З 1928 года вядзе гісторыю адзіная ў краіне Смілавіцкая валяльна-лямцавая фабрыка

Экономика

У наступным годзе ёй споўніцца 90 гадоў. Цяпер гэта акцыянернае таварыства. Уласнік — Урад Рэспублікі Беларусь, уладальнік — канцэрн Беллегпрам. Сённяшні дырэктар фабрыкі сёлета адзначыць шасцідзесяцігоддзе. З іх 47 гадоў яго лёс звязаны з гэтым прадпрыемствам. У далёкім 1973 годзе ў сакавіку Васіль Мікалаевіч Сабан прыйшоў працаваць сюды электраслесарам. Вось якая цікавая арыфметыка.

Паступова павышаў адукацыю, займаў пасады галоўнага механіка, галоўнага інжынера, а ў 1990 годзе Васіль Мікалаевіч прызначаны дырэктарам. Цяжкімі былі гады для ўсёй эканомікі рэспублікі, а для прадпрыемстваў, якія выпускалі сезонныя тавары, яшчэ больш складанымі. У 1990 годзе ў нашай рэспубліцы было тры валяльна-лямцавыя фабрыкі — у Смілавічах, Бабруйску і Навагрудку). Захавалася вытворчасць толькіё на Смілавіцкай фабрыцы.
Распавядае Васіль Мікалаевіч Сабан:
-Валёнкі выраблялі простыя, шэрыя, без усялякіх выкрутасаў. Каб захаваць працоўны калектыў, спрабавалі вырабляць мэблю, шылі мужчынскія кашулі, жаночыя халаты. Разумелі, што нават робячы разнастайным і прыгожым асартымент валёнак, патрэбна асвойваць новыя віды прадукцыі без вялікіх укладанняў. Так прыйшлі да адкрыцця невялікай лініі па вырабу і пашыву падушак і коўдраў. Дарэчы, сыравіна для валёнак і коўдраў з падушкамі патрэбна розная. Асобна закупляецца лёгкая шэрсць гатунку «тэксель» для коўдраў і падушак. Больш грубая авечая воўна ідзе на выраб валёнак. Рынкі закупкі — дзяржавы Сярэдняй Азіі. Невялікія аб’ёмы лёгкай воўны набылі ў Гродзенскай вобласці. Па-ранейшаму асноўны аб’ём прадукцыі складаюць валёнкі. Сёння мы вырабляем болей 30 найменняў мадэляў валянага абутку, 10 відаў коўдраў і падушак з напаўняльнікамі з 100-працэнтнай мерыносавай авечай шэрсці. Маем міжнародны сертыфікат якасці і гігіенічнасці вырабаў.
Працэс вырабу і аздаблення цёплага абутку настолькі самабытны, што яго вытворчасць — гэта ў асноўным ручная работа. Былі спробы аўтаматызаваць працэс, але не атрымалася. Кожная пара самабытнага абутку патрабуе цяпла чалавечых рук. На жаль, ёсць залежнасць нашай вытворчасці ад зімовых халадоў. Але саграваюць беларускія валёначкі лепш, чым любыя імпартныя боты і бацінкі.
У дзень наша фабрыка вырабляе 100 падушак, 50 коўдраў, 350-500 пар валёнак (залежыць ад асартыменту). Пры неадходнасці, можам павялічыць аб’ёмы. Работнікі калектыву разумеюць такія абставіны і выходзяць на працу ў выхадныя дні. Працоўны стаж некаторых работнікаў перавышае пяцьдзесят гадоў. Сярэдняя заработная плата на прадпрыемстве — 600 рублёў, ёсць неблагі пакет сацыяльных паслуг. Працуе 92 чалавека.
Гэтай зімой рэалізавалі залежы абутку са складоў, якія ўтварыліся ў 2014 і 2015 гадах, калі зімы былі адносна цёплымі. Тэмп росту аб’ёму вытворчасці ў фактычных адпускных цэнах у параўнанні да 2015 года склаў 140 працэнтаў. Аб’ём экспарту павялічыўся на 106,5 працэнта. Выраблена 50 тысяч пар валёнак, у 2015 годзе — 29 тысяч. Па папярэдніх падліках за 2016 год прададзена прадукцыі на 1 980 тысяч беларускіх рублёў. З іх ў краіны Прыбалтыкі пастаўлена прадукцыі на 60 тысяч еўра, у Фінляндыю — на 38 тысяч еўра, у Казахстан — на 200 тысяч долараў, ва Украіну — на 100 тысяч долараў, у Расійскую Федэрацыю — больш чым на 7 мільёнаў расійскіх рублёў. Прычым гандляваць прыходзілася ў вельмі няпростых умовах канкурэнцыі, часам значна зніжаючы пачатковую цану.
Рэалізацыя прадукцыі ідзе на ўнутраных рынках. Для больш хуткага атрымання наяўных грошай, фабрыка мае стацыянарны магазін у Смілавічах, 2 выязныя магазіны, якія працуюць па некалькі дзён запар у населеных пунктах усіх абласцей краіны. Прапануюць сваю прадукцыю работнікі маркетынгавай службы на шматлікіх кірмашах і выставах. Вывучаюцца магчымасці продажу тавараў фабрыкі праз інтэрнет-магазіны. Попыт такі ўжо ёсць з РУП «Белпошта». Але распаўсюджвання ён не атрымаў, бо значна павялічваецца цана.
Працоўны калектыў пад кіраўніцтвам нязменнага дырэктара ўпэўнена глядзіць у будучае. Пераконваюць у гэтым шматлікія распрацоўкі новых вырабаў прадукцыі, якія дазволяць больш стабільна і з прыбыткам працаваць у міжсезонне. Вось некаторыя з іх: лазневыя камплекты з воўны, грубыя і лёгкія тапачкі, прылады для захоўвання паркету і напольнага пакрыцця ад рысак і шмат чаго іншага.
Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *