумець, пераасэнсаваць нейкія філасофскія вывады… Якія ж яны цудоўныя, неверагодныя, захапляючыя людзі! Немагчыма паверыць, што кожнаму — восьмы дзясятак! Вясёлыя, гумарныя, разумныя, вопытныя, разважлівыя, добразычлівыя, з вострым розумам і юным бляскам у вачах; гатовыя заўжды дапамагчы адзін аднаму, падтрымаць, выручыць, параіць. Нібы ў кожным нейкі кактэйль найлепшых якасцяў, патрэбных для жыцця. «Мы — пакаленне, што захавала прыстойнасць», — сказаў нехта з іх. Вы — цудоўнае пакаленне, на якіх хочацца быць падобнымі! Дзякуй вам! І крэпкага вам усім здароўя, каб былі яшчэ новыя сустрэчы і новыя юбілеі!

ПРЫКОЛЫ 11-га «А»
У аднаго хлопца з класа, Мішы Вячэрскага, была мянушка «Шпіён». Яна так крэпка прыліпла да яго, што Мішу часцей звалі па мянушцы, чым па імя. Аднойчы Таня Дудзіна запрасіла Мішу да сябе ў госці, чула гэта і яе мама — што заўтра прыйдзе да іх Шпіён. Так як яна ніколі не чула, каб яго называлі Вячэрскі, яна вырашыла, што Шпіён — гэта і ёсць сапраўднае прозвішча. Вось чуецца стук у дзверы, на парозе стаіць Міша. Таня кажа яму: «О, прывітанне! Заходзь!» І Таніна мама, жадаючы паказаць гасціннасць, таксама ў дзвярах сустракае Мішу: «Добры дзень, таварыш Шпіён!.. Заходзьце…»

Вова Бандарык пасля школы вырашыў, як і астатнія, паступаць у інстытут. Адзін прадмет здаў, другі здаў, дайшло да экзамену па матэматыцы, з якой было слабавата. Як здаць? Вырашылі замест Вовы адправіць Казіка — студэнта з другога вуза, з якім вучыўся старэйшы Вовін брат. Казік вельмі добра ведаў прадмет, атрымліваў павышаную стыпендыю. Вова загадзя папрасіў: «Ты памятай: мне пяцёрка не трэба, здай хоць на тры, не выдзяляйся!» Але сеўшы пісаць адказ, Казік так захапіўся, што накатаў на пяць з плюсам. Выкладчык прыкмеціў абітурыента з занадта трывалымі ведамі і прыгледзеўся да экзаменацыйнага ліста. А там фота пераклеена! …Бяжыць па калідору нархоза Казік, за ім выкладчык з крыкам: «Лавіце яго!!!» А на лаўцы ў тым жа калідоры іх праводзяць поглядамі Вова з братам… Прыйшлося ісці Бандарыку замест інстытута ў армію.

Аднойчы Коля Сасункевіч прынёс у школу жартоўную кніжку «Украінскія прозвішчы». Сядзяць яны з Мішам Бахмуцкім на ўроку на апошняй парце, Коля кажа: «Мішка, давай пачытаем!» Сталі чытаць: «Галапупенка… Праззаборнагузакідайленка…» Канешне, смешна стала! А калі справа адбываецца там, дзе смяяцца нельга, то, кожнаму гэта знаёма — смяшней становіцца яшчэ больш, і спыніцца амаль немагчыма. Нарэшце настаўніца заўважыла, што Коля і Міша сакочуць, зрабіла заўвагу, другую… Потым ужо раззлавалася, выклікае іх, а яны абодва не могуць і слова вымавіць, толькі паглядаюць адзін на аднаго і калоцяцца ад смеху!..

Наталля КАРАЛЬКЕВІЧ. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Гэты цудоўны адзінаццаты «А»

  1. Выпускники 1962 года 11 » А» быть не могли))) тогда ещё десятилетку была).Наверное, 10″А»?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *