Калыска мастака Віталія Чарнаўца

Общество

5458345Аловак у руцэ, зацікаўлены погляд і прыемная ўсмешка. Менавіта так сустракае сваіх вучняў Віталій ЧАРНАВЕЦ — настаўнік студыі выяўленчага мастацтва «Мой свет» дзіцячай школы мастацтваў.

На яго рабочым стале з-пад рэпрадукцый карцін Сезана, Маціса і Марка Шагала бачны дзіцячыя яркія малюнкі. Тут і вайна грыбоў, і Жар-птушка, і прыгожыя лілеі, і святочнае Купалле.
Віталій Уладзіміравіч за свае 25 год працы з дзецьмі выхаваў не адзін дзясятак таленавітых мастакоў, дызайнераў і архітэктараў. Дзякуючы яго працы, шмат дзяцей не только захапіліся мастацтвам, але і сваё далейшае жыццё звязалі з ім.
Як расказаў Віталій Чарнавец, з самага пачатку яму пашчасціла вучыцца ў таленавітага чэрвеньскага мастака Аляксандра ПАТАПЕЙКІ, які тады працаваў у трэцяй школе. Менавіта ён заклаў у хлопчыка любоў да малявання і паспрыяў абранню жыццёвага шляху. Потым было паступленне ў Мінскае мастацкае вучылішча імя Глебава па спецыяльнасці «Выкладанне чарчэння і малявання». Тут Віталію Уладзіміравічу зноў пашчасціла, яго настаўнікам стаў знакаміты беларускі мастак, Заслужаны дзеяч мастацтваў — Альгерд МАЛІШЭЎСКІ. Пад уплывам свайго настаўніка малады мастак закахаўся ў жывапіс і каларыстыку. З таго часу самае вялікае творчае захапленне і натхненне Віталій Уладзіміравіч атрымлівае, калі працуе над пейзажамі.
Так склаўся лёс, што пасля заканчэння вучылішча Віталій Чарнавец паехаў працаваць мастаком на Чарнобыльскую атамную станцыю имя У.І.Леніна. Калі 26 красавіка 1986 года здарылася катастрофа, трэба было эвакуіравацца, і ён з сям’ёй адразу апынуўся ў Нікалаеве, потым пераехалі жыць у Гомель, а яшчэ праз некаторы час вярнуліся ў Чэрвень, на сваю малую радзіму.
У Чэрвені Віталій Уладзіміравіч пачаў працаваць выкладчыкам мастацкага аддзялення і адначасова наладзіў работу дзіцячай студыі выяўленчага мастацтва «Мой свет».
Дзякуючы яго добрым арганізатарскім здольнасцям і сапраўднаму таленту выкладчыка, за 25 год, якія Віталій Уладзіміравіч прысвяціў мастацітву з яго вучняў больш за 20 чалавек абралі творчы шлях і сталі знакамітымі не толькі ў краіне, але і за яе межамі. Ён ганарыцца сваімі выпускнікамі і прыводзіць у прыклад іх дзіцячыя працы, якія ўпрыгожваюць сцены мастацкага аддзялення, цяперашнім маленькім мастакам.
4804Напрыклад, Валянціна Няборская прыйшла займацца ў студыю да Віталія Уладзіміравіча ва ўзросце 9 год. Як успамінае настаўнік, на той момант у сям’і дзяўчынкі былі праблемы, але Валя вельмі любіла маляваць і амаль што ўвесь час праводзіла за мальбертам. Калі скончыла школу, паступіла спачатку ў Мінскі політэхнічны каледж, потым у Акадэмію мастацтваў па спецыяльнасці — мастак па касцюму, а туды бралі толькі 5 чалавек. Сёння Валянціна Няборская з’яўляецца пераможцай і ўдзельніцай конкурсаў:»New Names BFW», «Мельніца моды», «DziKaVaTa»,»Volvo Fashion Week Moscow». Таксама яе калекцыя адзення была адзначана сусветна вядомым куцюр’е — П’ерам Кардэнам.
Выхаванцы Віталія Чарнаўца з’яўляюцца ўдзельнікамі розных міжнародных конкурсаў, а таксама абласнога конкурсу-плэнэру «Фарбы роднай зямлі».
Настаўнік адзначыў:
— Наша школа ўдзельнічае кожны год у абласных конкурсах-плэнэрах і амаль што кожны год мы займаем першыя месцы. Напрыклад, у 2016 годзе Цімафей Козыраў атрымаў першае месца ў малодшай групе. Гэты конкурс праходзіць на тэрыторыі Чэрвеньскага раёна і ў ім удзельнічае шмат мастацкіх школ вобласці. Мы выязджаем на прыроду, і дзеці малююць пейзажы, потым журы дае адзнаку працам і ўзнагароджвае пераможцаў. Мы працавалі ў Мінску, Хатыні, Волме, Ведрыцы, Смілавічах, на радзіме Станіслава Манюшкі. Дзецям падабаецца ўдзельнічаць у такіх конкурсах. Наступны, «Арт-Сесія», пройдзе ў Лагойску ў снежні 2016 года. Рыхтуемся зараз да яго.
Віталій Чарнавец — вялікі аматар і прапагандыст мастацкай творчасці, адказны і граматны спецыяліст, чалавек вельмі патрабавальны да сябе і сваіх навучэнцаў. Ён вучыць дзяцей суразмернасці формы, колеру, тэкстуры, кампазіцыйным прыёмам і размеркаванню элементаў малюнка на лісце паперы. Як лічыць сам настаўнік, каб стаць сапраўдным мастаком, патрэбна, акрамя таленту, і настойлівая праца, і адданасць мастацтву.
Таццяна МАЛАХОЎСКАЯ. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Калыска мастака Віталія Чарнаўца

  1. Я училась у Виталия Владимировича и очень ему благодарна за то, что он делает для детей и сделал для меня. Я полюбила искусство и рисование, сейчас своих детей хочу отдать к нему учиться. Спасибо!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *