Лепшы работнік спадывецкай кааперацыі

Общество

Людміла Ганчарова і Тамара Раманюк
Людміла Ганчарова і Тамара Раманюк

Магазін тавараў паўсядзённага попыту «Родны кут» у вёсцы Новыя Зелянькі, у якім працуе прадаўцом і выконвае адначасова функцыі загадчыка магазіна Людміла Платонаўна Ганчарова, абслугоўвае сямсот мясцовых жыхароў.Акрамя таго, прыязджаюць сюды на лета дачнікі, завітваюць проста падарожныя людзі. Прыгожы будынак і прыбраная тэрыторыя ля его з кветнікамі прыцягваюць увагу, нібы запрашаючы наведаць краму.

Чатыры гады таму тут зрабілі рамонт, перапланіроўку гандлёвай залы, памянялі ўсё абсталяванне: вітрыны, халадзільнікі. Зараз пакупнік сам бачыць тавар, можа прачытаць, што напісана на ўпакоўцы, прасачыць за тэрмінамі годнасці прадуктаў. Прапануецца шырокі асартымент разнастайных тавараў, як харчовых, так і прамысловых. Шмат найменняў малочных прадуктаў, мясных, паўфабрыкатаў, хлебабулачных вырабаў. Для тых, хто любіць салодкае, прапануюцца кандытарскія вырабы, печыва, цукеркі і іншае. Вялікі асартымент напояў, сокаў. Ёсць канцылярскія тавары, цацкі, мыючыя сродкі, сподняя бялізна, рушнікі, сурвэткі.
— Таваразварот у нашым магазіне павялічыўся ўдвая пасля яго рэканструкцыі, — распавяла Людміла Ганчарова. — Мы штодня папаўняем тавары нашага абавязковага асартыменту, сочым, каб на паліцах заўсёды быў свежы тавар. Акрамя таго, працуем па заяўках пакупнікоў. Такім чынам, у нас можна набыць будаўнічыя матэрыялы, тэхніку бытавую, веласіпеды і іншае. Заяўкі выконваюцца на працягу дзесяці дзён. Стараемся ў калектыве ветліва і ўважліва абслугоўваць пакупнікоў. Нараканняў на наш магазін не было. Іншы раз не хапае тытунёвых вырабаў. Тут свая спецыфіка паставак тавараў такога кшталту. Хлеб, каўбасныя вырабы, малочная прадукцыя, дзіцячае харчаванне ёсць заўсёды. Калектыў невялікі: акрамя мяне — два прадаўцы: Тамара Раманюк і Алена Качан. Прыбіральшчыцай працуе Алена Кудзін. Усе старанныя, у нас заўсёды прыгожа і ля магазіна. Гэта ўсё створана клопатам нашых жанчын.
Нараканняў сапраўды няма на работу магазіна. Жыхарка вёскі Зінаіда сказала: «Абслугоўванне добрае. Асартымент тавараў нас задавальняе. Асабліва ў перадсвяточныя дні ў магазін завозяцца розныя прысмакі — не трэба нікуды і ехаць за імі».
Людміла Платонаўна выбрала сабе прафесію раз і назаўжды. Пасля школы паступіла ў гандлёвае вучылішча, скончыла яго з «чырвоным» Дыпломам, затым паступіла ў тэхнікум. Пасля яго заканчэння па размеркаванню трапіла ў Чэрвеньскае райпо, працавала ў магазіне «Культтавары » у Чэрвені. Выйшла замуж у Новыя Зелянькі. Як скончыўся адпачынак па догляду за дзіцем, уладкавалася ў мясцовы магазін на работу. Муж Іван Леанідавіч працуе ў ЖКГ, начальнік участка ў Новых Зеляньках. У сям’і — дзве дачкі: Люда і Даша, дарослыя ўжо. Абедзве зараз жывуць у Мінску. Ёсць унучка Сашанька.
Людміла Платонаўна Ганчарова, прадавец з выкананнем функцый загадчыка магазіна №132 «Родны кут» у вёсцы Новыя Зелянькі рашэннем Чэрвеньскага райвыканкама па выніках работы за 2015 год прызнана лепшай у галіне спажывецкай кааперацыі. Яе прозвішча і фотаздымак занесены на раённую Дошку гонару.

Таццяна МАРЦЬЯНАВА. Фота аўтара



1 комментарий по теме “Лепшы работнік спадывецкай кааперацыі

  1. 27 мая 2016 года прошло собрание членов профсоюза отдела образования, спорта и туризма Червенского райисполкома.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *