ФК «Старыя Дарогі» — «Колас» (Чэрвень) — 0 : 3

Спорт

769
Футбалісты «Коласа» радуюцца забітаму мячу

12 чэрвеня. Старыя Дарогі. Гарадскі стадыён.
Пераменная воблачнасць. 16 градусаў. 80 гледачоў.
«Колас»: Аўраменка (Пахажай, 84), Качаргін (Юдо, 90), Палтаржыцкі, Лаўрык, Талкачоў, Палынін (Фофанаў, 75), Чысты, Лапшын, Шыраеў (Канцур, 84), Шукеловіч, Мрынскі.
Галы ў «Коласа»: Мрынскі (68), Чысты (71), Шукеловіч (87).

Футбольны клуб «Старыя Дарогі» — бадай, самы нязручны для «Коласа» сапернік у чэмпіянаце вобласці. За апошнія чатыры гады каманды сустракаліся шэсць разоў. У пяці матчах перамагалі старадаражане, яшчэ адзін скончыўся ўнічыю. У Старых Дарогах «Колас» гуляў тройчы, і ва ўсіх матчах прайграў — 1:3, 1:4, 1:2. Таму залішне казаць, з якім жаданнем паправіць сумную статыстыку выходзілі нашы футбалісты на нядзельную сустрэчу.
Дэбют матча быў за гаспадарамі пляцоўкі. Яны трывала валодалі гульнявай ініцыятывай на палове поля «Коласа», не даючы магчымасці наладзіць асэнсаваныя дзеянні ў атацы. За першыя пятнаццаць хвілін нашы толькі аднойчы стварылі рэальную небяспеку ля варот ФК «Старыя Дарогі»: пасля ўдару Станіслава Палыніна мяч прасвістаў над перакладзінай.
А вось старадаражане неўзабаве дамагліся пенальці. У адной з атак Аляксандр Качаргін не па правілах спыніў саперніка ў штрафной пляцоўцы, і суддзя без прамаруджвання паказаў на «кропку». На шчасце, ігрок, які выконваў адзінаццацімятровы, патрапіў у перакладзіну.
Бліжэй да перапынку «Колас» перахапіў ініцыятыву ў гаспадароў поля. Цяпер ужо яны былі вымушаны ўсёй камандай адысці ў абарону.
45756Пачатак другой паловы сустрэчы нагадваў дэбют першага тайма: мячом больш валодалі футбалісты ФК «Старыя Дарогі». Аднак нашы абаронцы згулялі надзейна. А некалькі бліскучых сэйваў галкіпера чэрвеньцаў Арцёма Аўраменкі толькі дадалі ўпэўненасці камандзе.
У апошнія паўгадзіны сустрэчы ў «Коласа» шмат пачало атрымлівацца ў атацы. Асабліва небяспечнымі былі рэйды ў штрафную пляцоўку нашага нястрымнага нападаючага Аляксандра Мрынскага. Менавіта ён, атрымаўшы дакладную перадачу ад Паўла Лаўрыка, абыграў галкіпера гаспадароў поля і адкрыў лік — 1:0.
А яшчэ праз тры хвіліны актыўнасць Аляксандра прывяла да новай галявой сітуацыі ў штрафной пляцоўцы старадаражан. У барацьбе з ім мяч ад абаронцы саперніка адскочыў да Дзмітрыя Чыстага, і той не раздумваючы скіраваў яго ў сетку — 2:0.
Пасля гэтага чэрвенцы цалкам узялі гульню пад кантроль. Атака за атакай накатвала на вароты ФК «Старыя Дарогі». Канчатковы лік на табло — 3:0 на карысць нашай каманды — пад заслону сустрэчы ўсталяваў Руслан Шукеловіч.
У гэтую нядзелю «Колас» згуляе на сваім полі з дзяржынскай «Лівадыяй». Пачатак матча — у 14 гадзін.

Ігар АДАМОВІЧ. Фота аўтара



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *