Пераходны кубак «паехаў» у Смілавічы

Спорт

357Восем каманд разыгралі ў суботу ўзнагароды спартакіяды сельсаветаў раёна. Галоўны прыз — пераходны Кубак — заваявалі спартсмены Смілавіцкага сельсавета.

087
У спаборніцтвах па перацягванню каната разам са сваімі камандамі ўдзельнічалі старшыні Раваніцкага сельвыканкама Вольга Тарасік (злева) і Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза (справа)

Спаборніцтвы, якія праходзілі ў спартыўным комплексе «Ігумен» Чэрвеньскай СДЮШАР і СШ №4 Чэрвеня, уключалі ў сябе 8 відаў. Абсалютны пераможца вызначаўся па найменшай суме месцаў, занятых камандамі ў кожным з іх.
Выдатны вынік паказалі спартсмены Смілавіцкага сельсавета: ва ўсіх дысцыплінах, акрамя гіравога спорту, яны ўвайшлі ў лік прызёраў. У настольным тэнісе, шашках, валейболе і плаванні смілаўчане сталі першымі, у стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі і перацягванні каната — другімі, у дартсе — трэцімі. Як вынік — найменшая сума месцаў — 11 і пераканаўчая перамога ў спартакіядзе з вялікім адрывам ад сапернікаў.
Даволі роўна прайшлі дыстанцыю спартсмены Руднянскага сельсавета. Ім хапіла перамогі ў спаборніцтвах па дартсу, другіх пазіцый па валейболу і плаванню, а таксама трох чацвёртых, пятага і шостага месцаў у іншых відах праграмы, каб з сумай месцаў 22 заняць другую прыступку п’едэстала гонару спартакіяды.

854
Старшыня Чэрвеньскага раённага Савета дэпутатаў Валянціна Тарасік уручае пераходны кубак намесніку старшыні Смілавіцкага сельвыканкама Ірыне Марціновіч

Каманды Калодзежскага і Раваніцкага сельсаветаў набралі аднолькавую найменшую суму месцаў — 26. Аднак, дзякуючы перамозе ў перацягванні каната, агульнае трэцяе месца дасталася Калодзежскаму сельсавету. Дарэчы, гэтая каманда таксама выйграла спаборніцтвы па міні-футболу.
На пятай прыступцы — Лядзенскі сельсавет (найменшая сума месцаў — 27). Спартсмены Кліноцкага сельсавета, нягледзячы на два першыя месцы — у гіравым спорце і стральбе — толькі шостыя ў агульным заліку (найменшая сума месцаў -29). На сёмым і восьмым месцах — каманды Чэрвеньскага і Валевачоўскага сельсаветаў, адпаведна.
Пераможцы і прызёры ў кожным відзе спаборніцтваў узнагароджаны Граматамі аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама, у агульным заліку — медалямі.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *