Медыкі падвялі вынікі, засяродзіліся на праблемах, даведаліся аб перспектывах

Общество

Гэта адбылося на мінулым тыдні падчас выніковай медыка-санітарнай нарады. У ёй бралі ўдзел старшыня райвыканкама Андрэй Зубар і намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька.

Каб прысутныя маглі параўнаць паказчыкі Чэрвеньскай раённай бальніцы ў мінулым годзе з іншымі адпаведнымі медыцынскімі ўстановамі Мінскай вобласці і сярэдняабласнымі ў мінулым годзе, Ала Шахоцька агучыла адпаведныя лічбы. З іх вынікае, што па забяспечанасці насельніцтва ўрачамі на аднаго ўрача ў Мінскай вобласці прыпадае 1159 чалавек, у нашым раёне — 1093, па сярэдняму заробку ўрачоў у вобласці — 973 рублі, у раёне — 1024,7 рубля, заробку сярэдняга медперсаналу ў вобласці — 578 рублёў, у раёне — 659,9 рубля. Як бачна, нашы медыкі знаходзяцца ў больш выгадным становішчы. А вось дэмаграфічныя паказчыкі, нізкі працэнт замацаванасці медыцынскіх кадраў у раёне даюць падставу для роздуму і дзеяння. За 2016 год у раёне нарадзілася 388 дзяцей, гэта на 3,7% менш, чым у папярэднім годзе (403 дзіцяці). Памерла ў раёне 533 чалавекі — на 4,5% больш, чым у папярэднім годзе (510 чалавек).
Па словах старшыні райвыканкама Андрэя Зубара, Чэрвеньская бальніца ў параўнанні з іншымі ў Мінскай вобласці знаходзіцца ў дрэнным становішчы. Нізкі (усяго 28) працэнт замацаванасці кадраў. Зыходзячы з гэтага, прапанаваў медыкам не засяроджваючыся на паказчыках і сацыяльных стандартах, якія выкананы, выказаць меркаванні і заўвагі наконт таго, як удасканаліць работу бальніцы і ўсіх медыцынскіх устаноў раёна, замацаваць кадры і палепшыць дэмаграфічныя паказчыкі. Адказваючы на яго пытанні, выконваючая абавязкі галоўнага ўрача раёна Ірына Астапенка назвала наступныя прычыны звальнення маладых спецыялістаў, якія адпрацавалі па размеркаванню. Гэта — маладыя жанчыны, якія паехалі да мужа на пастаяннае месца жыхарства ў іншыя раёны. Па-другое, маладыя спецыялісты не бачаць перспектывы развіцця і прафесійнага росту з-за недахопу сучаснага медыцынскага абсталявання для неабходнай дыягностыкі.
Ірына Астапенка, Алена Ігнатовіч, выконваючая абавязкі загадчыка рэнтгенкабінета і Лідзія Багамягкава, выконваючая абавязкі галоўнага ўрача Смілавіцкай участковай бальніцы, паведамілі, што неабходна для паляпшэння медыцынскага абслугоўвання. Аляксандр Аносаў, намеснік галоўнага ўрача раённай бальніцы канстатаваў, што маладыя кадры не затрымліваюцца з-за адсутнасці жылля.
— Будаўніцтва жылля ў раёне вядзецца, — зазначыў Андрэй Зубар. — Гэтую праблему будзем вырашаць. Да першага мая плануем закончыць наш «доўгабуд» на 40 кватэр. 15 з іх перададзім медыкам. У 80-кватэрным доме, які будуецца па дзяржзаказу, 30% кватэр будзе аддана сацыяльнай сферы. На стадыі завяршэння дакументацыя на будаўніцтва 50-кватэрнага жылога дома ў Смілавічах. Мы зробім усё магчымае, каб усе работнікі сферы аховы здароўя былі забяспечаны жыллём. У прыватнасці, у першую чаргу, гэта тычыцца больш кваліфікаваных кадраў — урачоў. Ён падрабязна праінфармаваў аб перспектывах будаўніцтва жылля ў раёне, забеспячэння ім сярэдняга медперсаналу і маладых спецыялістаў.
— Калі складзецца бюджэт, будзе магчымасць завяршыць год добра, пастараемся купіць і неабходнае абсталяванне, — зазначыў старшыня райвыканкама. Па яго словах, сёлета запланавана на рамонтныя работы ў Чэрвеньскай бальніцы 500 тысяч рублёў (дэнамініраваных), у Смілавіцкай — 200 тысяч. І заклікаў: «Трэба зрабіць усё неабходнае, каб Чэрвеньская бальніца была лепшай у вобласці. Усе заробленыя дадаткова сродкі будуць укладзены ў медыцыну і адукацыю. Давайце мы сустрэнемся ў ліпені і падвядзём вынікі, што зроблена, што яшчэ зможам зрабіць для развіцця медыцыны ў раёне”.
Медыкі ставілі пытанні па добраўпарадкаванню Чэрвеня, Смілавічаў і раёна, праблеме пітной вады. Андрэй Зубар распавёў пра тое, якія работы запланаваны па добраўпарадкаванню вуліц і дарог на гэты год.
— Што тычыцца якасці пітной вады, то неабходна мяняць большую частку сістэмы водаправода і будаваць станцыю абезжалезвання, — сказаў Андрэй Леанідавіч. — Гэта вялікія грошы. Імкнемся трапіць у праграму фінансавання праз Сусветны банк развіцця, каб нас пракрэдытавалі. Ёсць праблема з падачай вады ў летні перыяд. Гэта тлумачыцца вялікай нагрузкай на водаправод, які мае малы дыяметр. У прыватным сектары пакуль самае добрае выйсце — свая свідравіна, але ж гэта таксама грошы.
Ала Шахоцька засведчыла, што ў раёне недастаткова вядзецца асветніцкая работа, урачы і сярэдні медперсанал мала наведваюць працоўныя калектывы. Неабходна правесці ўсеагульную дыспансерызацыю насельніцтва, больш увагі надаваць прапагандысцкай рабоце па здароваму ладу жыцця і прафілактыцы захворванняў.
На нарадзе былі выказаны словы ўдзячнасці медыкам раёна за працу, падтрымку людзей, якія трапляюць у цяжкія сітуацыі, і ўручаны ўзнагароды: Але Красоўскай (на здымку), урачу лабараторнай дыягностыкі, загадчыцы клініка-дыягнастычнай лабараторыі за дасягнутыя поспехі ў працы па павышэнню якасці і даступнасці медыцынскай дапамогі насельніцтву і вялікі асабісты ўклад у развіццё сістэмы аховы здароўя па выніках работы за 2016 год Ганаровую грамату Галоўнага упраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама. Падзяка начальніка Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Мінскага аблвыканкама аб’яўлена фельчару, выконваючай абавязкі загадчыка Руднянскай участковай амбулаторыі Вользе Ляпёшка і загадчыку інфекцыйнага аддзялення Алегу Еліну. Шэрагу медработнікаў уручаны Ганаровыя граматы Чэрвеньскага райвыканкама і Ганаровыя граматы установы аховы здароўя «Чэрвеньская ЦРБ».

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *