Свята аграгарадка Ляды

Общество

45785Ясны сонечны вераснёўскі ранак ствараў святочны настрой. Прыгожая, уся ў кветках і зеляніне, школьная тэрыторыя сустракала гасцей. На свята сабралася ўся вёска, прыехалі і з суседніх: дзеці, ўнукі, праўнукі, родныя і сябры жыхароў аграгарадка.

Да ўдзельнікаў урачыстасці звярнулася старшыня Лядзенскага сельвыканкама Алена Гамеза:

— Заўсёды лічылася, што вёска — гэта адна вялікая сям’я і ўсіх аб’ядноўвае адзін агульны дом. Наш агульны дом — гэта аграгарадок Ляды. Якім ён будзе, залежыць ад нас — ад нашай узаемапавагі, узаемнай падтрымкі, жадання зрабіць яго камфортным і добраўпарадкаваным. Няхай квітнее і прыгажэе наш агульны дом. А жыццё кожнай сям’і будзе напоўнена радасцю, дабрабытам, упэўненасцю ў заўтрашнім дні. Няхай у вашых дамах ніколі не згасне святло, а сямейны ачаг сагравае вашы сэрцы. Няхай пануе на нашай зямлі шчасце і дабрыня. Віншую ўсіх са святам!

Звяртаючыся да прысутных насмеснік старшыні райвыканкама па сацыяльнай сферы і ідэалагічнай рабоце Ала Шахоцька сказала:

— Другі год у раёне як эстафета перадаецца гэтае свята — свята вёскі. Гэта добрая падстава пагутарыць, пабачыць адзін аднаго. Вельмі радасна, што тут чуецца дзіцячы смех, мы бачым шмат маладых людзей — прыгожых, шчаслівых, якія ўсміхаюцца. Гэта значыць, што аграгарадок Ляды мае вялікую будучыню. Няхай у вас на душы будзе свята, на зямлі — парадак, а ў сем’ях — згода і дабрабыт. Са святам вас! Няхай на вашай зямлі заўсёды свеціць такое яркае ласкавае сонца.

Як старшыня раённай арганізацыі «Беларускі саюз жанчын» Ала Шахоцька павіншавала жанчын з 25-годдзем стварэння гэтай арганізацыі ў Беларусі, выказала словы падзякі яе членам, якія працуюць на лядзенскай зямлі, клапоцяцца аб тым, каб аграгарадок развіваўся і далей. Яна ўручыла Удзячны ліст і падарунак ад раённай арганізацыі Алене Гамеза, старшыні сельвыканкама, старшыні пярвічнай арганізацыі Лядзенскага сельсавета грамадскага аб’яднання «Беларускі саюз жанчын», а таксама падарунак дырэктару Лядзенскай школы Ірыне Змачынскай.

Валянціна Тарасік, старшыня раённага Савета дэпутатаў у сваёй прамове зазначыла:

— Шаноўныя жыхары, госці аграгарадка Ляды! Стала традыцыяй праводзіць свята вёскі. Кожны месяц мы збіраемся, каб даведацца пра самае адметнае тут. У аграгарадку Ляды ёсць паспяховае сельгаспрадпрыемства, сельскі Савет, два магазіна, школа, дзіцячы садок, ФАП, пошта — усё, што неабходна чалавеку для яго паўсядзённых патрэб. Застаецца толькі жыць, працаваць, шанаваць адзін аднаго. Школа — самае прыгожае месца на вёсцы. Таму менавіта тут праходзіць свята. Тут прыгожа не толькі ўвосень — у любую пару года на яе  тэрыторыі парадак і прыгажосць, створаная рукамі ўсяго калектыву школы:  педагогаў,  вучняў, іх бацькоў. Вялікая заслуга ў гэтым  кіраўніка, дэпутата сельскага Савета Ірыны Змачынскай. Хочацца, каб на ўсіх падворках была не меншая прыгажосць. Сёння гэта магчыма і не патрабуе вялікіх матэрыяльных выдаткаў. Давайце ўсе будзем упрыгожваць сваю зямлю, каб свята суправаджала вас кожны дзень.

Арганізатарам падрыхтоўкі да свята быў сельскі Савет і яго кіраўнік Алена Дзмітрыеўна Гамеза. Выказваю ёй удзячнасць за праведзеную работу, яна вельмі хацела, каб усе вяскоўы святкавалі сёння ад душы, прыгатавала шмат падарункаў, віншаванняў. Віншую ўсіх!

-Самы вялікі здабытак лядзенскай зямлі — гэта яе людзі, — адзначыла Алена Гамеза. — Яны працавітыя і сціплыя, не ўяўляюць жыцця без родных мясцін.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара

Працяг чытайце ў газеце «РАЁННЫ ВЕСНІК»  №№ 183-185 (24 верасня 2016 года).



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *