Час зябліва і кукурузы на зерне

Аграрный сектор

1
Механізатар Андрэй Пятруша (справа) і намеснік дырэктара гаспадаркі Анатоль Красуцкі

Восень замыкае кола земляробчых клопатаў апошнімі відамі работ у полі: гаспадаркі завяршаюць уборку кукурузы на сілас і пачынаюць яе абмалот на зерне, набірае хаду ворыва зябліва.
У сельскагаспадарчым вытворчым філіяле «Аграбуд» адкрытага акцыянернага таварыства «Мінскжалезабетон» на ворыве задзейнічаны тры адзінкі тэхнікі.

— На энерганасычаным «Кейс-Магнуме» з плугамі працуе Мікалай Разганаў, на трактарах «МТЗ» — Андрэй Пятруша і Леанід Азаранка, — распавядае галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік. — У сярэднім за дзень яны заворваюць 35-40 гектараў. Тэмпы дастатковыя, каб скончыць гэты від работ у належныя агратэхнічныя тэрміны. Бо своечасовае ворыва зябліва — важны складнік добрага будучага ўраджаю.

2
Камбайнер Юрый Жарабцоў, галоўны аграном гаспадаркі Леанард Мельнік і вадзіцель на адвозцы зерня кукурузы Анатоль Аксяневіч

На 125 гектарах ворыўных палеткаў, дзе налета плануем вырошчваць кукурузу, папярэдне ўносім арганіку. Гэта дасць магчымасць з’эканоміць на набыцці нятанных сёння мінеральных угнаенняў…
Кукурузу на сілас у гаспадарцы ўжо амаль убралі. Ураджайнасць масы тут самая высокая ў раёне — 362 цэнтнеры з гектара. Зерне гэтай культуры, абмалот якога на камбайне «Дон-1500» са спецыяльнай прыстаўкай пачаў днямі механізатар Юрый Жарабцоў, таксама ўрадзіла — амаль 80 цэнтнераў на круг. — Кукурузу мы сёлета вырошчвалі на 500 гектарах, — кажа Леанард Мельнік. — Сеялі гатункі беларускай селекцыі — «Палескі 175», «Палескі 212» і «Кубанскі». Унеслі поўны комплекс мінеральных угнаенняў, зрабілі падкормку азотам. Каб пасевы не прыглушыла пустазелле, правялі іх апрацоўку гербіцыдам глебавага дзеяння «Адэнга»…

3
Машыніст КВК-800 Міхаіл Васільеў і вадзіцель на адвозцы сіласнай масы Уладзімір Бандаровіч.

Восень засведчыла, што выдаткі на вырошчванне кукурузы сябе апраўдалі. У гаспадарцы нарыхтавалі з яе сіласу ўдвая больш, чым летась. А кукурузнага зерня хопіць не толькі для таго, каб кампенсаваць сёлетні невялікі недабор збожжа на патрэбы жывёлагадоўлі, але і на продаж. Тым больш, што, паводле папярэдніх звестак, яго закупачны кошт складзе 3 тысячы недэнамінаваных рублёў за кілаграм. Гэта нават даражэй, чым харчовая пшаніца трэцяга класу.
Дарэчы, і ў цэлым па нарыхтоўцы кармоў для грамадскага статку СВФ «Аграбуд» сёлета — відавочны лідар у раёне. Тут назапасілі на ўмоўную галаву жывёлы амаль па 40 цэнтнераў кармавой адзінкі — удвая больш мінулагодняга.
— За поспехамі ў раслінаводстве — зладжанасць спецыялістаў агранамічнай і інжынернай службаў, заўсёды своечасовая і дзейсная падтрымка нашага прадпрыемства-інвестара, — адзначае намеснік дырэктара гаспадаркі Анатоль Красуцкі. — І, канешне ж, руплівая праца ўсяго калектыву.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *