Людзям — на радасць, а ёй — матэрыяльная дапамога

Общество

679Ёсць людзі, якія змогуць знайсці сабе занятак, атрымаць ад яго асалоду і прыбытак нават у пустыні. Для такіх узрост не мае ніякага значэння, толькі б здароўе не падвяло, а справу для рук і сэрца знаходзяць заўсёды.

Такія думкі з’яўляюцца, калі размаўляеш з Палінай Дзяржынскай. Нарадзілася яна і ўсё жыццё пражыла ў Мінску. Працавала на розных пасадах у гандлі на пладоваагароднінным камбінаце. У 90-х мела сваю фірму, гандлявала гароднінай. У штаце было амаль сто чалавек, кожнаму патрэбна было даць дакладнае заданне і пракантраляваць яго выкананне. Адсюль вялікая сабранасць і самадысцыпліна. Калі выйшла на пенсію, без ваганняў пакінула сталіцу, набыла домік у вёсцы Іванічы. Адрамантаваўшы хату, захавала самабытныя адметнасці: печ і грубкі. Канешне, і сучасныя выгоды дабудавала з дапамогай спецыялістаў.
Усю працаздольнасць, усе захапленні і ўменні яна перанесла ў невялікі агародчык. Спачатку ўсё засявалася і вырошчвалася для душы. Калі розных кустоў, дрэўцаў, кветак стала шмат, прыйшла думка прапанаваць сваю «прадукцыю» на продаж. Людзям — на радасць, а ёй — матэрыяльная дапамога. У Паліны Мікалаеўны ёсць фітасанітарны сертыфікат, даведка аб наяўнасці прысядзібнага участка. Кожны месяц яна плаціць падатак і мае права гандляваць раслінамі.
Вырошчвае хвойныя (туі і ядловец), вярбу двух відаў, элеутэракок, шаўкавіцу, барбарыс, кусты дэйцыі, лапчатку, зверабой, ружы, лаванду, лілеі, касачы, лінейнікі, рамонкі, ёсць касцяніцы (гібрыд клубніцы з ажынай) і іншыя дэкаратыўныя расліны. Усе шматлетнікі. Перш, чым прапанаваць пакупнікам, з глебы перасаджвае штучна кожную расліну ў асобны гаршчок, каб адапціравалася, без цяжкасцей прыжылася на новым месцы. Гандляваць выязджае ў суботу і нядзелю на ярмаркі і базары ў Чэрвень і Смілавічы. Ёсць шмат пастаянных пакупнікоў. З некаторымі нават сябруе, абменьваецца рэдкімі відамі кустоў і кветак.
Новыя віды і гатункі знаходзіць па інтэрнэту, наведвае выставы ў Мінску. Шмат цікавага падказвае сяброўка — ладшафтны дызайнер. Працаваць, канешне, патрэбна старанна і цяжка. Улетку працоўны дзень пачынаецца ў чатыры гадзіны раніцы і доўжыцца да змроку. Расліны, як і ўсё жывое, патрэбна падкарміць, паліць. Садовыя работы пачынаюцца з першым цяплом, а заканчваюцца з першым снегам і замаразкамі. Штосьці гіне, страты ёсць заўсёды. Але старанная праца і ўпартасць даюць свае вынікі.
У міжсезонне Паліна Мікалаеўна сустракаецца з дзецьмі, унукамі, сябрамі, адпачывае па магчымасці ў санаторыі. Дэвіз па жыцці гэтай жанчыны: «Галоўнае сябе арганізаваць, каб было цікава жыць».

Галіна ГАМЕЗА. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *