Мужнасць, адвага і гонар у гэтай прафесіі ёсць

Общество

457На гадавым святочным календары ратавальнікаў Беларусі — дзве даты. 19 студзеня адзначаецца Дзень ратавальніка, а 25 ліпеня — Дзень пажарнай службы.
І калі Дзень ратавальніка — яшчэ вельмі «маладое» свята, яго адзначаюць у нашай краіне з 1999 года, то з Днём пажарнай службы пажарных віншуюць з 1853 года. Менавіта тады 25 ліпеня ў Беларусі былі ўтвораны першыя прафесійныя пажарныя каманды.

Пра будні чэрвеньскіх ратавальнікаў распавядае выконваючы абавязкі начальніка раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях маёр унутранай службы Вячаслаў Саўковіч:
— Абодва нашыя святы неаддзельныя адзін ад аднаго. Усё часцей пажарных называюць ратавальнікамі, бо яны выконваюць увесь спектр работ не толькі па тушэнню пажараў, але і пры здарэннях на вадзе, ліквідацыі аварый на транспарце і на прамысловых прадпрыемствах, мінімізацыі наступстваў падтоплівання і снегавых заносаў, пры ўборцы аварыйных дрэў.
Усіх выпадкаў, у якіх людзям можа спатрэбіцца наша дапамога, і не пералічыш. Магу сказаць толькі адно: работнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях кругласутачна знаходзяцца ў баявой гатоўнасці. Аднак важна і самім грамадзянам разумець, што ў большасці выпадкаў бяды можна пазбегнуць. Асабістая неабачлівасць, неасцярожнасць пры абыходжанні з агнём — менавіта той самы «чалавечы фактар» у дзевяноста працэнтах выпадкаў прыводзіць да трагедыі.
Сёлета за першае паўгоддзе падраздзяленні раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях 30 разоў выязджалі на тушэнне пажараў, 3 — на тушэнне тарфянікаў, 114 — на тушэнне ўзгаранняў, якія не падлягаюць уліку. Падчас тушэння пажараў выратавана 27 будынкаў. На жаль, у агні загінула 8 чалавек…
Сапраўды гарачай выдалася сёлета вясна, калі на ўзгаранні сухой травы і смецця пажарныя аўтамабілі выязджалі штодня, іншы раз — некалькі разоў за суткі. Пры гэтым агонь часта пагражаў жыллю грамадзян. Але, дзякуючы аператыўнай працы службы ратавання, усе падобныя ўзгаранні своечасова ліквідаваліся. Гібелі людзей у выніку вясновага выпальвання травы ў нашым раёне не дапушчана, аднак зарэгістраваны выпадкі атрымання апёкаў.
Сярод іншых нашых надзённых клопатаў — дапамога насельніцтву ва ўборцы аварыйных дрэў, праверка вентыляцыйных каналаў пасля ўстаноўкі ў дамах газавага абсталявання, падвоз і адпампоўванне вады для арганізацый. Падчас жніва супрацоўнікі раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях будуць дзяжурыць на палетках, каб абараніць ад магчымай вогненнай бяды камбайны, аўтамабілі і людзей, занятых на ўборцы ўраджаю.
Значную ўвагу мы надаём супрацьпажарнай бяспецы жыхароў раёна. За першае паўгоддзе праверылі 4368 жылых дамоў, праінструктавалі аб мерах бяспекі больш за 5 тысяч чалавек. Таксама правялі 58 гутарак у працоўных калектывах, 70 сельскіх сходаў, 12 выступленняў на бацькоўскіх сходах. Акрамя таго, ладзім тлумачальную працу з дзецьмі ва ўстановах адукацыі і летніх аздараўленчых лагерах, размяшчаем прафілактычныя матэрыялы ў раённай газеце, на радыё і на інтэрнэт-сайце райвыканкама.
Супрацоўнікі аддзела таксама маюць адметныя дасягненні ў спартыўных і іншых мерапрыемствах. У прыватнасці, сёлета яны занялі прызавыя месцы ў раённых спаборніцтвах па лыжных гонках, міні-футболу, настольнаму тэнісу, у раённым велапрабегу. А зусім нядаўна вадзіцель пажарнай аварыйна-ратавальнай часці №2 Смілавічаў сяржант унутранай службы Аляксандр Валчок стаў другім у фінале абласнога конкурсу «Лепшы вадзіцель падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях Мінскай вобласці»…
Работнікі пажарнай службы, не шкадуючы свайго здароўя, а часам і жыцця, штогод ратуюць ад пажараў тысячы людзей і адзінак маёмасці. Яны — тыя, хто ў мірны час абраў шлях бітвы з адной з самых лютых стыхій — агнём. Мужнасць ратавальнікаў-пажарных заслугоўвае асаблівай павагі і шанавання.
Шаноўныя калегі! Дзякую за вашу вытрымку і прафесіяналізм. Жадаю ў прафесіі стойкасці і цярпення, у сем’ях — дабрабыту і ўтульнасці, любові, здароўя і разумення. І, вядома, сухіх вам рукавоў!



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *