«Наш жывёлавод» — у ААТ «Валевачы»

Аграрный сектор

Старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларыса Ефіменка ўручае каштоўны падарунак жывёлаводу МТФ “Чарнаградзь” Алене Лісіцы

У новым годзе прафсаюзную акцыю “Наш жывёлавод” першымі сустракалі ў ААТ “Валевачы”.

Са старшынёй райкама прафсаюза работнікаў АПК Ларысай Ефіменка выправіліся ў гаспадарку зацемна, каб заспець работнікаў фермаў на ранішняй дойцы. На цэнтральнай сядзібе сельгаспрадпрыемства да нас, з пакункамі цукерак для кожнай фермы, далучылася старшыня мясцовага прафкама Галіна Новік.
Спачатку завіталі на МТФ “Валевачы”, дзе Падзякі райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўныя падарункі атрымалі аператары машыннага даення кароў Ніна Бабовіч і Лілія Лазовік. Тая акалічнасць, што ў якасці падарункаў абраны падушкі, нарадзіла сярод жывёлаводаў дасціпны жарт: маўляў, як аўрал на ферме будзе, дык і заначаваць на працы са зручнасцю можна. Хаця, канешне ж, сімвалічнасць такога падарунка ўсё зразумелі: каб натомленыя цяжкай працай рупліўцы добра адпачылі…

Сярод узнагароджаных – аператар машыннага даення кароў МТФ “Ялча” Вольга Корзун

З Валевачоў скіраваліся на самую аддаленую ад цэнтра ферму гаспадаркі – у вёску Ялча. Тут, хаця і прачыталі ў “раёнцы” пра акцыю, і пра тое, што эстафету ад ААТ “Чэрвеньскі райаграсэрвіс” перадалі менавіта іх сельгаспрадпрыемству, сустрэлі нас з хваляваннем. Асабліва расчулілася загадчык фермы Валянціна Кошалева.
— Раней жывёлавод быў галоўным чалавекам у гаспадарцы, – сказала яна. – А цяпер неяк забыліся на нас: больш сварацца, чым добрыя словы гавораць. А хай бы хто паспытаў нашага хлеба. Во, як зараз, мароз ціскануў: пасля працы нічога не хацелася, хутчэй бы ў цяпло. Дзякуй вялікі, што ўзгадалі і пра нас!..
Для аператара машыннага даення кароў МТФ “Ялча” Вольгі Корзун атрымаць Падзяку райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўны падарунак таксама было прыемнай нечаканасцю.

Аператары машыннага даення кароў МТФ “Валевачы” Ніна Бабовіч і Лілія Лазовік

— За дванаццаць гадоў працы такая пашана ўпершыню, – прызналася яна. – Хаця некалі, яшчэ як дырэктарам Аляксандр Шыфрын быў, у жывёлагадоўлі вынікі працы кожныя дзесяць дзён падводзілі і прэміі давалі…
На МТФ “Чарнаградзь”, дзе ўзнагароды ад прафсаюза атрымалі аператар машыннага даення кароў Галіна Ігнатовіч і жывёлавод Алена Лісіца, да акцыі далучыўся дырэктар гаспадаркі Андрэй Грыцкевіч. Ён адзначыў, што ў мінулым годзе ствараўся падмурак для дасягнення больш высокіх вынікаў у жывёлагадоўлі сёлета. У прыватнасці, у гаспадарцы рэканструявалі шэраг памяшканняў для павелічэння пагалоўя буйной рагатай жывёлы, заклалі трывалую кармавую базу. Аптымізму надае і тое, што новы год сельгаспрадпрыемства пачало з прыбаўкай прадукцыйнасці дойнага статка ў 1,5 кілаграма малака…
Завяршылася наведванне жывёлагадоўчых аб’ектаў ААТ “Валевачы” на МТФ “Ягодка”, дзе Падзяка райкама прафсаюза работнікаў АПК і каштоўны падарунак быў уручаны аператару машыннага даення кароў Вользе Фамічовай.
Наступным разам акцыя “Наш жывёлавод”, якая, нагадаем, мае на мэце дайсці да кожнай фермы раёна, незалежна ад яе вытворчых паказчыкаў, завітае ў ААТ “10 з’езд Саветаў”.
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *