Выстава мастака Грыдчына

Общество

Адкрыццё яе адбылося ў мінулую сераду падчас пасяджэння краязнаўчага клуба «Бонда». З прывітальным словам да аўтара выставы і прысутных звярнулася дырэктар раённага краязнаўчага музея Алена Забаронак. Яна адзначыла, што сёння — не проста адкрыццё выставы, а адкрыццё новага імя таленавітага мастака, ураджэнца нашага раёна — Артура Станіслававіча Грыдчына. Краязнаўца, пісьменнік Іван Ярашэвіч пазнаёміў з яго біяграфіяй, творчым шляхам. Старшы навуковы супрацоўнік музея Ірына Вабішчэвіч, куратар выставы распавяла аб яе стварэнні.

Працуе мастак у стылі сюррэалізма. У яго скарбонцы каля ста палотнаў. На выставе — васямнаццаць: «Танцующий в тумане», «Дом в параллельном мире», «Криотурбация», «Памяти поэта», «По ту сторону сознания», «Сбрасывание старой кожи», «Импровизация», «Шрамы от пузырей», «Утраченный свет», «Стена», «Отдых сошедшего с креста», «Мусор», «Вечность в раю», «Спокойная жизнь», «Мираж цивилизации», «Голубые окна», «Ракушки», «Апвеллинг».
На пытанне, чаму менавіта сюррэалізм абраў мастак для сваёй творчасці і як нараджаюцца сюжэты, ён адказаў:
«У гэтага накірунка болей магчымасцяў для выказвання сваіх думак і пачуццяў. Тут няма ніякіх правілаў і рамак. Гэта і прыцягвае. Што тычыцца іх стварэння, то ўсё адбываецца на ўзроўні падсвядомасці, гэта цяжка растлумачыць».

«Дом в параллельном мире»

Карціны прывабліваюць сваёй глыбінёй. Такое меркаванне склалася ў наведвальнікаў выставы. Гэта не простае мастацтва. Кожны па-свойму трактуе для сябе сэнс, які ўклаў мастак у той або іншы твор. Яны не дазволяць проста расслабіцца і сузіраць, а раз за разам будуць даваць нагоду для роздуму. Будуць прымушаць сумнявацца, перажываць, думаць… Глыбока філасофскія і шчырыя работы красамоўна гавораць аб багатым унутраным свеце мастака. Гэта вялікая работа яго розуму, сэрца і душы…
Высокую адзнаку атрымала творчасть Артура Грыдчына ў Нью-Йорку. Яго карціна «Дом в параллельном мире» заваявала залаты медаль міжнароднага Нью-Йоркскага конкурсу Fine arts: Global tide ў катэгорыі сюррэалізму ў 2011 годзе.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *