У нарыхтоўшчыкаў гарачая пара

Экономика

Паведамляе Аляксей СЕМКО, намеснік старшыні Чэрвеньскага райспажыўтаварыства па нарыхтоўках, прамысловасці і знешнеэканамічнай дзейнасці:

— Сёлетні сезон нарыхтовак для нас пачаўся значна раней, чым летась. Цяпер актыўна займаемся закупкай чарніц у насельніцтва. Нарыхтавана гэтых ягад ужо 15 тон (летась — 25 тон). Яны ў асноўным ідуць на экспарт, чарніцы ахвотна купляюць прыбалтыйскія краіны, Польшча, Расія. Прадаём іх таксама на Камароўскім рынку ў Мінску. Закупачная цана на ягаду — 21 тысяча рублёў за кілаграм (гэта цана і далей — да дэнамінацыі). Працягваем іх закупляць. Людзі ахвотна здаюць ягады і не толькі чарніцы. Сёлета карысталіся асаблівым попытам садовыя суніцы. Іх мы набывалі ў Брэсцкай вобласці ў вёсцы Дварэц. Нарыхтавалі і прадалі насельніцтву паўтары тоны (у мінулым годзе — адну). Зараз будзем закупляць буякі. Летась іх нарыхтавалі 0,5 тоны.
Купляем у насельніцтва парэчкі чорныя і чырвоныя па 5 тысяч рублёў і 3 тысячы рублёў за кілаграм адпаведна. Іх таксама прадаём на Камароўцы і Чэрвеньскаму вытворча-харчоваму заводу. Створаны ўсе ўмовы для захавання закупленай прадукцыі, маюцца халадзільныя камеры.
Планаў па закупках ягад, грыбоў і агародніны ў нас няма. Ёсць планы па закладцы гэтай прадукцыі на захаванне, калі будзем нарыхтоўваць яе на асенне-зімовы перыяд. У Столінскім раёне закупляем раннюю агародніну. Прадаём насельніцтву. Таматаў закупілі 9,3 тоны, гэта на 1,5 тоны болей, чым за такі ж перыяд летась, агуркоў грунтовых — 21 тону, што таксама болей на 1,8 тоны. Цыбулі, капусты і буракоў закуплена не менш, чым летась і адпаведна — 1,2 тоны, 27,5 тоны, 2,1 тоны. Морквы пакуль — на 2,1 тоны меней, чым летась — 4,5 тоны. Зараз на падыходзе яблыкі, грыбы. Ужо лісічак закупілі 0,1 тоны па 50 тысяч рублёў за кілаграм і прадалі. Мы нарыхтоўваем розныя ядомыя грыбы. Часцей гэта белыя грыбы, апенькі, лісічкі. Апошнія карыстаюцца вялікім попытам у Польшчы.
Хутка сезон збору брусніц, журавін. Для многіх чэрвеньцаў гэта добрая магчымасць атрымаць дадатковы заробак.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *