На сцэне — моцныя духам людзі

Общество

69573«Разам мы зможам больш» — пад такім дэвізам прайшло мерапрыемства, прысвечанае Дню інвалідаў. Гэты дзень — сведчанне таго, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі не застаюцца па-за ўвагай дзяржавы і грамадства. Вывучаюцца іх магчымасці, матэрыяльнае становішча, аказваецца дапамога. Іх запрасілі ў раённы Цэнтр культуры і адпачынку на святочны канцэрт. Такія мерапрыемствы садзейнічаюць пашырэнню кола зносін, дапамагаюць знайсці новых сяброў, на час забыцца пра паўсядзённыя клопаты.

Удзельнікамі канцэрта былі члены пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БелТІЗ», наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання і аддзялення для людзей сталага ўросту раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, выхаванцы дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, людзі, якія пражываюць у псіханеўралагічным доме-інтэрнаце, а таксама работнікі названых устаноў.
Адшукалі таленавітых самадзейных артыстаў мастацкія кіраўнікі Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання і дома-інтэрната для дарослых — Дзяніс Галавенчык і Марына Сіняўская. Дзякуючы іх намаганням, старанным рэпетыцыям са сваімі падапечнымі, гледачы атрымалі сапраўдную асалоду ад песень у выкананні Таццяны Палазнік, Любаміра Філіповіча, Канстанціна Мірановіча, Валянціны Багловай, Ларысы Паповай, Людмілы Паплаўскай, Анатоля Іванова, Уладзіміра Трухана, Стаса Тарасава, Таццяны Языковіч, а таксама Валерыя Гардзіенкі, які акампаніраваў сабе на гітары і выканаў уласную песню «Марына».
8054Крануў душу пяшчотны танец Надзеі Паўловіч, дзяўчыны ў калясцы, з якой у пары танцаваў Роберт Сіманян. Дружныя апладысменты былі ўзнагародай дуэтам: Марыны Сіняўскай і Андрэя Нехая, Вольгі Дзержановіч і Анатоля Іванова, Людмілы Паповай і Валерыя Гардзіенкі, Валянціны Багловай і Дзяніса Галавенчыка.
Парадавалі вясёлымі песнямі ўдзельнікі хора псіханеўралагічнага дома-інтэрната і гурт «Ігуменьскі настрой».
Да ўдзельнікаў мерапрыемства звярнулася намеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце, старшыня раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын» Ала Шахоцька. Яна запрасіла на сцэну кіраўнікоў сацыяльных устаноў: Людмілу Шаркову — дырэктара раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, Элу Барысаву — дырэктара дома-інтэрната для дзяцей-інвалідаў і маладых інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і Уладзіміра Семіжона, які выконвае абавязкі дырэктара псіханеўралагічнага дома-інтэрната, і выказала словы ўдзячнасці за тое, што яны даюць магчымасць людзям знайсці сябе, раскрываюць іх таленты.
— Сённяшні канцэрт паказаў, што у нас ёсць умовы для развіцця людзей, — сказала Ала Шахоцька. — На сцэне былі артысты, якія даказалі ўсім нам, здаровым людзям, хто мае крыху больш магчымасцяў, што яны моцныя духам. Ад райвыканкама, жыхароў горада і раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» яна падзякавала кіраўнікам сацыяльных устаноў і іх супрацоўнікам, якія працуюць з гэтымі людзьмі, акружаюць іх увагай і пяшчотай.
Ала Шахоцька ўручыла торты ўдзельнікам канцэрта. Салодкі падарунак атрымалі таксама самадзейныя артысты з пярвічнай арганізацыі грамадскага аб’яднання «БелТІЗ».
Выстава, якая працавала ў фае Цэнтра культуры і адпачынку, паказала, што не толькі спяваць умеюць артысты з абмежаванымі магчымасцямі, але і ствараць цудоўныя керамічныя вырабы, кошыкі, вышываныя сурвэткі і многае іншае. Жадаючыя мелі магчымасць іх набыць.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *