«Будаўнік» выйшаў у фінал

Спорт

“БУДАЎНІК” (ЧЭРВЕНЬ) — “МЕРКУРЫЙ-ДМК” (БРЭСТ) — 5:2.
27 студзеня. Стоўбцы. Фізкультурна-аздараўленчы комплекс.
“Будаўнік”: Коршун, Курыловіч, Срыбненка, Бялоў, Чысты, Тарлікоўскі, Яроміч, Лапшын, Арлоў, Сямко, Мішковіч.
Галы ў “Будаўніка”: Лапшын (11, 29, 35), Арлоў (20), Яроміч (36).

Другі год запар лёс звёў нашу каманду з брэсцкімі мытнікамі менавіта ў паўфінале розыгрышу Кубка краіны. Летась “Меркурый” выбіў чэрвеньцаў з барацьбы за ганаровы трафей, дзякуючы перамозе – 4:1, і ў выніку стаў яго ўладальнікам.
Акрамя таго, футзалісты з Брэста – дзеючыя чэмпіёны Беларусі. Праўда, у гэтым чэмпіянаце яны выступаюць не дужа паспяхова. Прынамсі, “Будаўнік” здолеў у другім туры пераканаўча выйграць у “Меркурыя” – 3:0. І не дзе-небудзь, а на яго хатняй пляцоўцы.
Гэтым разам пляцоўка для абедзвюх каманд была нейтральнай, а на коне, як і летась, стаяў выхад у фінал Кубка.
Сапернікі пачалі сустрэчу без папярэдняй разведкі. Барацьба абяцала быць жорсткай: у самым дэбюце матча каманды абмяняліся фаламі. А ўжо на трэцяй хвіліне брастаўчане адкрылі лік.
“Злейшымі будуць!”, – падумалася ў гэты момант наконт чэрвеньцаў. І сапраўды, пасля прапушчанага гола нашы апантана пайшлі наперад. Ігракам “Меркурыя” нярэдка даводзілася стрымліваць іх цаною парушэння правілаў. У выніку дружына з горада над Бугам ужо да сярэдзіны першага тайма “назбірала” пяць фалоў. І менавіта за пятае парушэнне правілаў брастаўчанам давялося разлічыцца: Андрэй Лапшын дакладным ударам са штрафнога параўнаў лік.
Перабор парушэнняў вымусіў футбалістаў “Меркурыя” у астатнія дзевяць хвілін да заканчэння першай паловы сустрэчы дзейнічаць асцярожна, каб не нарвацца на пенальці. Але нічыйны лік на табло не ўтрымаўся: на апошніх секундах тайма Аляксандр Арлоў вывеў “Будаўнік” наперад – 2:1.
Мінімальная галявая перавага чэрвеньцаў захоўвалася амаль да сярэдзіны другога тайма. А потым яе ўмацаваў Андрэй Лапшын – 3:1.
Амаль адразу ж пасля гэтага “Меркурый” змарнаваў шанц адыграць адзін мяч: ігрок брастаўчан не рэалізаваў шасцімятровы. Праўда, неўзабаве нашы сапернікі ўсё ж скарацілі разрыў у ліку.
Трэнеру чэрвеньцаў Ігару Шылу давялося браць тайм-аўт, каб пагутарыць з падапечнымі. Перапынак пайшоў “Будаўніку” на карысць: строга згуляўшы ў абароне, нашы футзалісты здолелі двойчы злавіць “Меркурый” на контратацы. Свой трэці ў гульні мяч забіў Андрэй Лапшын. А пераможную кропку ў сустрэчы паставіў Аляксандр Яроміч – 5:2.
У гэтую пятніцу “Будаўнік” сустрэнецца ў фінале з камандай “Саюз-Энерга” (Бабруйск), якая ў паўфінале перамагла пінскі “Бусел-Пікант” – 8:2. Гульня пройдзе ў сталічным спарткомплексе “Уручча”.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *