Яе любві і пяшчоты хапае на ўсіх

Люди и судьбы

4576579
Злева направа: Наташа, Насця, Вольга і Віка

Сціплая і прывабная, добрасардэчная і спакойная, гаспадарлівая і гасцінная.
Менавіта такая Вольга Уладзіміраўна Ананіч з вёскі Турэц. Разам з мужам Ігарам Фёдаравічам гадуюць траіх дочак і двух сыночкаў. Нарадзіць столькі дзетак і выхаваць іх добрымі людзьмі —  няпроста. Таму і ўзнагароджвае дзяржава шматдзетных матуль, як гераінь, бо гэта сапраўды жаночы подзвіг.
Узнагароду — ордэн Маці — у Мінскім аблвыканкаме Вольга Ананіч атрымала 12 кастрычніка.

Вольга зараз знаходзіцца ў адпачынку — даглядае самую маленькую дачушку — Вікторыю, якой толькі адзін годзік і тры месяцы. Працавала жанчына ў адкрытым акцыянерным таварыстве «Х з’езд Саветаў» жывёлаводам. Муж — таксама жывёлавод. Гаспадарка выдзеліла сям’і дом, зараз ён прыватызаваны. Дагледжаны падворак і агарод. І ў доме — парадак. Калі толькі спраўляецца жанчына са ўсімі хатнімі справамі!
Уладкоўваемся на канапе. Маленькая Віка туліцца да мамы. Чатырохгадовы сынок Міша — у садку, дзве дачушкі — Анастасія і Наталля — школьніцы, займаюцца абедзве ў пятым класе Турэцкай школы, хаця Наташа на год старэйшая. Іх таксама пакуль няма. Старэйшы сын Аляксандр ужо вучыцца ў Мінску ў ліцэі №9, набывае будаўнічую спецыяльнасць.
Часцей шматдзетнымі становяцца сем’і, бацькі ў якіх самі маюць шмат сясцёр і братоў. У Вольгі — адзін толькі малодшы брат. А вось Ігар — са шматдзетнай сям’і. У яго бацькоў — чацвёра дзяцей.
Старэйшыя дзяўчынкі ўжо добрыя памочніцы маці: і посуд памыюць, і ў доме прыбяруць, і з маленькімі Мішам і Вікай пагуляюць. Ды і на агародзе дапамагаюць агародніну вырошчваць: і палоць, і паліваць.
Пакуль мы размаўлялі, Наташа і Насця прыбеглі са школы. Яны самі расказалі пра свае захапленні. Займаюцца ў школе ў секцыі скалалазання. І вынікі гэтых заняткаў нядрэнныя — на абласных спаборніцтвах у Мар’інай Горцы абедзве занялі прызавыя месцы: Насця — першае, Наташа — трэцяе. Такія заняткі, па меркаванню дзяўчынак, дысцыплінуюць, выхоўваюць вытрымку, увагу і вынослівасць. Яшчэ ёсць у іх захапленне — яны робяць карціны з паперы. А вучацца гэтаму ў гуртку, які называецца «Папяровая філігрань». З тонкіх рознакаляровых папяровых стужачак скручваюцца лісцікі і пялёсткі, бутоны і кветкі, а тады наклейваюцца на кардон. А калі і рамка прыгожая ў карціны — цэлы шэдэўр атрымоўваецца! Яны з задавальненнем дэманструюць свае творы. У секцыі стаяць таксама зробленыя рукамі дзяўчынак «дрэвы шчасця» — з ружовых і чырвоных шаўковых стужак накручаны ружы і аформлены ў букет на высокай ножцы. Сапраўды, як дрэва. Уражанне такое, што іх зрабілі прафесійныя мастакі!
Дружная сям’я ўсё робіць разам — і працуе і адпачывае. Напэўна таму і запрасілі яе ўдзельнічаць два гады таму ў раённым конкурсе «Уладар сяла», які ладзіўся ў вёсцы Ляды. Сям’я Ананічаў заняла на ім трэцяе месца. Ігар і Вольга паказалі сябе сапраўднымі гаспадарамі. Гэта ўсё дзякуючы таму, што самі трымаюць вялікую гаспадарку. Ёсць у іх конь, карова, гусі, куры. Усё ўмеюць рабіць гэтыя працавітыя людзі.
А наконт майго пытання, ці планавалі нарадзіць столькі дзяцей, Вольга адказала:
— Ніякіх планаў мы не мелі і не маем. Радуемся кожнаму нашаму дзіцяці. І любім іх. Шмат любві не бывае…
Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

На здымку: (злева направа) Наташа, Насця, Вольга і Віка



1 комментарий по теме “Яе любві і пяшчоты хапае на ўсіх

  1. Очень приятная женщина, лично с ней знакома! Семья у неё очень хорошая! Одним словом — мамочка!

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *