Галоўны архітэктар Чэрвеньскага раёна Аляксандр РАМАНЧЫК: «Чэрвень стане больш прывабным»

Благоустройство

4575Як паведамляў ужо «Раённы веснік», унітарнае прадпрыемства «БЕЛНДІПГОРАДАБУДАЎНІЦТВА» распрацавала праект Генеральнага плана Чэрвеня, які разлічаны на два этапы — да 2020 і да 2025 года. Аб тым, якія пераўтварэнні чакаюць горад у бліжэйшае дзесяцігоддзе, распавёў у гутарцы з нашым карэспандэнтам галоўны архітэктар раёна Аляксандр Раманчык.

— Аляксандр Уладзіміравіч, увогуле навошта патрэбны такі праект?
— Каб у выніку яго рэалізацыі зрабіць Чэрвень больш утульным для жыхароў і прывабным для гасцей. Час для пераўтварэнняў наспеў ужо даўно. Тым больш, што горад знаходзіцца ўсяго ў паўсотні кіламетраў ад сталіцы краіны, побач пралягае мадэрнізаваная аўтамагістраль міжнароднага значэння.
— Згодна з праектам, ужо на першым этапе плануецца ўключыць у рысу горада вёску Хвойнікі і лесапаркавую зону. Чым выклікана такая неабходнасць?
— Хвойнікі ўжо зараз фактычна знаходзяцца ў рысе Чэрвеня. Юрыдычнае наданне паселішчу адпаведнага статусу, напрыклад, дасць магчымасць пры наяўнасці фінансавых сродкаў добраўпараўкаваць тут дарогі нароўні з гарадскімі.
Падобная ж сітуацыя — і з лесапаркавай зонай. Зараз яна належыць да дзяржаўнага ляснога фонду. А таму мерапрыемствы па добраўпарадкаванню гэтай тэрыторыі не могуць фінансавацца ў рамках бюджэтных праграм.
— Як і з улікам чаго у Генеральным плане вызначаны месцы пад жылую забудову?
— Шматкватэрная забудова размесціцца ў мікрараёне вуліцы Барыкіна на ўчастку за фізкультурна-аздараўленчым комплексам, які прылягае да вуліц Нараўлянская і Перамогі. Гэтая тэрыторыя абрана таму, што тут ёсць усе неабходныя камунікацыі, развітая сацыяльная інфраструктура, побач — кацельная, дзе бліжэйшым часам правядуць рэканструкцыю.
Што да індывідуальнай забудовы, то яна будзе фарміравацца выбарачна ў розных частках горада. У прыватнасці, пад яе аддадзены правы, калі выязджаць з горада, бок вуліцы Гарбачова.
Дарэчы, хачу заўважыць, што ахвотных мець кватэру ў шматпавярховым доме ў нас значна больш, чым тых, хто жадае будавацца індывідуальна. Адсюль — і прыярытэты ў праекце Генеральнага плана Чэрвеня.
— Адзін з пунктаў праекта — развіццё цэнтра горада паміж вуліцамі Луначарскага і Карла Лібкнехта з прасторавым пашырэннем уздоўж вуліц Мінскай, Мікалая Зяневіча, Ленінскай, Гарбачова. Што гэта азначае на практыцы?
— Найперш — знос старога жылля і будаўніцтва на яго месцы або больш сучасных дамоў, або дзелавых, гандлёвых цэнтраў…
— …Але для гэтага трэба прапанаваць людзям новае жыллё ўзамен…
— …Так. Або жыллё, або грашовую кампенсацыю за яго. Аднак гэта, хутчэй за ўсё, больш аддаленая перспектыва, пасля 2020 года.
— А ці не нашкодзіць рэканструкцыя адметнаму гістарычнаму цэнтру Чэрвеня?
— Гістарычныя будынкі абавязкова будуць захаваныя. Адзінае, што плануецца — абнавіць іх фасады.
— Цікавы момант праекта — вынас на новыя пляцоўкі шэрагу аб’ектаў. У прыватнасці, ААТ «МінскАграТранс» і раённай арганізацыі ДТСААФ, якія месцяцца на вуліцы Мікалая Зяневіча. І звязана гэта з планамі стварыць зону для прагулак уздоўж ракі Ігуменка з пашырэннем яе рэчышча і арганізацыяй парка, ці нават гідрапарка. Распавядзіце, калі ласка, падрабязнасці.
— Сапраўды, гэта прадугледжана праектам на другім этапе яго рэалізацыі. Добраўпарадкаванне Ігуменкі мяркуецца пачаць з яе вытоку, дзе прапануецца стварыць зону адпачынку са штучным вадаёмам і высадкай лесапалос. Ад Натальеўскага возера плануецца пабудаваць набярэжную ўздоўж Ігуменкі да вуліцы Мінскай…
— …Але ж рэчка наша вузкая, мелкаводная…
— Гэта праблема вырашальная. Адзін з варыянтаў, які паспяхова рэалізаваны ў іншых гарадах — абсталяванне запруды са шлюзам.
— Аляксандр Уладзіміравіч праект Генеральнага плана Чэрвеня даволі аб’ёмны. Немагчыма ахапіць у гэтай гутарцы ўсё і адразу. Магчыма, ёсць моманты, на якіх Вы самі хацелі б засяродзіцца?
— Магу сказаць, што ўжо у наступным годзе плануецца пачаць будаўніцтва новага дзіцячага садка на 210 месцаў у мікрараёне вуліцы Барыкіна. Бо сёлета самаму «маладому» ў горадзе садку споўнілася 25 гадоў. Хочацца, каб нашы дзеці гадаваліся ў больш сучасных умовах…
Таксама ў планах — рэканструкцыя цэнтралізаванай каналізацыйнай сістэмы. З тым, каб да 2025 года да яе былі падключаны не толькі шматкватэрныя дамы, але і сядзібная забудова. А яшчэ у Генеральны план закладзены рэканструкцыя вулічна-дарожнай сеткі, прычым, не толькі ў цэнтры горада, абсталяванне ліўневай каналізацыі адкрытага і закрытага тыпаў з будаўніцтвам калектара.
— Аляксандр Уладзіміравіч, і, бадай, галоўнае пытанне. Рэалізацыя Генеральнага плана запатрабуе вялікіх фінансавых выдаткаў. Адкуль возьмуцца грошы?
— Інснуюць разнастайныя дзяржаўныя праграмы па фінансавай падтрымцы такіх гарадоў, як Чэрвень. Разлічваем на ўваходжанне ў іх. Тое ж шматкватэрнае жыллё плануем узводзіць на ўмовах долевага будаўніцтва.
— А калі распрацаваны праект стане паўнавартасным Генеральным планам?
— Да 30 лістапада ён павінен быць канчаткова дапрацаваны. Бліжэйшым часам вынесем праект на грамадскае абмеркаванне, каб кожны жыхар Чэрвеня меў магчымасць з ім азнаёміцца, задаць пытанні, унесці свае канструктыўныя прапановы. Таксама напрыканцы абмеркавання прадугледжаны адзін дзень, калі жадаючыя атрымаюць магчымасць арганізавана сустрэцца з праекціроўшчыкамі. Пра гэты мы дадаткова паведамім праз раённую газету.
— А «Раённы веснік», у сваю чаргу, будзе інфармаваць чытачоў пра ход рэалізацыі мерапрыемстваў Генеральнага плана…
— Шчыра спадзяюся, што чытачы «раёнкі», ды і ўсе чэрвеньцы не застануцца тут староннімі назіральнікамі, а актыўна далучацца да ўвасаблення. задуманага ў жыццё праз удзел у суботніках, іншых добраахвотных акцыях. Бо зробленае застанецца не толькі нам, але і нашым нашчадкам.
Гутарыў
Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *